Паўночны прамысловы вузел
Найбольш буйныя прамысловыя зоны атачаюць наш горад з поўначы і паўночнага захаду. На паўночна заходнім краі Гомеля знаходзяцца Хімзавод, Радыёзавод, Цэнтраліт і шэраг невялікіх прадпрыемстваў па вуліцы Барыкіна. У цэлым гэтая прамзона даволі буйная. Да таго ж Хімзавод – нумар адзін сярод шкодных прадпрыемстваў нашага горада. Ды і той жа Цэнтраліт, як і любое ліцейнае прадпрыемства, выкідвае ў атмасферу небяспечныя хімічныя рэчывы. Хімзавод, канешне знаходзіцца трохі воддаль ад гораду, але не настолькі далёка, каб вецер не прыносіў яго “падарункі” у жылыя раёны. Ад цэхаў Цэнтраліту да жылых кварталаў Маладзёжнага мікрараёну, як кажуць – рукой падаць.
На поўначы мы маем ЗЛІН, зноў-такі экалагічна небяспечнае прадпрыемства, з ліцейнымі і гальванічнымі цэхамі. Побач з ім некалькі меншых заводаў, напрыклад, той жа Чармет. А на адлегласці ўсяго ў некалькі кіламетраў ад яго цэлы набор прадпрыемстваў: Гомелькабель, Гідрааўтаматыка, Ратон, Электраапаратура, Карал, Алкапак і некалькі невялікіх прадпрыемстваў, узнікшых на месцы цэхаў таго ж Ратону ці Каралу. Гэтая прамысловая зона вялікая па памерах, і небяспечная для экалогіі, бо завод Гомелькабель на працягу некалькіх десяцігоддзяў атручвае атмасферу раёнаў, размешчаных вакол яго.
Усе гэтыя прадпрыемствы ўмоўна можна лічыць размешчанымі на ўскрайку гораду, але ж усё роўна шматлікія з іх знаходзяцца вельмі блізка з жылымі раёнамі – недзе з прыватным сектарам, а недзе і з шматпавярховікамі.
Прамысловасць у горадзе
Трэцяя прамысловая зона знаходзіцца ў Навабеліцы – Гомельдрэў, Фанерна-запалкавы камбінат, Гомельшпалеры, завод Хімічнага мелу, і трохі ў баку ад іх Тлушчкамбінат і Мясакамбінат. Канешне, самым шкодным з іх быў завод Хімічнага мелу, які зараз ужо не працуе. Але нюанс у тым, што ўся гэтая прамысловая зона ляжыць у жылым раёне і ад цэнтру гораду яе аддзяляе толькі пойма ракі Сож. Што тычыцца Тлушчкамбінату і Мясакамбінату – гэтыя прадпрыемствы, канешне, не адносяцца да экалагічна небяспечных, але мясцовыя жыхары наракаюць на смурод з боку Тлушчакамбінату.
У розных раёнах гораду размешчаныя заводы Станкагомель, Гомсельмаш, Станкавых вузлоў, Аўтарамонтны, Вагонарамонты, Мотарамонтны, Эмальпосуд (ужо не існуе), Крышталь, Сейсматэхніка, Камунальнік, Пратэзіст, шэраг прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці.
Усяго розныя “бізнэс даведнікі” даюць інфармацыю пра 63 прамысловых прадпрыемствы ў нашым горадзе. Канешне, большая частка з іх – гэта невялікія прыватныя прадпрыемствы, якія не ўтвараюць для экалогіі гораду вялікай небяспекі. Найбольш шкодныя хімічныя прадпрыемствы, ліцейныя, і тыя, што працуюць з рознымі пластыкамі. Кожны з такіх заводаў з’яўляецца крыніцай ядавітых выкідаў. На наша шчасце некаторыя з іх па эканамічных прычынах амаль прыпынілі працу. Але той жа Хімзавод, галоўная пагроза нашаму наваколлю, нікуды не знік. Ды і наогул, мала хто будзе казаць пра неабходнасць адмовіцца ад усёй прадукцыі, што прапануюць гэтыя прадпрыемствы. І ад працоўных месцаў, якія яны даюць жыхарам нашага гораду. Акрамя непасрэдных пагрозаў, звязаных са спецыфікай выстворчасці асобных прадпремстваў, трэба ўлічваць і розу вятроў нашага гораду. Як кажуць спецыялісты, летам найбольш частыя паўночна-заходнія і заходнія вятры, то бок як раз з боку Хімзаводу і паўночнага прамысловага вузла ў бок гораду. Восенню і зімой часцей вецер дзьме з поўдня, паўднёвага захаду і паўднёвага ўсходу, то боку з боку Навабеліцы, а значыць і яе прамысловай зоны. Гэта, канешне, не так шкодна, з улікам адсутнасці там шкодных хімічных прадпрыемстваў. У цэлым на працягу году вецер у Гомель дзьме ў асноўным з поўдня і паўднёвага захаду.
Візуальнае ўяўленне пра колькасць і памеры прамысловых зонаў можна атрымаць глянўшы на нашую мапу. Чорным азначаныя як заводы, так і вялікія прамысловыя базы і склады.
Ці ёсць выйсце?
Дык ці існуе наогул выйсце з праблемы прамысловых зонаў? Ідэальны варыянт – будаўніцтва такіх зонаў далёка ад гораду, і з улікам розы вятроў. Праблема ў тым, што як можна ўбачыць на прыкладзе Гомеля, у розныя сезоны году асноўны напрамак ветру мяняецца. Да таго ж прамысловыя зоны за горадам патрабуюць дадатковых транспартных шляхоў і матэрыяльных выдаткаў на транспарт для працоўных. Нават зараз некаторым жыхарам Гомеля прыходзіцца ездзіць на працу з аднаго краю гораду ў іншы, і гэта патрабуе немалых выдаткаў часу. Што ж будзе ў выпадку асобных загарадных прамысловых зонаў? Ускладненне транспартных схемаў таксама не найлепшым чынам адбіваецца на экалогіі, хаця, канешне, з ударам прамысловасці па наваколлю гэта не параўнаць.
Але ва ўмовах, калі прадпрыемствы ўжо пабудаваныя, ніхто такія выдаткі несці не хоча. Праўда большасць нашых буйных прадпрыемстваў існуюць на дзяржаўных датацыях. І шматлікія эканамісты гадамі паўтараюць, што іх спыненне – пытанне часу. Некаторыя ўжо спыніліся на працягу постсавецкага перыяду. Аднак нават у іншых краінах, што праходзілі перыяд эканамічных крызісаў і перабудовы, якую яны стымулявалі, на плошчах буйных стратных прадпрыемстваў часцей узнікаў шэраг новых. Таму наўрад ці можна спадзявацца на тое, што пытанне вырашыцца “само сабой”. І выйсце тут толькі адно – захоўваць у горадзе найбольш бяспечныя прадпрыемствы, і мэтанакіравана імкнуцца з цягам часу спыніць дзейнасць найбольш шкодных. І для Гомеля гэта цалкам рэальна, бо асноўная пагроза ідзе ад некалькіх прадпрыемстваў. Ёсць і іншы варыянт – новыя тэхналогіі, якія улічваюць экалагічны бок вытворчасці. Аднак мадэрнізацыя прамысловасці, асабліва буйной патрабуе велізарных выдаткаў. Таму якія б цудоўныя праекты зараз не прапаноўвалі навукоўцы, чакаць іх рэалізацыі у рэчаіснасці нам не даводзіцца. І мы яшчэ шмат год будзем дыхаць ядам хімічных і ліцейных цэхаў нашых прамзонаў.