У любога чалавека ёсць свае інтарэсы: хтосьці любіць чытаць, нехта не ўяўляе свайго жыцця без спорту, і гэты шэраг можна працягваць да бясконцасці. Я не з’яўляюся выключэннем, і маё захапленне – атрымліваць асалоду ад цудоўных краявідаў ды клапаціцца пра прыроду.
Праект выдатна мне пасаваў, і я адразу адчуў, што не прыняць удзел у ім было б вялікай памылкай, бо такая магчымасць даецца далёка не кожнаму. Менавіта таму я прыклаў максімум намаганняў для таго, каб мяне адабралі, і паверце мне, гэты час быў чароўным.
Дарога да першага кемпінга заняла суткі, але ўсім гэта было толькі ў радасць, бо ў нас была выдатная магчымасць пазнаць адно аднаго лепей! І нават залевы, якімі нас сустрэла Германія, не маглі азмрочыць нашага настрою. І вось мы ўжо на месцы. На беразе маленькага выдатнага возера. Мы бачым людзей, якія нам машуць і чуем два запаветныя словы: “Сардэчна запрашаем!”.
Першыя дні надвор’е паказвала нам зубы: дождж, золь, вецер, халадэча. Але менавіта дзякуючы такому пачатку нам удалося ўсталяваць выдатныя адносіны паміж усімі ўдзельнікамі, бо нішто так не збліжае як праца над адной агульнай справай. А справаў было нямала. Агульнымі намаганнямі мы стварылі камфортныя для ўсіх ўмовы ўжо ў першы дзень. Пабачыўшы гэта, надвор’е вырашыла змяніць свой суровы нораў на сонечныя і цёплыя дзянькі. Такое надвор’е адлюстроўвае атмасферу, якая лунала на працягу ўсяго часу: цёплую, гасцінную, сяброўскую.
Больш за ўсё мяне ўразіла праца арганізатараў. Любое пытанне вырашалася ў самыя кароткія тэрміны, што не магло не радаваць. Агмень, які гарэў у іх у вачах, не мог не падахвочваць нас выкладвацца напоўніцу. Бо тут было ўсё: цікавыя і актуальныя для чалавецтва пытанні па ахове навакольнага асяроддзя, розныя спартыўна-пазнавальныя мерапрыемствы, якія дазваляюць авалодаць новымі навыкамі, культурна-нацыянальныя вечарыны, якія распавядалі нам пра гісторыю, норавы ды традыцыі краін-удзельніц (Беларусь, Германія, Нарвегія, Люксембург, Македонія, Грузія, Эстонія).
Кожны дзень мы абмяркоўвалі найбольш вострыя пытанні, з якімі людзі сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці: генна-мадыфікаваныя прадукты, забруджванне навакольнага асяроддзя, сартаванне смецця, глабальнае пацяпленне. Мы разбіваліся на транснацыянальныя групы, абмяркоўвалі разам пытанні, дзяліліся сваім жыццёвым досведам, распавядалі пра стаўленне нашых краін да гэтага пытання. Далей пытанне выносілася на міжгрупавую дыскусію. І самае галоўнае, арганізатары не былі паасобку, яны распавядалі нам тое, чаго мы не ведалі, тое, пра што забылі ўзгадаць. Усё праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы і на свежым паветры. Незабыўна!
А ці варта згадваць, што абмеркаванні былі разбаўленыя рознымі спартовмі падзеямі? Я на 100% упэўнены, што ні адзін удзельнік праекта, адкуль бы ён ні быў, ніколі не забудзе ашаламляльнага джунглі-парку. Тры гадзіны, праведзеныя ў спецыяльнай амуніцыі на вышыні ад 6 метраў спадабаліся нават тым, хто не выяўляў моцнага жадання наведаць гэта месца. А выдатная паездка на ровары 45 км па маляўнічых краявідах не толькі нікога не стаміла, а наадварот, падштурхнула многіх перасесці на ровар у сваіх родных гарадах (і я не выключэнне). Не магу не згадаць навыкі арыентацыі на мясцовасці і чытання карты, якім нас навучылі шляхам захапляльнай гульні.
Кожны дзень абмена быў напоўнены сваімі фарбамі і па-свойму незабыўным. Кожны ўдзельнік знайшоў нешта сваё, кожны меў магчымасць навучыцца таму, што было для яго цікава і незнаёма. Мы завялі мноства сяброў, і повязі гэтага сяброўства будуць моцныя, ужо паверце мне. Нягледзячы на тое, што мы ўжо вярнуліся, гэтыя 10 дзён назаўжды застануцца ў нашым сэрцы.
Праект адбыўся ў межах праграмы “Эразмус+” пры падтрымцы нямецкай грамадскай арганізацыі “Natur Kultur” у партнёрстве з ГА “Цэнтр “Трэці Сектар”.