Купалле ў Беларусі цяпер святкуюць найчасцей у ноч з 6 на 7 ліпеня. Першапачаткова свята летняга сонцастаяння, што прыпадала на канец чэрвеня, ссунулася праз змены 1917-га года ў грамадзянскім календары. Праваслаўная царква змены не прыняла, таму сёння ў царкоўным календары 6 ліпеня – гэта 23 чэрвеня.
Ну, а нерэлігійныя мерапрыемствы збольшага прывязаныя да праваслаўнай даты. Хаця ў Заходняй Беларусі, арыентуючыся на каталіцкі дзень святога Яна, бывае, “купаляць” 23 чэрвеня і цяпер.
Жыхарам вёсак і невялікіх мястэчак Купалле, бадай, бліжэй, чым гараджанам. Прынамсі ў маім дзяцінстве пачатку 90-х з выправай на лета ў Клічаў (тады гарадскі пасёлак, а цяпер горад аж з дзесяццю тысячамі насельніцтва) пытанне “Што будзеш рабіць на Купалле?” гучала амаль роўназначна “Як будзеш сустракаць Новы год?”
Гэта была ноч, калі абавязкова трэба недзе гойсаць усю ноч з сябрамі (вядома ж, калі бабуля адпусціць), калі тварылася ўсялякая шкода кшталту знятых брамак ды раскіданых дроў. Ужо працуючы ў Акадэміі навук са звесткамі для этналінгвістычнага атласа я са здзіўленнем даведалася, што рытуальныя бясчынствы, аказваецца, на Каляды сустракаюцца не радзей, чым на Купалле, залежыць ад мясцовасці.
Адкрыццё таго ж маштабу, што і значэнне прыкметы “Мошкі таўкуцца” – можа быць не толькі на дождж, а і на надвор’е. Аднагодкі-мінчукі часам згадвалі гарадскія Купаллі, арганізаваныя ў парках.
У Латвіі 23 і 24 чэрвеня – афіцыйныя выходныя дні. У Літве і Швецыі – толькі 23-га. Там людзі выязджаюць святкаваць Купалле на прыроду, з сям’ёй і сябрамі. Атрымліваецца такі агульнадзяржаўны пікнік.
Але ў масавай свядомасці беларусаў сёння Купалле не займае такога значнага месца. Бадай, страчвае актуальнасць для людзей сярэдняга ўзросту, але ўсё ж істотнае для моладзі ў сельскай мясцовасці і для свядомых гарадскіх рэканструктараў традыцыйнай культуры.
І падчас арганізаваных культработнікамі, і ў спантанных купальскіх святкаваннях паўстаюць пытанні экалогіі. Вогнішча могуць складаць з чаго заўгодна (часта са старых аўтамабільных колаў) і паліваць бензінам. Крычаць хочацца: ну навошта! Звычайна гэта не пытанне “дзе дастаць дровы”, а “каб лепш гарэла”.
Хай вогнішча лепш будзе сціплым, але натуральным. Акрамя дроў можна спаліць сапсаваныя рэчы з натуральных матэрыялаў. Перад гэтым лепш пераканацца, што рэчы сапраўды нельга паправіць і нікому са знаёмых яны не патрэбныя, а таксама – што яны не падлягаюць перапрацоўцы. А то ж можна кнігі занесці на буккросінг, газеты здаць у макулатуру, адзеннем з кімсьці памяняцца ці нешта з яго пашыць…
А вось драўлянае ламачча куды падзець? Акурат у купальскае вогнішча! Яго варта разводзіць штогод на адным і тым жа месцы, калі ё такая магчымасць, каб лішні раз не шкодзіць расліннаму покрыву. Да таго ж, гэта ў рэчышчы беларускіх традыцый – вызначаная мясцінка для грамадскіх святкаванняў (часта “аброслая” нейкімі апавяданнямі пра незвычайныя здарэнні, з назвай, што паказвае на яе сакральны калісьці статус).
Звычайна на Купалле плятуць вянкі з палявых кветак. Добра ведаць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, якія растуць у вашай мясцовасці. І ашчадна да іх ставіцца, сыравіны на вяночкі і так хопіць! Па магчымасці, не выдзіраць лішняга. Ну, і пільнавацца звычайных правілаў паводзінаў на прыродзе, каб яе не пашкодзіць.