Салаўя складана пабачыць, але лёгка пачуць. Асабліва калі ведаць салаўіныя месцы. "Ахова птушак Бацькаўшчыны" запрашае скласці разам “Салаўіную карту” Беларусі. Кожны можа пазначыць на гэтай інтэрактыўнай анлайн-карце месца, дзе пачуў салаўя:. А той, хто не ведае, дзе паслухаць яго чароўны спеў, можа падгледзець на карце месцы побач, дзе салаўі даюць свае “канцэрты”.
Летась за ўсю гісторыю такіх кропак на “Салаўінай карце” было 538 – рэкордная гісторыя за ўсю гісторыю акцыі. Самым “салаўіным” горадам стаў Брэст. Сёлета салаўя там ужо не толькі пачуў, але і сфатаграфаваў птушкар Віталь Некрашэвіч. У Брэсце салаўёў можна пачуць у зялёных зонах каля Брэсцкай крэпасці і паміж вуліцамі Вінніка і Гвардзейскай. У Мінску, які па колькасці “салаўіных кропак” ідзе адразу за Брэстам, салаўёў можна пачуць на Востраве птушак, Цнянскім вадасховішчы, у Севастопальскім і Лошыцкім парку, лесапарку Дразды, парках Чалюскінцаў, Горкага ды іншых.
Па выніках сваёй штогадовай акцыі “Салаўіная карта” АПБ звяртаецца да абласных адміністрацый з рэкамендацыямі для гарадскіх службаў па захаванні месцаў гнездавання пярнатых салістаў № 1.
Салаўям патрэбныя кусты ды бур’яны з апалым лісцем – у такім зацішку яны робяць на зямлі свае гнёзды, а ў апалым леташнім лісці шукаюць корм: насякомых і іх лічынак, павукоў, дробных малюскаў і дажджавых чарвякоў, у канцы лета — ягады і насенне.
Калі ты не знойдзеш птушку там, дзе яна спявала летась — паглядзі навокал, магчыма, там прыбрана лісце, скошаны бур’ян, зніклі кусты. У такім выпадку напішы ў мясцовую адміністрацыю электронны зварот з рэкамендацыяй абмежаваць прыборку лісця ў месцах гнездавання салаўёў.
Як адзначыць месца на карце?
Адзначыць салаўя можна ў любым куточку Беларусі. Спачатку трэба знайсці свой горад ці мястэчка, для чаго карту можна рухаць і памяншаць яе маштаб, а пасля перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе вы чулі салаўя.
Такім чынам ты можаш не толькі самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо адзначаны іншымі.
Калі можна пачуць салаўя?
Гэтыя птушкі спяваюць увесь травень і амаль палову чэрвеня, пакуль не вылупяцца першыя птушаняты. Таму спяшайся паслухаць гэтых звонкіх птушачак і адзначыць на карце Беларусі «сваіх» салаўёў! Пазнаць меладычны спеў гэтых птушак лёгка, зблытаць з іншымі амаль немагчыма.
У траўні салаўі могуць спяваць нават днём, але больш ахвотна яны пяюць увечары і ў прыцемках, а таксама зранку, пакуль яшчэ не спякотна.
Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях:
Сезон песень салаўёў — рамантычны час позняй вясной, калі доўгімі, амаль па-летняму цёплымі вечарамі можна слухаць неверагодна разнастайную песню гэтых птушак. Мы заўсёды ладзім экскурсіі ў гарадскіх парках, дзе арнітолагі паказваюць і расказваюць усё пра салаўёў. Гэты год не выключэнне, і 16-17 траўня адбудуцца анлайнсустрэчы. Усе падрабязнасці можна будзе знайсці на нашым сайце да мерапрыемства. Аднак мы запрашаем усіх далучыцца да самастойнага пошуку салаўёў і адзначаць месцы сустрэч на карце! Так вы зможаце дапамагчы не толькі птушкам, але і людзям, якія змогуць скарыстацца вашай «знаходкай» і таксама паслухаць салаўёў самастойна. Беражыце сябе і больш слухайце спевы птушак.
Цікавыя факты пра салаўя
- Салавей важыць усяго каля 25 г.
- Самцы і самкі салаўя не адрозніваюцца вонкава.
- Салаўі зімуюць у Афрыцы і пераадольваюць падчас міграцыі больш за 7000 км.
- Гняздо робяць на зямлі сярод зарасцяў кустоў ці быльніку, адкладваюць 6 яек шакаладнага колеру.
- Птушаняты з’яўляюцца на свет праз два тыдні, іх выкормліваюць самец і самка.
- Гучнасць спеву салаўя — 50 дб, песня складаецца з 6-12 каленаў, якія паўтараюцца.
- У Беларусі жыве таксама “сваячка” салаўя – кралька, уключаная ў нацыянальную Чырвоную кнігу.
- Салавей быў птушкай года ў Беларусі ў 2007 годзе, калі выйшлі манеты і марка, прысвечаныя яму.
- Салавей — афіцыйны прыродны сімвал Слуцкага раёна. А з 2015 года ў Слуцку дзейнічае музей салаўя.