04.06.2021 / 09:06

У Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. былі артыкулы, якія абараняюць дзікіх жывёл і пчол. Статут быў папярэднікам Канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 г. Яна лічыцца першай канстытуцыяй у Еўропе і другой у свеце пасля Канстытуцыі ЗША. Праўда, ёсць нюанс: яшчэ ў 1755 г. ухвалена Канстытуцыя Корсікі.

Ужо ў беларускім звычаёвым, непісаным, праве існавалі нормы, якія рэгулявалі стаўленне чалавека да прыроды. Са з’яўленнем кадыфікаваных законаў правілы прыродакарыстання ўжо вызначала дзяржава. Вяршыняй юрыдычнай думкі Вялікага Княства Літоўскага лічацца яго Статуты 1529, 1566 і 1588 гадоў.

Апошняе выданне мае 14 раздзелаў, адзін з якіх фактычна прысвечаны экалогіі. Гэта раздзел 10 “Аб пушчах, ловах, бортным дрэве, азёрах і сенажацях”. Праўда, па прачытанні складаецца ўражанне, што абараняецца не столькі прырода, колькі маёмасныя правы ўладальнікаў.

Гісторык Таісія Доўнар у каментары да выдання Статута 1588 г. адзначае: “Нормы раздзела 10 прысвечаны не толькі абароне феадальнай зямельнай уласнасці, але і рэгламентацыі лясных промыслаў, ахове прыродных багаццяў і навакольнага асяроддзя.

Замацоўваецца парадак карыстання зямельнымі і ляснымі ўгоддзямі (пушчамі, рэкамі, азерамі і інш.), рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з паляваннем, рыбнай лоўляй, бортніцтвам і г.д. Пад аховай закона знаходзяцца флора і фауна. Аб гэтым сведчыць вызначэнне штрафа за разбурэнне птушыных гнёздаў, даволі поўная рэгламентацыя штрафаў за дзікіх звяроў (арт.2), заканадаўчае замацаванне тэрмінаў палявання (арт. 18) і шмат іншае”.

У любым выпадку, экалагічныя пытанні ў ВКЛ лічыліся такімі ж істотнымі, як асоба вялікага князя, абарона дзяржавы, шляхецкія вольнасці, суды, маёмасныя правы жанчын, пытанні спадчыны, правілы гандлю, крымінальнае права, якім таксама прысвечаны асобныя раздзелы Статуту 1588 г.

Вось некаторыя цікавыя вытрымкі са Статуту:

 

Артыкул 1.

…если бы хто стрельцовъ послалъ у чужую пущу або самъ таемне звер побилъ, тогды, если будеть то на него слушнымъ доводомъ переведено, колко зверу убито, таковый маеть за кождое звера платити по тому, яко нижей описано… А за вину, же у чужую пущу стреляти ходилъ, маеть седети у везенью в замку або в дворе нашомъ шесть недель и не маеть быти выпущонъ з везенья, ажъ за зверъ заплату учынить.

"…калі б хто стральцоў выслаў у чужую пушчу альбо сам таемна пабіў звера, тады, калі будзе даказана, колькі звера забіта, ён павінны за кожнага звера заплаціць, як ніжэй апісана… А за віну, што ў чужую пушчу страляць хадзіў, павінны сядзець у вязніцы ў замку альбо ў двары нашым шэсць тыдняў і не павінны быць адпушчаны з вязніцы, пакуль не заплаціць за звера".

 

У Артыкуле 2 пазначана, колькі ж трэба заплаціць за кожнага забітага звера:

Уставуемъ цену зверомъ дикимъ, которое бы черезъ кого было убито у чужой пущы: за зубра дванадъцать рублей грошей, за лося шесть рублей грошей; за оленя або за ланю шесть рублей грошей; за медьведя тры рубли грошей; за коня або за кобылу дикую тры рубли грошей; за вепра або за свинью рубль грошей; за саръну копу грошей; за рыся три рубли грошей; за соболя два рубли грошей; за куну полъкопы грошей.

"Усталёўваем цану за дзікіх звяроў, якія кімсьці забітыя ў чужой пушчы: за зубра – 12 рублёў грошаў, за лася – 6 рублёў грошаў, за аленя альбо за лань – 6 рублёў грошаў, за мядзведзя – 3 рублі грошаў, за каня альбо кабылу дзікую – 3 рублі грошаў, за вепрука альбо за свінню – рубль грошаў, за сарну – капу грошаў, за рысь – 3 рублі грошаў, за собаля – 2 рублі грошаў, за куну – паўкапы грошаў). Рубель раўняўся 100 грошам, а капа – 60 грошам. Такім чынам, зубр, як сапраўдны кароль беларускіх жывёл, ацэньваўся найдаражэй, а мядзведзь “каштаваў” танней за лася і лань".

 

Артыкул 3.

которые мають борти свои в пущы нашо[й], г[о]с[по]д[а]рской, або тежъ князской, паньской и земяньской… тогды… ехати волно, а собаки ему не брати, ани рогатины, ани жадное стрелбы, чым бы мелъ в зверу шкоду учынити.

А бортникомъ волно на лезиво лыкъ… и на инъшые потребы… тыле, иле имъ потреба будетъ, възяти што можеть на собе занести, а не возомъ вывезти.

А тотъ, в чыей пущы озера, сеножати и боръти будуть, такъже тыхъ чужыхъ входов в своей пущы отняти не можеть. А кгды пущу свою ростеребливати всхочеть, не маеть борътямъ и дереву борътному жадное шкоды чынити”.

"Хто мае борці сваі ў пушчы нашай гаспадарскай (вялікакняжацкай). Альбо таксама княскай, панскай і зямянскай… тады <да сваёй борці> ехаць можна, а ні сабакі, ні рагаціны, ні стрэльбы, чым можна б учыніць шкоду <дзікаму> зверу, не браць.

А бортнікам можна лыка на лезіва (прылада, каб караскацца на дрэва)… і іншыя патрэбы… столькі, колькі ім будзе патрэбна, узяць, колькі можа на сабе прынесці, а не возам вывезці.

А той, у чыіх пушчах азёры, сенажаці і борці будуць, таксама тых чужых уваходаў у свае пушчы адабраць не можа. А калі пушчу сваю захоча расцерабіць, не павінны борцям і бортнаму дрэву чыніць ніякай шкоды”.

Як бачым, тут замацоўваецца норма дасяжнасці азёр і сенажацяў у прыватных лясах, дазвол трымаць там борці, ахоўваюцца пчолы і дзікія звяры, а таксама дрэвы ад празмернага абдзірання з іх лыка.

 

Артыкул 8 кажа пра ахову дзікіх птушак:

хто бы кому соколье гнездо сказилъ або подрубалъ… або з гнезда соколы молодые побралъ… тогды тому, в чией пущы тое гнездо скажено, маеть заплатити шесть рублей грошей. Тымъ же обычаемъ, кгды бы хто з лебединого гнезда яйца побралъ або гнездо розметалъ, тогды… маеть заплатити три рубли грошей”.

"Хто б каму сакалінае гняздо пашкодзіў альбо парубаў… або пабраў бы з гнязда маладых сокалаў… тады таму, у чыёй пушчы тое гняздо пашкоджана, павінны заплаціць шэсць рублёў грошаў. Тым жа звычаем калі б хто з лебядзінага гнязда пабраў яйкі, альбо размятаў гняздо, тады… павінны заплаціць тры рублі грошаў".

 

Артыкул 9. О бобровые гоны (аб бабровых гонах).

если бы подъ зеремена подъоралъ або сеножати подъкосилъ, або лозу подърубал, а тымъ бобры выгонилъ, таковый маеть платити дванацат рублей грошей, а тому зеремени предсе маеть упокой дать такъ далеко, яко бы могъ киемъ докинути. Пакли бы хто кгвалътомъ бобры побилъ або злодейскимъ обычаемъ выкралъ… тогды маеть платити за чорного бобра чотыри копы грошей, а за карого – две копе грошей”.

"Калі б хто пад <сховішча баброў?> падараў ці сенажаці падкасіў, або лазу падсёк, і тым самым выгнаў баброў, то павінны плаціць 12 рублёў грошаў, а таму сховішчу павінны даць спакой так далёка, каб можна было дакінуць камянём. Калі б хто гвалтам баброў пабіў ці па-злодзейску выкраў… той мусіць плаціць за чорнага бабра чатыры капы грошаў, а за карага – дзве капы грошаў”.

Вось гэта, без сумніву, экалагічны артыкул: ахоўваецца экасістэма, у якой жывуць бабры.

 

У артыкуле 17 гаворыцца пра штрафы за наўмысныя падпалы, але калі чалавек прысягае, што ўчыніў лясны пажар незнарок, то вызваляецца ад выплаты. Гэты артыкул таксама экалагічны, накіраваны на ахову навакольнага асяродку.

У артыкуле 18 заканадаўчае замацоўваліся тэрміны палявання: “от свята семое суботы аж до зебранья с пол[ь] всякого збож[ь]я” (ад свята сёмай суботы (верагодна, па Вялікадні) да збору з поля ўсялякага збожжа” – цалкам сабе сучасная норма.

 

Ці можна лічыць Статуты ВКЛ першай еўрапейскай канстытуцыяй?

Канстытуцыя ў сучасным разуменні – гэта кадыфікаваны асноўны закон, які зафіксаваны пісьмова і замацоўвае падзел улады на тры галіны – заканадаўчую, выканаўчую, судовую.

Гісторык Андрэй Радаман тлумачыць: “Статуты ВКЛ былі актамі кадыфікацыі норм розных галін права. У тым ліку норм права “земскага” – дзяржаўнага, ці як сказалі б сёння, канстытуцыйнага.

Разам са Статутам дзейнічалі і іншыя акты і дагаворы, якія змяшчалі нормы канстытуцыйнага права – Генрыкавы артыкулы 1573 г., ухвалы (іх, дарэчы, звалі «канстытуцыі») вальных (агульнадзяржаўных – рэд.) соймаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай абодвух народаў, а таксама галоўных з’ездаў ВКЛ.

Першай уласна Канстытуцыяй у сучасным разуменні прынята лічыць Канстытуцыю ЗША 1789 г., але раней, у 1755 г., была ўхвалена менш вядомая Канстытуцыя Корсікі”.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1791 г. – гэта не толькі сам тэкст “Урадавай Уставы”, прыняты 3 мая, але і шэраг канстытуцыйных законаў з ёй звязаных, прынятых у тым жа годзе – “Сойм”, “Соймікі”.

Але Канстытуцыя, хоць і мела пераемнасць са Статутамі ВКЛ, ужо не вырашала такіх прыватных пытанняў, як экалагічныя.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость