Цяпер замест заяўленага наваселля (у доме заставалася толькі паставіць вокны і выканаць унутраныя работы) пара запрашае сяброў і проста неабыякавых людзей на талаку.
У гэтую нядзелю дапамагчы разабраць наступствы пажару праехалі з Віцебска два чалавекі. Але справа не ў колькасці народу: за неколькі гадзін працы госці амаль ачысцілі пляцоўку перад домам ад згарэлых бярвенняў і падпаленай саломы. Дапамагчы сям'і гатовыя і суседзі.
Прадпрымальнік, уладальнік брэнду belarusam.by Уладзімір Рамановіч упэўнены, што прычына пажара у недабудаваным доме – падпал:
– Пажарнікі нас запэўнілі: гэта або падпал, або неасцярожнае выкарыстанне агня. Яны высветлілі, што ўсё адбылося ад крыніцы, якая была занесена звонку. Зразумела, мы гэтага зрабіць не маглі: пяць год будаваць, а потым спаліць – гэта не лагічна, тым больш незакончанае будаўніцтва не было застрахавана, гэта немагчыма зрабіць па законе.
Зараз гаспадары не толькі прыбіраюць тэрыторыю, але і спрабуюць уратаваць тое, што не пашкодзіў агонь. Уладзімір старанна выкручвае шурупы, а моцныя дошкі і слупы просіць адкідваць у асобны стос. Вядома, для новага дома матэрыялы, што пабывалі ў агні, ужо не прыдатныя, але для плота іх цалкам можна выкарыстаць.
Новы дом, які прадпрымальнік плануе пачаць будаваць ужо гэтай вясной, таксама будзе ўзведзены з саломы, сям’я не плануе адмаўляцца ад экалагічных тэхналогій.
– Шмат хто раіў нам забыцца на саламянае будаўніцтва, аддаць перавагу цэгле ці блокам, – гаворыць Уладзімір Рамановіч. – Але мы і сваю новую хату на месцы спаленай будзем узводзіць з саломы. Акрамя таго, што мы хочам, каб нашы дзеці раслі ў экалагічным доме, ёсць яшчэ некалькі прычын для гэтага. Па-першае, нам не давядзецца перарабляць падмурак, які зроблены адмыслова пад саламяны будынак. А па-другое, такі дом патрабуе менш выдаткаў на ўзвядзенне, а потым – на ацяпленне.
Пажарныя, якія прыехалі на выклік у 3 гадзіны ночы, зазаначылі, што канструкцыя дома даволі моцная. Хібы будаўніцтва ёсць, але іх прычына – не ў абранай тэхналогіі. Да і сам гаспадар звярнуў увагу на тое, што большая частака сцен, якія былі атынкаванымі звонку, нават не патрэскаліся. Іх разбурылі пажарныя, каб дабрацца да саламянага начыння, якое пачало тлець. Галоўная праблема знішчальнай сілы пажару ў тым, лічыць гаспадар, што ён не паспеў атынкаваць сцены знутры:
– Больш гарэла ўнутры: лагі, распушчаная салома, якую не паспелі ўкласці і зацюкаваць. Калі б я паспеў атынкаваць сцены, магчыма, агонь распаўсюджавўся б не так хутка. Але ад пажару не застрахаваны ніхто: гарыць і драўляная хата, і саламяная.
Даведаўшыся пра бяду сям’і Рамановічаў, карыстальнікі сацыяльных сетак пачалі прапаноўваць грашовую дапамогу. Але маладыя людзі зазначаюць, што не хацелі б выглядаць жабракамі. А вось дапамогу ў выглядзе працоўных рук прымуць з вялікім задавальненнем. Тым больш у валанцёраў будзе цудоўная магчымасць не толькі папрацаваць у добрай кампаніі, але і адкрыць для сябе тэхналогіі таннага экалагічнага будаўніцтва. Што найбольш каштоўна – адаптаванага да нашых рэалій.
Так, напрыклад, не знайшоўшы ў Беларусі гаспадарку, што гатова прадаць для будаўніцтва салому, сабраную ў цюкі (замест рулонаў), Уладзімір навучыўся рабіць блокі з распушчанай саломы. Гэта змены ў тэхналогіі, але, як аказалася, яны працуюць.
Таксама сям’і можна дапамагчы, аддаўшы перавагу таварам з нацыянальнай сімволікай брэнду belarusam.by.
Малодшы трохгадовы сын Уладзіміра Рамановіча Мілаш аўтарытэтна зазначае:
– Тата будаваў дом, але ён згарэў. Зараз тата ўсё разбярэ і пабудуе новы.
Новы дом Уладзімір Рамановіч плануе ўзвесці нашмат хутчэй, спадзеючыся на набітую руку і добра асвоеныя тэхналогіі. Каробка, па яго разліках, павінна быць гатова да восені: старэйшы сын Марыюш сёлета стане першакласнікам і маладая сям’я хацела б наладзіць для хлопчыка асобнае рабочае месца ўжо ва ўласным, а не бабуліным доме.