Тады грамадскасці ўдалося спыніць высечку дрэваў у самым пачатку. Рабочыя з’ехалі, кінуўшы рэшткі ад дрэваў і кустоў, якія яны паспелі ссекчы. Днямі Адміністрацыя Чыгуначнага раёна Гомеля ініцыявала каля крыніцы суботнік.
Дарэчы, як паведамлялі раней нашаму парталу ў адміністрацыі, чыноўнікі нічога не ведаюць аб планах епархіі. Прынамсі, нейкай праектнай дакументацыі на такія работы ў адпаведныя аддзелы органа ўлады не паступала. А ссечаныя дрэвы спецарагнізацыяй былі прызнаныя, нібыта, аварыйнымі.
Тым не менш, дрэвы былі жывымі, зялёнымі і ад іх высечкі на падыходах да крыніцы засталіся вялікія кучы галля. Цяпер яно пасохла, лісце абпала і выгляд стаў не самым прывабным. Напэўна гэта і падштурхнула ўлады да правядзення суботніка. Супрацоўнікі адміністрацыі, настаўнікі і вучні прылеглых школаў, некалькі чалавек у цішотках і кепках з надпісам «БРСМ», а таксама жынчыны ў манаскіх адзеннях (відавочна, прадстаўніцы епархіі) – тыя, каго давялося пабачыць каля крыніцы ў дзень суботніка.
А напярэдадні, а 20-й гадзіне вечара супрацоўнікі адміністрацыі вырашылі прапанаваць паўдзельнічаць у акцыі і кіраўніку Гомельскай гарадской арганізацыі Беларускай партыі зялёных Юрыю Глушакову. «Зялёныя» паспелі за ноч сабраць 5 актывістаў, якія не прамінулі магчымасці папрацаваць фізічна на карысць прыроды горада.
– Мы пагадзіліся, таму што лічым, што як бы мы не змагаліся з палітыкай нашых гарадскіх уладаў, якія апошнім часам спрабуюць зрабіць наш горад бетоннай пустыняй, мы гатовыя падтрымліваць любыя канструктыўныя прапановы з іх боку. Мы гатовыя і пратэставаць, і працаваць! – заявіў Юрый Глушакоў.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Надзея Куніцкая адзначыла ў інтэрв’ю Гомельскаму Зялёнаму парталу, што ў адміністрацыі зацікаўленыя ў дыялогу і ў тым, каб ад супрацоўнікаў органа ўлады заўжды можна было атрымаць кампетэнтны каментар на любы конт, а гэты суботнік паслужыў момантам яднання ўсіх, хто зацікаўлены ў тым, каб раён стаў прыгажэйшым.
– Сёння мы тут наводзім парадак. Тут былі знесеныя аварыйныя дрэвы, якія стваралі небяспеку і не самы прыгожы выгляд. Больш нічога высякаць тут не плануецца, але будзе падтрымлівацца чысціня і належны стан. Добра будзе, калі мы гэта будзем рабіць сумесна з грамадскасцю, – удакладніла Надзея Куніцкая.
Нават тыя ўдзельнікі суботніка, якія не ведалі аб планах змены наваколля, здзіўляліся, калі ім паведамлялі, што натуральныя дрэвы меркавалася замяніць туямі, тратуарнай пліткай і бетонам.
Цяпер жыхары Гомеля спадзяюцца, што словы чыноўніцы спраўдзяцца, і прыродны асяродак каля крыніцы сапраўды ніхто не будзе нішчыць.