Валошка – даўні сімвал беларускай зямлі, пра яе ўзгадаў у адным са сваіх самых вядомых вершаў "Слуцкія ткачыхі" беларускі паэт Максім Багдановіч:
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука
Заміж персідскага узора
Цьвяток радзімы васілька.
Валошка не раз фігуравала ў беларускіх легендах і павер’ях. Напрыклад, аб хлопцы Васіле, які пакахаў русалку. Ім не было наканавана сыйсціся, і Васіль ператварыўся ў сімвал іх кахання – васілёк.
Але існуе і версія, што гэта сама русалка сілком ператварыла хлопца ў кветку. Таму на русальны тыдзень васількі лічацца звязанымі з гэтымі міфалагічнымі істотамі.
Дарэчы, лацінская назва валошкі – сentaurea – кветка атрымала ў гонар кентаўра Хірона. Паводле міфаў, ён лекаваў людзей травамі. Калі Геракл трапіў у яго атручанай стралой, ён не змог дапамагчы сабе, хоць і быў бессмяротны.
Дарэчы, па рымскай легедзе, гаворка ідзе аб юнаку Цыянусе, які вар'яцка любіў гэтыя кветкі. Кажуць, што Васілёк сталі зваць так у гонар гэтага героя (цыянус у перакладзе з старажытнарымскага – сіні).
Але кветкі васілька могуць быць ня толькі сінія, але і ружовыя, ці нават белыя. Цвіце васілёк з чэрвеня да позняй восені.
Сустрэць яго можна на палях, пустках, па ўзлессях і ўзбочынах. У апошні час гэтая расліна становіцца ўсё больш рэдкай праз ужыванне гербіцыдаў на палях.
Кампанію “Расліна года” ініцыявалі грамадскае аб’яднанне “Беларускае батанічнае таварыства” і Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. Так мяркуецца прыцягнуць увагу да дзікарослых раслін і іх аховы.
У анлайн-галасаванні найбліжэйшымі канкурэнтамі васілька былі чабор звычайны і верас звычайны.