“Разумны горад” – гэта канцэпцыя інтэграцыі інфармацыйных і камунікатыўных тэхналогій і так званага “інтэрнэта рэчаў” для найбольш эфектыўнага кіравання гарадской маёмасцю. Яго мэта вельмі простая: падвысіць якасць жыцця жыхароў гарадоў.
Вялізную ролю ў развіцці разумнага горада грае праца з датчкамі і базамі дадзеных. Так, напрыклад, у гішпанскім горадзе Сантандэр датчыкі паспяхова кантралююць узровень шуму і забруджвання, дарожны рух і паркоўкі. Але найважнейшай часткай працэсу з’яўляецца, безумоўна, аналітыка атрыманых дадзеных. Простая інтэграцыя ўсемагчымых датчыкаў ў гарадскую прастору – гэта яшчэ не развіццё разумнага горада.
На адкрыцці мінскага Месяца разумных гарадоў кіраўніца праекта ПРААН “Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў маленькіх і сярэдніх гарадах Беларусі” Ірына Усанава адзначыла, што праект толькі пачынае працаваць у нашай краіне, і яго каманда перыядычна сутыкаецца з агульным недахоп новых ідэй.
“Каб пераадолець гэтую праблему, для нас вельмі важна звязаць архітэктараў, НДА, эканамічныя ініцыятывы і экалагаў з IT-сексатарам, каб можна было рэалізаваць разнастайныя і цікавыя праекты, якія дапамогуць рабіць нашыя гарады больш зялёнымі, - адзначыла прадстаўніца ПРААН. - Мы разумеем, што з дапамогай аднаго праекта немагчыма вырашыць усе нашыя праблемы, таму цяперашняя праца, якая тычыцца зялёнага горадабудаўніцтва, – гэта толькі першы крок, але мы спадзяемся, што гэты праект стане штуршком да стварэння новых ініцыятыў. Хочацца верыць, што будуць новыя і новыя цікавыя стартапы, якія дапамогуць зрабіць нашыя гарады больш зялёнымі і зручнымі для жыхароў”.
Па словам Ірыны Усанавай для мінскага праекта таксама “вельмі важныя пытанні змены клімату і адаптацыі да гэтай змены”.
“Мы разумеем, што гэта будзе не толькі вельмі цікавая, але і дужа складаная праца, нам давядзецца давесці ўдзельнікам, якія адбываюцца працэсы ў змяненні клімату, і патлумачыць праблему адаптацыі. Гэта, безумоўна, патрэбна для таго, каб увогуле было магчыма распрацоўваць на хакатоне ідэі, якія рэальна будуць тычыцца гарадской тэматыкі”, - кажа прадстаўніца ПРААН.
На працягу месяца ў Imaguru будуць праходзіць дыскусіі і майстар-класы па наступных напрамках:
- Канцэпт разумных гарадоў
- Архітэктура і дэвелапмент
- Экалогія горада
- Мэнэджмэнт спажывання і адкідаў
- Зялёныя гарады
- Транспарт
- Паветра і вада
- Клімат горада і рэгіёна
- Псіхалогія вялікіх гарадоў і інтэграцыя
- IoT
Прадстаўнік каманды Imaguru Яўген Пугач распавёў, што яны даўно цікавяцца канцэпцыяй разумных і зялёных гарадоў, але прыяднацца да глабальных Месяцаў разумных гарадоў раней не дазваляла адсутнасць добрай экспертызы ў гэтых пытаннях.
Паспрабаваць вырашылі з аб’яднання фармату хакатону і канцэпцыі Smart Сity.
«Разумеем, што ў нас ёсць айцішнікі, праграмісты, дызайнеры, маркетолагі, якія могуць стварыць штосьці рукамі – нейкія прататыпы праектаў. Але яны не заўжды ведаюць, з чым менавіта працаваць. Таму прыйшла ідэя правесці перад хакатонам месяц майстар-класаў, прэзентацый, сустрэч, інтэрв’ю на розныя тэмы, звязаныя з разумнымі гарадамі. І на гэтых сустрэчах мы паспрабуем “звесці” нашую айцішную супольнасць з супольнасцю урбаністаў, архітэктараў, дызайнераў. У мінулым годзе мы ўжо праводзілі такі месяц, і ён быў даволі насычаным: было мінімум тры мерапрыемствы кожны тыдзень, а скончылася ўсё паспяхова праведзеным хакатонам. Агулам у мерапрыемтсвах мінулага года прынялі удзел больш за тысячу чалавек, і мы вырашылі, што ў гэтым годзе трэба працягваць”- падзяліўся досведам Яўген Пугач.
Таксама Яўген распавёў пра асаблівасці хакатона гэтага года: “Месяц разумных гарадоў скончыцца класічным, але крыху незвычайным хакатонам: гэта будзе кліматон. Увогуле, кліматон – гэта міжнародная ініцыятыва, і ў такім фармаце хакатон ужо некалькі гадоў праходзіць у свеце. У гэтым годзе заяўлены 260 гарадоў, паўсюль мерапрыемства пачнецца ў адзін дзень і адзін час. Мы ў Мінску атрымалі дазвол ад галоўных арганізатараў кліматона на правядзенне мерапрыемства ў форме нашага класічнага хакатона, які доўжыцца 48 гадзін”.
Да ініцыятывы далучыліся два ўжо існуючыя праекты ПРААН у Беларусі - “Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў маленькіх і сярэдніх гарадах Беларусі” і “Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь”.
Праграма мерапрыемстваў можа змяняцца ў працэсе, але папярэдні расклад такі:
9 кастрычніка, 19:00
“Гісторыя і напрамкі дыскурсу Smart City і Green Cities”
Эксперт – Уладзімір Тайнікоў, вядучы спецыяліст аддзела ўстойлівага развіцця Беларускага дзяржаўнага навучова-даследніцкага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва.
12 кастрычніка, 19:00
“Кампаненты разумнага горада: транспарт, ахова здароўя, адукацыя і ўлік выкарыстання рэсурсаў”
Спікер: Сямён Дзірко, намеснік дырэктара «ZТЕ» па камерцыйных пытаннях.
13 кастрычніка, 19:00
“Будучыня Smart Cities у Беларусі”
Эксперты – Вера Сысоева, нацыянальная кансультантка па зялёным горадабудаўніцтве; Андрэй Каравянскі, арт-дырэктар і галоўны архітэктар кампаніі IQ-PLAN.
16 кастрычніка, 19:00
“Аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць. Энергамэнэджмэнт”
Удзел возьмуць экспеты праекта “Павышэнне энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь” Сяргей Церахаў, Андрэй Дзюсьмікееў, Андрэй Малочка, Аляксей Тарнагурскі.
18 кастрычніка, 19:00
“Змяненне клімату і энергетыка”
Удзел возьмуць эксперты праекта “Павышэнне энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь” Аляксандр Грабянькоў, Яўгенія Берташ.
20 кастрычніка, 19:00
“Гарадская архітэктура і энергаэфектыўнае асяроддзе”
Удзел возьмуць эксперты праекта “Павышэнне энергаэфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь” Леанід Сакалоўскі, Леанід Данілеўскі.
Праект Smart City Month запушчаны дзякуючы падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Беларусі, Агенцыі ЗША па міжнародным развіцці і кампаніі EPAM SYSTEMS.