– Нас вельмі ўражвае тое, што гамельчукі жвава адгукнуліся на нашу просьбу па зборы рэчаў: з усіх куткоў горада да нас зараз вязуць адзенне, абутак, посуд і ўсё тое, што можа камусьці спатрэбіцца. І галоўнае: у людзей з’явілася магчымасць зрабіць гэта ў зручны час – каля нашага Пакоя міласэрнасці з’явіўся спецыяльны кантэйнер, – распавядае прадстаўніца Чырвонага крыжа, старшыня Савецкай раённай арганізацыі г. Гомеля Таццяна Макарава, зазіраючы ўнутр яго.
Канструкцыя кантэйнера вельмі ўдалая: пакінуць рэчы даволі проста праз спецыяльную шчыліну (праз яе ж і лёгка прагледзець, ці з’явілася там нешта новае), у той жа час ападкі ці, напрыклад, дапытлівыя дзеці ўнутр ніяк не трапяць. Прыклад такого кантэйнера мясцовыя ўлады «падгледзелі» за мяжой і спецыяльна замовілі адзін асобнік для свайго горада – пратэставаць.
– Кантэйнер набыла адміністрацыя Савецкага раёна, і ён пакуль адзіны ў горадзе. З цягам часу стала зразумела: попытам карыстаецца. Таму хутка скрыні для збору рэчаў з’явяцца таксама ў Цэнтральным, Чыгуначным і Навабеліцкім раёнах, – паведамляе Таццяна Макарава.
Звычайна ў кантэйнер трапляюць пакункі з добрымі рэчамі, чыстымі, выпрасаванымі і старанна складзенымі
Яна адзначае, што жыхары Гомеля вельмі ўважліва ставяцца да просьбы прыносіць толькі чыстыя і цэлыя рэчы.
– Бывае, што мы знаходзім у кульках з адзеннем цэтлікі з хімчысткі, што мяне асабіста вельмі кранае, – кажа прадстаўніца Чырвонага крыжа. – Мы ўсё адно адпраўляем рэчы на санітарную апрацоўку перад тым, як раздаваць іх, але многія спрабуюць скараціць ланцужок – жадаюць, каб рэчы хутчэй знайшлі новага гаспадара ці гаспадыню.
Хоць і бываюць выключэнні, але звычайна ў кантэйнер трапляюць пакункі з добрымі рэчамі, чыстымі, выпрасаванымі і старанна складзенымі.
– Дзіцячае адзенне заўсёды вельмі добрай якасці, вельмі часта – новае. Дзеці растуць хутка і не паспяваюць насіць усё, што для іх назапасілі сямейнікі, родзічы і сябры бацькоў, – разважае суразмоўца.
Шмат сюды трапляе жаночых рэчаў – ад ботаў і спадніц да верхняй вопраткі і нават святочных сукенак. Можа быць, таму, што жанчыны часцей пераглядаюць шафу і набываюць нешта свежанькае, пазбаўляючыся ад таго, што надакучыла насіць. А вось з мужчынскім больш напружана – рэчаў мала, а яны сёння вельмі запатрабаваныя.
– Па праўдзе кажучы, падчас маразоў мужчын апраналі ў жаночае – толькі б не пакідаць іх без дапамогі. Да нас часцей за астатніх звяртаюцца людзі без жытла і тыя, хто выйшаў з турмы, – успамінае зіму Таццяна Макарава. – Падбіралі для іх скарочаныя паліто і боты без абцасаў – што рабіць. Канешне ж, не казалі пра гэта, а стараліся дапамагчы, каб людзі не мерзлі. Таму былі б вельмі радыя, каб да нас неслі больш мужчынскай вопраткі і абутку – хутчэй за ўсё, яна таксама без патрэбы ляжыць на гарышчах і лецішчах.
Былі б вельмі радыя, каб да нас неслі больш мужчынскай вопраткі і абутку
У камандзе Таццяны Макаравай яшчэ адзін чалавек – сястра міласэрнасці Ірына Ярсарына. Яна – той чалавек, хто звычайна зазірае ў кантэйнер, пераглядае рэчы, сартуе іх, адпраўляе на санітарную чыстку, потым раскладвае і развешвае ў Пакоі міласэрнасці.
– У нас тут такі парадак толькі дзякуючы ёй, – зазіраем з старшынёй аддзялення Чырвонага крыжа ў пакой. – І хоць спецыяльнай сістэмы пры раскладцы рэчаў у нас няма, знайсці неабходнае вельмі проста.
Рэчы з кантэйнера вымаюцца амаль кожны дзень – Таццяна і Ірына хвалююца, каб у кантэйнеры не пагоршылася якасць прынесенага.
– Аператыўна вымаем, каб адзенне і абутак не адсырэлі, – кажуць яны. – Калі нехта з нас тут, на месцы, просім заносіць адразу ў памяшканне.
Колькі дакладна рэчаў трапіла сюды з таго моманту, як на вуліцы з’явіўся кантэйнер (гэта адбылося ў верасні мінулага года), ніхто не лічыў, але вядома, што кожны дзень прыкладна 8—12 чалавек атрымоўваюць тут тое, што ім вельмі неабходна. Усе «госці» фіксуюцца ў спецыяльным часопісе (ужо ў другім – першы ўжо спісалі) і час ад часу пакідаюць падзякі тым, хто даруе ім рэчы.
– Мы дапамагаем тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі і зараз не мае магчымасці набыць сабе патрэбнае. Напрыклад, калі на Гомельшчыну прыехалі перасяленцы з Луганскай і Данецкай абласцей, попытам карыстаўся звычайны посуд. Патэльні, рондалі, лыжкі з відэльцамі – нічога не затрымлівалася! Людзей, зразумела, не цікавяць шыкоўныя сервізы – ім неабходна проста мець сваю талерку, – распавядае Таццяна Макарава. – Да нас звяртаюцца і звычайныя сем’і – хтосьці падчас крызісу згубіў працу, хтосьці траціць вялікія грошы, каб пагасіць крэдыт…
Акрамя пералічанага, невялікі пакойчык з рэчамі ўмяшчае і іншае. Напрыклад, тут можна знайсці цацкі, заплечнікі, канцтавары.
– Дзеці з настаўнікамі далучаюцца да добраахвотнай дзейнасці – завітваюць да нас, пакідаючы тое, што можа спатрэбіцца іх аднагодкам з сем’яў з меншым даходам, – удакладняе старшыня аддзялення.
Можна знайсці тут і падушкі, і коўдры – навошта трымаць іх дома, калі яны могуць спатрэбіцца камусьці? Сюды можна прынесці што заўгода (у добрым стане, канешне ж). Адзінае, што не бяруць для раздачы прадстаўнікі Чырвонага крыжа, – ежа. Няма лядоўні – недзе захоўваць.
Прадстаўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў вітаюць падобныя ініцыятывы, бо, акрамя ўнёска ў рашэнне сацыяльных праблем, збор і перадача рэчаў у «другія рукі» станоўча адбіваюцца на захаванні навакольнага асяроддзя.
Кантэйнер для рэчаў стаіць у Гомелі на вуліцы Матросава, 6
– Па-першае, непатрэбныя рэчы не трапляюць на палігон, адпаведна, не ператвараюцца ў адыходы, якія будуць ляжаць на сметніку не адно стагоддзе. Па-другое, мы прадухіляем марнаванне рэсурсаў: на стварэнне любой рэчы ідзе і сыравіна, і вада, і энергія, – каментуе кіраўніца праграмы па экалагічным ладзе жыцця Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова. – Дарэчы, у Мінску мы падтрымліваем дзейнасць адной з такіх ініцыятыў – дабрачыннага праекта «КаліЛаска».
Кантэйнер для рэчаў стаіць у Гомелі на вуліцы Матросава, 6. Знайсці яго даволі проста: галоўны арыенцір – кінатэатр «Кастрычнік», які трэба абысці, рушыўшы глыбей у двор.
Хутка ў горадзе з’явіцца яшчэ некалькі падобных кропак, у перспектыве – і па ўсёй краіне. А пакуль знайсці інфармацыю пра месцы, дзе можна пакінуць добрыя рэчы, у тым ліку ў іншых гарадах, лёгка знайсці на Зялёнай мапе.
Чытайце таксама:
В Гомеле добывают деньги из старой мебели и бытовой техники
Коротко о главном: как сортируют отходы в Гомеле
Горы мусора, вороны и 20 тысяч долларов в старом диване. Репортаж с городской свалки Гомеля