Аднак не заўсёды абставіны назіранняў і доказы ў іх падтрымку адназначныя і не выклікаюць сумневаў. Так атрымалася сёлета з рэгістрацыяй амерыканскай свіцьвы на балоце Грайна (хутчэй за ўсё адзначаны самец быў гібрыдам паміж амерыканскай і “нашай” свіцьвай, аднак неабходны дадатковы прагляд здымкаў бліжэйшых да самца самак, якія вельмі падобныя ў абодвух відаў, усё ж пакідаюць надзею на тое, што новы від заляцеў у Беларусь).
У панядзелак Дзмітры Вінчэўскі са студэнтамі-заолагамі пятага курса праводзіў арніталагічную экскурсію, якая праходзіла па беразе Нёмана. На сайце birdwatch.by/ Дзмітры выклаў свае назіранні за імаверна новым для нашай краіны відам птушак:
- На жаль, надвор’е нам не спрыяла: ў паветры літаральна вісеў дробны дожджык і я вырашыў не браць з сабой фотакамеру. Так атрымалася, што хутка я аб гэтым пашкадаваў.
За станцыяй ОСВОДа на Нёмане сярод чародкі звычайных у горадзе качак-крыжанак нечакана плавалі дзве гусі. Хуткі погляд праз трубу паказаў іх відавыя рысы: светлае пуза, цёмную голаву і шыю, невялікую чорна-аранжавую дзюбу, і я іх вызначыў і паказаў студэнтам як гусей-гуменніц (A. fabalis). Гусі не вельмі нас баяліся, аднак без фотаапарата не было і сэнсу да іх набліжацца, і мы пайшлі далей, да вусця р.Ласасянка, дзе наша экскурсія скончылася. Увесь гэты час ува мне рос сумнеў наконт правільнага вызначэння гусей. Бо іншы від – караткадзюбая гуменніца - вельмі падобны і адрозніваецца найперш у палёце (светла-шэрымі зверху крыламі і параўнальна невялікай цёмнай палоскай на белым зверху хвасце), або стоячы на цвёрдай паверхні колерам неаперанай часткі ног – яны ў караткадзюбых гуменніц ружова-чырванаватыя ў адрозенне ад аранжавых у гуменніц.
Усяго гэтага я бачыць не мог, бо гусі плавалі. Таму вырашыў вярнуцца дахаты за камерай і пасля яшчэ раз разгледзець-пафатаграфаваць падазроных птушак. Калі я вярнуўся на “гусінае” месца, гусей там не было, аднак затока, дзе яны раней плавалі з качкамі, часткова заходзіла за пабудовы ОСВОДа, і я пачаў спускацца з абрывістага берагу ўніз, каб мець магчымасць праглядзець і тую, схаваную ад мяне частку затокі. У гэты час я пачуў плёскат вады і шум ад дзясяткаў узлятаючых з ракі птушак – з-за будынкаў выплыла байдарка, якая і спалохала ўсіх вадаплаўных. На шчасце для мяне, узляцелі і гусі, з якімі атрымалася зрабіць некалькі далёкіх і не зусім рэзкіх здымкаў. Гусі рабілі спробу нават вярнуцца на старое месца адпачынку і разварочваліся ў мой бок. Але потым змянілі кірунак палёту яшчэ раз і адвярнулі ў бок ад Нёмана недзе перад Ласосна.
Ранішняя праверка гэтага месца Мікалаем Гулінскім па маёй просьбе ў аўторак не дала станоўчых вынікаў, і для вызначэння віду маем толькі мае здымкі, на якіх бачны вельмі светлыя зверху крылы, параўнальна белы хвост і кароткая (?) шыя. Першыя дзве падобныя рысы могуць быць бачныя ў палёце і ў шэрых гусей (A. anser), аднак іх мы можам выключыць, бо я добра бачыў птушак раней у трубу, і гэта не былі шэрыя гусі. Такім чынам, застаюцца толькі караткадзюбыя гуменніцы – новы від для нашай арнітафауны.
Аднак і з гэтым не ўсё так проста, як хацелася б. Па-першае, гэтыя гняздуючыя выключна ў тундры Ісландыі, Грэнландыі і на востраве Свальбард гусі хутчэй за ўсё рэгулярна залятаюць у нашу краіну падчас міграцый, і паляўнічыя не аднойчы пісалі на сваіх форумах пра тое, што яны здабывалі гэты від у нашай краіне. Але да апошняй вясны доказаў гэтага навукоўцы не бачылі, а без іх заносіць новы ці нават толькі рэдкі залётны від у спіс нашай арнітафауны мы не маем права, каб не ствараць непраўдзівых фактаў. А гэтай вясной як мінімум адзін здымак з забітай у Беларусі караткадзюбай гуменніцай быў на форумах паляўнічых выяўлены і будзе разглядацца – разам з нашым выпадкам – Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй. Таму, калі абедзве рэгістрацыі будуць прызнаныя і зацверджаныя БАФК, першай рэгістрацыяй будзе вясновая забітай птушкі, а наша – другая і першая прыжыцёвая.
Калі мінулагодняя і сёлетнія рэгістрацыі пячураўкі-зарнічкі, сёлетняя амерыканскай свіцьвы і караткадзюбых гуменніц будуць зацверджаны БАФК, у спісе нашых птушак за ўсю гісторыю іх даследаванняў будзе 328 відаў.