Відэа тэлеканала Белсат.
Жыхары вуліцы Касмічнай Гомля ўсхваляваныя высяканнем рэліктавага лесу, што раптоўна распачаўся ў іхным раёне. Дрэвы пачалі знішчаць акурат у той час, калі ў дзяржаўных медыях з’явілася навіна, што ўлады маюць намер вярнуць гораду статус зялёнага.
Паводле мясцовых жыхароў, чыноўнікі запэўнілі іх, што высяканне санітарнае і спілуюць усяго некалькі дзясяткаў дрэваў. Але гэтай інфармацыі людзі не давяраюць і лічаць, што знішчэнне дрэваў будзе працягвацца, бо тэрыторыя адведзеная пад будоўлю новага жылля.
Жыхары вул. Касмічнай:
«Абяцалі, што тут будуць будаваць дамы, але, калі пачнуць будаваць, – усе дрэвы павысякаюць, пакінуць некалькі і ўсё, тут нічога не будзе». «Усе супраць высякання лесу, я яшчэ не чула, каб нехта быў за, усе супраць».
Скардзіліся незадаволеныя жыхары ўва ўсе мясцовыя інстанцыі, але сэнсоўнага адказу не атрымалі, а найбольш нараканняў на адсутнасць кантакту з мясцовымі ўладамі, у тым ліку са старшынём гарвыканкаму Пятром Кірычэнкам.
Сяргей Ганчароў, жыхар вул. Касмічнай:
«Прапаноўвалі спадару Кірычэнку – давайце выйдзем адзін аднаму і развяжам гэтае пытанне разам – улады і народ, колькі нас там прагаласавала. Але насустрач нам ніхто не пайшоў, колькі ні пісалі – адпіскі адпіскі ды адпіскі».
У камітэце архітэктуры і будаўніцтва Гомельскага аблвыканкаму супакойваюць, што новыя дамы будаваць сапраўды будуць, але лесу гэта не закране.
Святлана Кухацкаволец, камітэт архітэктуры і будаўніцтва гомельскага аблвыканкама:
«Гэта зялёная зона агульнагарадскога значэння. У адпаведнасці з генпланам, там дзе знаходзіцца жылая забудова – там плануецца будова групы жылых дамоў без маштабнага высякання».
За Лешчынецкі лес мясцовыя жыхары актыўна змагаюцца з мінулага года – тады яны перамаглі ў грамадскім абмеркаванні ў пытанні будоўлі тут жыллёвага комплексу. Апроч таго, што гэта адзіная экалагічна чыстая зона ў прамысловым раёне, у лесе масавыя пахаванні людзей.
Яўген Меркіс, гісторык:
«Там у 30-ыя гады быў перасыльны пункт, лагер для зняволеных, для тых, хто потым станавіўся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Таксама ёсць звесткі, што там адбываліся і расстрэлы, а не толькі часовы лагер быў. Ёсць інфармацыя, што там было і месца, дзе немцы здзяйснялі расстрэлы падчас Другой сусветнай вайны».
Парэшткі ахвяраў у Лешчынецкім лесе аніяк не даследаваныя і не ўшанаваныя, дрэваў паціху менее. Мясцовыя ж жыхары збіраюцца сачыць, каб санітарнае высяканне не абярнулася расчышчэннем пляцоўкі для будовы.
Чытайце таксама:
За последние годы Гомель лишился статуса одного из самых зелёных городов Беларуси