05.08.2015 / 11:08

Млыны – вадзяныя, паравыя, ветракі – цягам апошніх дзесяцігоддзяў цалкам зніклі з беларускіх краявідаў. Эканамічны і гаспадарчы сэнс даўно страчаныя, а да разумення рэнавацыйнага і турыстычнага патэнцыялу такіх аб’ектаў грамадства толькі падыходзіць. Тым часам толькі на Ласасянцы захавалася ажно пяць млыноў XVIII-XIX стст. 

Млыны з-над Ласасянкі, якая ўпадае ў Нёман зусім побач з горадам, яскравы прыклад таго, як можа занядбаць, а як – выкарыстаць сваю спадчыну. Пяць млыноў – пяць лёсаў.  

МЛЫН У ЛАСОСНЕ  

Калі ехаць з Гродні ў бок Сапоцкіна ды Свяцку, абавязкова давядзецца перасекчы мост у Ласосне адразу на выездзе з гораду. Калісьці менавіта тут праходзіла мяжа паміж Расійскай імперыяй і Царствам Польскім, мост быў памежным. Цікава, што на малюнку Напалеона Орды, дзе выяўлены акурат гэты млын, побач з ім красуе… памежны слуп.

Ад млына каля Ласосны засталіся толькі сцены ды жывапісныя каскады на самой рэчцы. Унутры будынак засмечаны ды зарослы кустоўем. А вось моцныя каменныя сцены для практыкаванняў выкарыстоўваюць скалалазы: дзе-нідзе бачныя адмысловыя гачкі для замацоўвання рыштунку. 

Варта дадаць, што становішча млына надзвычай удалае: зрабіўшы тут, напрыклад, рэстаран або бар разам з міні-музеем, можна разлічваць на ўсе турыстычныя групы, якія рухаюцца ў бок Аўгустоўскага каналу з гораду.

МЛЫН НА ФОЛЮШЫ  

Як і папярэдні ласасянскі млын, млын на Фолюшы з'яўляецца часткай Кунстава – "гораду рамёстваў" (Kunststadt), які паўстаў у раёне Ласосны дзякуючы намаганням гарадзенскага старасты Антонія Тызэнгаўза напрыканцы XVIII ст.  

Паводле ідэі рэфарматара тагачаснай каралеўскай гаспадаркі, запрошаныя з Еўропы рамеснікі мусілі сканцэнтравацца разам са сваёй вытворчасцю – мануфактурамі ды млынамі – менавіта тут, на ўскрайку гораду.  

Млын у даліне паміж вайсковай часткай, мікрараёнам Фолюш ды вёскай Ласосна – пакуль што самы ўдалы прыклад захавання падобнага помніка прамысловай архітэктуры. У будынку XVIII ст. зараз невялічкі гатэль, а побач – тэрыторыя адпачынку з газонамі і тэніснымі кортамі. 

Разам з тым, пра яго існаванне акрамя як праз інтэрнэт наўрадці дзе дазнаешся. Звонку будынак мала заўважны: губляецца ў зеляніне, а жывапісная тэрыторыя вакол выкарыстоўваецца як "дзікія дачы" з пасадкамі памідораў ды бульбы або месца, дзе выпівае публіка з бліжэйшага мікрараёну, пра што сведчаць горы бутэлек тут жа.

МЛЫН У НОВІКАХ  

Не даязджаючы да возера Юбілейнага каля вёскі Новікі, якая зараз уваходзіць у рысу горада, пры самым мосце праз Ласасянку захаваліся рэшткі невялікага млына з найбольш, мабыць, трагічным лёсам. Млын, імаверна канца ХІХ ст. быў драўляным, але з моцным каменным падмуркам і, зразумела, мураванымі канструкцыямі на вадзе.  

Яшчэ год 10 таму ў яго можна было зайсці і ўбачыць дзясяткі металічных і драўляных механізмаў сярод павуціння і мінулагодняга лісця. 

Зараз ад млына засталася толькі адна сценка, якая да пары да часу не перашкаджае гаспадарам дому побач: пасля, мабыць, прыбяруць і яе. Механізмы ж зніклі ва ўмоўна-невядомым кірунку бліжэйшага пункту прыёму металалому… Праз год 5-10 колішні помнік тут будуць выдаваць толькі каскады на рэчцы, добра бачныя з мосту.

МЛЫН НА ТАТАРЦЫ  

Татарка – прыток Ласасянкі, які ўваходзіць у яе акурат побач з Юбілейным возерам. Тут жа, непадалёк маёнтку Караліна, стаіць адзіны ўнікальны для рэгіёна драўляны млын, які цалкам захаваўся. Паверыць у гэта сапраўды цяжка, бо ўнутры захавалася літаральна ўсё: ад цяжкіх механізмаў да шыльдачак на польскай мове.  

Год 5-7 таму, калі ў будынак можна было бесперашкодна трапіць, унутры можна было знайсці ледзьве не мяхі з мукой: такое ўражанне, што млынар наўпрост адышоў некуды і вось-вось вернецца, а колы, занураныя ў плынь вады, ніколі і не пераставалі круціцца…

Цяпер млын зачынены: з'явіліся гаспадары, якія ўзяліся за яго аднаўленне. Ужо зробленыя бетонныя шлюзавыя канструкцыі, наперадзе – сам будынак разам з механікай.   У турыстычным плане месца проста фантастычнае: ад берагу Юбілейнага возера, дзе ўлетку поўна адпачываючых, сюды ісці хвілін 5. Разам з тым млын можа арганічна ўпісацца ў турыстычны маршрут: маёнтак Каробчыцы – маёнтак Караліна – 4-ы форт. Карацей, перспектываў – поўны кораб.

МЛЫН У КАРОБЧЫЦАХ  

Калі троху збочыць з трасы з Гродна на Брузгі і праехаць метраў сто да плаціны на Ласасянцы, можна трапіць у Новыя Каробчыцы – засценак з некалькіх дамоў, які вырас вакол млына, вядомага ажно з 1781 году. Пасля ўжо тут быў "Млын Маслоўскай", вядомы па прозвішчы сваёй уладальніцы, якая гаспадарыла тут ажно да бурлівых падзеяў Першай сусветнай і Грамадзянскай вайны. Далей усё за стандартам: нацыяналізаваны за саветамі, а пазней занядбаны і разбураны.  

У часы незалежнай Беларусі тут планавалі зрабіць і пітомнік для фарэлі, і бар, але ўсё беспаспяхова. У выніку будынак пачалі расцягваць па каменьчыку, за апошнія год 5 цалкам знік дах… Упарта стаяць толькі дзве каменныя сцяны. Рака пасунулася далей ад муроў, старое русла зарасло хмызам. Затое ў пары метрах ад будынку красуе крыніца: з коўшыкам ды кладачкай, каб падысці зручней было. 

 

Месца для турыстычнай атракцыі, падавалася б, лепш не прыдумаеш. Побач найпапулярнейшы ў гарадзенцаў пераезд праз польска-беларускую мяжу. Стаў сабе на трасе ўказальнік на гатэль ці бар ды зарабляй грошы. Ды і Ласасянка тут ці не найбольш шырокая: возера нагадвае. Сцены млына – грунтоўныя, глядзяць на ваду валунамі, толькі і чакаюць на гаспадара…  

Калі кажуць пра "Турыстычную Гродзеншчыну" і розныя там "рэкрэацыйныя патэнцыялы", зазвычай, на ўвазе маюць замкі, палацы, пушчы, каналы… А што наконт меншых па аб'ёме, але не менш значных культурна і гістарычна аб'ектаў з ліку той жа прамысловай спадчыны?  

На іх рэканструкцыю не патрэбныя шалёныя бюджэты і прыбытак ад іх функцыянавання ў якасці маленькіх гатэляў ды рэстаранаў з няхай сабе адным музейным пакоем, зусім не эфемерны, як у выпадку з класічнымі музеямі.  

Варта задумацца, не забываючыся пры гэтым, што млын не замак, таму кожныя год 5-7 нешта будзе планава зносіцца, безнадзейна зарастаць смеццем і кустоўем або разбірацца гаспадарлівымі суседзямі на цэглу ды камяні з плоскімі шліфаванымі бакамі. 

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость