У малалясістай мясцовасці дым а д кастроў бачны здалёк. Першы мы заўважылі ў вёсцы Ляхі. Разам з інспектарам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Кацярына Зайнутдзінавай завіталі да мясцовага жыхара, які пасля ўборкі сваёй тэрыторыі спальваў сабранае смецце.
– Зараз, пакуль гэта не стала масавай з’явай, мы толькі праводзім тлумачальныя гутаркі, парушальнікам выносім папярэджанні адносна выканання правілаў бяспекі, – расказвае Кацярына Алегаўна. – Але грамадзянам варта ведаць, што арт.15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжвае і штрафныя санкцыі ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.
Аб гэтым папярэджваецца і жыхар в.Ляхі, хаця мужчына прыняў некаторыя меры па захаванні бяспекі: напрыклад, касцёр быў абкапаны зямлёй, на ўсялякі выпадак побач знаходзілася рыдлёўка. А вось вядро з вадой прынесці да месца спальвання смецця яго прымусіла інспектар.
У гэты час увага пажарных прыкавана да сельскіх населеных пунктаў, бо ў гарадской забудове: райцэнтры, г.п.Ружаны або ў в.Новыя Засімавічы – кастры распальваюць радзей. Праязджаючы міма навазасімавіцкіх шматпавярховак, мы пераканаліся ў гэтым. І зусім іншае ўбачылі адразу на ўездзе ў Парасляны: з аднаго з прысядзібных участкаў вецер разносіў па вёсцы дым. Гаспадыня падкідвала ў касцёр зрэзанае галлё ды сухую расліннасць. А ў некалькіх метрах побач... была звалена салома. Вецер дзьмуў не ў той бок, але ён быў не такі слабы. А раптам зменіцца яго напрамак? Менавіта гэта пытанне задала гаспадыні інспектар.
— Як будзеце тушыць, калі загарыцца салома і пачнецца пажар? Побач з вамі няма ні вядра з вадой, ні рыдлёўкі, ды і вы самі каля агню ў такім абутку, што нават прытаптаць не зможаце.
Адразу было бачна, што касцёр у гэтым месцы раскладваецца гаспадарамі не ў першы раз, прычым збіраецца даволі немалая куча смецця, якая тут жа і паліцца. Ды і дзень выбіраецца такі, які гаспадарам зручней, нягледзячы на тое, што дым ідзе на суседнія дамы.
Інакш плануе сваю ўборку ўладальнік дачы ў в.Жадзены А.А.Жук: мужчына назбіраў смецця, але спецыяльна дачакаўся таго дня, калі вецер павярнуў ад суседніх дамоў у чыстае поле. Як расказвае гаспадар, усё назапашанае адразу не спальвае, а толькі па частках, каб агонь не набыў неўтаймаваную моц. Сам абавязкова знаходзіцца побач, трымае напагатове вядро з вадой і рыдлёўку.
— Усялякія выпадкі здараюцца, можа наляцець моцны вецер і раскідаць запаленае смецце. Гэта ж дом маіх бацькоў, дзе прайшло маё дзяцінства! І варта шанаваць усё, што яны зарабілі за сваё цяжкае жыццё.
Са словамі такога руплівага гаспадара пагадзілася і інспектар, якая са свайго боку яшчэ раз нагадала, што ніякіх забаронных мер супраць падобнага спальвання не прадугледжана, проста варта выконваць правілы бяспекі. Яны неабходны, у першую чаргу, самім людзям, каб захаваць сваё жыццё і маёмасць.