Менавіта таму гісторыя гэтай бяды і гісторыя пераадолення яе наступстваў заслугоўваюць таго, каб людзі пра гэта ведалі і памяталі.
У выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС вялікія тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі былі забруджаны, сотні вёсак зніклі і тысячы людзей перасяліліся без магчымасці калі-небудзь вярнуцца назад у родныя дамы.
Наступствы экалагічнай катастрофы для Слаўгарадчыны
Нараўне з іншымі раёнамі Магілёўскай вобласці Слаўгарадскі ўвайшоў у лік найбольш пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі: уся тэрыторыя раёна ў рознай ступені трапіла пад радыёактыўнае забруджванне.
Да 1986 года ў Слаўгарадскім раёне пражывала больш за 24 тысячы чалавек, але пасля аварыі на ЧАЭС было выселена альбо самастойна пакінула раён 7,2 тысячы насельніцтва, і яно працягвала скарачацца ў наступныя гады.
На сённяшні дзень насельніцтва раёна амаль удвая меншае дачарнобыльскага часу, а сотні гектараў зямлі дагэтуль застаюцца незапатрабаванымі.
Адразу пасля аварыі на ЧАЭС былі адселены толькі дзве вёскі. Масавае адсяленне жыхароў пачалося ў 1989 годзе. За пяць год населеныя пункты раёна прыйшлося пакінуць тысячам сямей, якія з’ехалі ў Магілёў, Мінск, Дрыбінскі, Бабруйскі і Кіраўскі раёны.
У 1995-м годзе на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна ліквідаваны некалькі калгасаў і тры сельсаветы. Наогул на старадаўняй прапойскай зямлі пастрадалі ад аварыі на ЧАЭС 26 вёсак, 16 з якіх былі цалкам выселены і зніклі назаўсёды: Бахань, Добры Дуб, Кульшычы, Пчэльня, Запалянне, Дубраўка, Жаролы, Кашалёва, Дабранка, Красная Слабада, Рабінаўка, Селіўча, Старынка, Сяргееўка, Кулікоўка-1, Кулікоўка-2.
Апошнія два паселішча былі выселены толькі ў 1991 годзе і канчаткова зніклі з карты Слаўгарадскага раёна. Між іншым, Кулікоўка-1 і Кулькоўка-2 яшчэ мелі варыянтныя назвы – Кулікоўка Старая і Кулікоўка Новая.
Кароткая гісторыя двух Куліковак
Абедзьве Кулікоўкі з’яўляюцца сімваламі вынішчэння вёсак праз бяздарную палітыку савецкіх уладаў. Абедзьве вёскі мелі пэўную гісторыю, бо ўвесь прапойскі край адметны ў гістарычным плане.
Кулікоўка Старая была вядома паводле пісьмовых крыніцаў яшчэ з XVIII стагоддзя. У 1768 годзе паселішча значылася як сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве Рэчы Паспалітай і было пры гэтым шляхецкай уласнасцю. У 1799 годзе налічвала 33 двары з 341 жыхаром. У 1909 годзе вёска налічвала 41 двор.
У ёй меліся карчма, заезны дом; школа граматы, якая ў 1911 годзе ператворана ў земскую, размяшчалася ў наёмным памяшканні. Належала Кулікоўскаму 1-му сельскаму таварыству і адносілася да Баханскага праваслаўнага прыхода. Перад рэвалюцыяй Кулікоўка Старая налічвала 373 жыхара.
Кулікоўка Новая, паводле пісьмовых крыніцаў, вядома з другой паловы XIX стагоддзя, у 1873 годзе налічвала 173 жыхара. У 1909 годзе вёска налічвала 52 двары і 384 жыхары; належала Кулікоўскаму 2-му сельскаму таварыству. Перад рэвалюцыяй насельніцтва вёскі павялічылася да 390 жыхароў.
Значна пазней, ужо ў 1926 годзе, Кулікоўка Новая налічвала ўжо 611 жыхароў, а Кулікоўка Старая была ў тыя часы ў два разы менш – 306 жыхароў.
Падчас Другой сусветнай вайны жыхары Куліковак перажылі гады страшнага ваеннага ліхалецця. На ўшанаванне памяці аб трагічных падзеях Другой сусветнай вайны ў цэнтры Кулікоўкі-1 у 1976 годзе быў пастаўлены абеліск.
Помнік ушаноўваў памяць пра 20 савецкіх жаўнераў, якія загінулі ў 1943 годзе. У Кулікоўцы-2 была зроблена брацкая магіла, а недалёка ад яе пастаўлена стэла.
У той брацкай магіле каля васковых могілак былі пахаваны 11 савецкіх воінаў, якія загінулі падчас вайны, а стэла побач ушаноўвала памяць 178 землякоў, што аддалі свае жыцці на фронце і ў партызанскай барацьбе з акупацыйнымі войскамі.
Дарэчы, паводле падання, назвы вёсак паходзяць ад таго, што ў гэтых мясцінах вялося мноства птушак кулікоў. Наогул, найменне Кулікоўка неўнікальна, бо характэрна не толькі для беларускага тапанімікона. Вясковых паселішчаў з аналагічнай назвай дастаткова шмат у розных рэгіёнах Украіны (у тым ліку і ў Крыме) і Расійскай Федэрацыі.
Вёскі, што зніклі назаўсёды
На пачатку 90-х абедзве Кулікоўкі зніклі, а іх жыхары былі выселены са сваіх родных мясцінаў. У 1990 годзе Кулікоўка-2 была ў складзе калгаса імя А. А. Жданава (цэнтр знаходзіўся ў вёсцы Кульшычы, якая таксама знікла). У паселішчы знаходзілася ферма буйной рагатай жывёлы, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, пачатковая школа, клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, бібліятэка і прадуктовая крама.
У сваю чаргу Кулікоўка-1 была цэнтрам калгаса імя В. У. Куйбышава і таксама ўваходзіла ў Кульшыцкі с/с. У 1990 годзе налічвала 107 двароў са 259 жыхарамі.
У вёсцы размяшчаліся ферма буйной рагатай жывёлы, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, 8-гадовая школа, дзіцячы сад-яслі, клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, прадуктовая крама і нават аддзяленні сувязі.
Цяпер пра той час нагадваюць толькі фотаздымкі педагогаў навучальнай установы на фоне стэлы і на ганку кулікоўскай школы з сямейнага архіва. Кнігі са школьнай бібліятэкі з адпаведным бібліятэчным штампам таксама нагадваюць, што калісьці Кулікоўка-1 і Кулікоўка-2 былі жывымі паселішчамі.
Цяпер ад вёсак нічога не засталося, як ад школаў, так і ад помнікаў што з’яўляліся месцам памяці ваенных падзей. Толькі голае поле, якое парасло дрэвамі і кустоўем, ад паселішчаў няма нават і сляда….
Памяць пра зніклыя вёскі ў Слаўгарадзе
У 1996 годзе ў памяць аб гэтых падзеях у Слаўгарадзе (старажытным Прапойску) была адкрыта мемарыяльная алея ў памяць аб пахаваных вёсках, якія пастрадалі ад ЧАЭС. Яна мае назву алея «Памяці пахаваных вёсак».
У той час адноснай дэмакратыі рэалізацыя падобных ініцыятыў была магчымая, цяпер жа гэта ўявіць цяжка. Тым не менш кожны год на алеі адбываюцца мытынгі-рэквіемы памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы на Слаўгарадчыне і не толькі. На іх выступаюць ліквідатары, прадстаўнікі ўлады і праўладных грамадскіх арганізацыяй, а таксама ў абавязковым парадку ўдзельнічаюць школьнікі.
Зазвычай напярэдадні мітынгу, які адбываецца 26 красавіка (дзень выбуху на ЧАЭС) у праваслаўным храме Нараджэння Божай Маці, які датуецца XVIII стагоддзем і мае ўнікальныя старыя фрэскі, адбываецца малебен ў памяць аб ліквідатарах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і яго ахвяраў.
Прыклад знікнення вёсак Куліковак з’яўляецца ўвасабленнем той трагедыі, што адбылася ў Слаўгарадскім раёне і ва ўсёй Беларусі ад бяздарнасці, цынізма і крывадушнасці камуністычных уладаў, якіх не хвалявалі лёсы тысяч людзей. Жыхары многіх вёсак Слаўгарадчыны і іншых раёнаў Магілёўскай вобласці мусілі назаўсёды пакінуць свае дамы, частка з якіх ніколі ўжо не вярнуліся нават на магілы сваіх сваякоў.