Пра прыцягненне моладзі да зялёнага руху, акцэнты партый Зялёных і сучасныя формы пратэсту мы пагаварылі з былым кіраўніком латвійскай зялёнай моладзевай арганізацыі «Пратэст» Дайнісам Мігланам.
Як усё пачыналася
«Пратэст» з’явіўся ў канцы 2018 года. Гэта сацыял-дэмакратычная і зялёная моладзевая арганізацыя, якая ладзіць дыскусіі, мерапрыемствы кампаніі і, вядома ж, пратэсты, звязаныя з тэмамі кліматычнага крызісу, сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці і іншымі важнымі для моладзі пытаннямі.
Дайніс у арганізацыі ад яе пачатку і, больш за тое, валанцёрыў у Зялёнай партыі яшчэ да стварэння ўласна «Пратэсту»: «Усё пачалося, калі я яшчэ жыў у Нарвегіі. А там я пражыў пэўны час да сваіх 14 гадоў. І гэты ўзрост – гэта той час, калі ты шмат у чым фармуешся як асоба».
У Латвію хлопец вярнуўся ў 2018 годзе, і тады ў Нарвегіі ўжо вяліся маштабныя дыскусіі пра змену клімату і праблемы навакольнага асяроддзя, асабліва з улікам таго, што Нарвегія – гэта нафтавая краіна.
«Таксама я бачыў, як жылі людзі ў Нарвегіі, і што эканамічная і сацыяльная сістэмы там будавалі сацыял-дэмакраты. Я бачыў, што сістэма працавала вельмі добра і падумаў, што, магчыма, гэта можа вырашыць шмат якія праблемы ў Латвіі».
Тады, у 2018 годзе, у Латвіі толькі нядаўна з’явілася сацыял-дэмакратычная і зялёная партыя «Прагрэсіўныя», і яна пайшла на першыя ў сваёй гісторыі вялікія выбары. Дайніс шмат пра яе чытаў, і ідэі «Прагрэсіўных» падаваліся яму вельмі блізкімі – для Латвіі яны былі вельмі смелымі і радыкальнымі.
Але ў партыі не было моладзевага крыла ці моладзевай арганізацыі, і хлопец вырашыў знайсці спосаб падтрымаць «Прагрэсіўных», пакуль не мог сам уступіць у партыю праз свой вельмі юны ўзрост.
Ён дапамагаў раздаваць улёткі падчас перадвыбарчай кампаніі і дапамагаў іншымі спосабамі, а праз некалькі месяцаў як бы на базе партыі з’явілася моладзевая ініцыятыва «Пратэст», якая цяпер стала найбуйнейшай у Латвіі палітычнай моладзевай арганізацыяй.
«Калі вы будуеце сістэму дастаткова дэмакратычна, вы можаце ўплываць праз сваю арганізацыю на так званую мацярынскую партыю», – дадае Дайніс.
Галоўнае – знешнія фактары
Кажучы пра электаральныя паводзіны еўрапейскай моладзі, Дайніс адзначае, што маладыя людзі галасуюць за радыкальныя варыянты, і ў цэлым пра іх можна сказаць, што яны цяпер дужа палярызаваныя:
«Гэты трэнд пачаўся на захадзе Еўропы, але цяпер прыйшоў і ў Латвію – моладзь галасуе за радыкалаў. Альбо яны за зялёныя партыі ці за сацыялістаў, альбо – за радыкальных правых. Наша задача як зялёных актывістаў – працаваць яшчэ больш і размаўляць з моладдзю, бо я асабіста баюся, што мы яе губляем. Маладыя людзі злуюцца, што цяперашняя сістэма не працуе, і яны хочуць радыкальных змен», – кажа Дайніс.
Частка моладзі ў такіх умовах абірае зялёны шлях, бо бачыць, што адбываецца з кліматам і навакольным асяроддзем. Гэтыя людзі бачаць наступствы моцнай спёкі і іншых прыродных катаклізмаў, і як палітыкаў не цікавіць ні гэта, ні правы чалавека, ні правы негетэрасэксуальных людзей.
Але ў той жа час шмат хто ў Латвіі галасуе за правых радыкалаў накшталт Нацыянальнага Альянсу ці «Латвію на першым месцы». І ў Польшчы, напрыклад, таксама было шмат моладзі, якая галасавала за ультраправую партыю, яшчэ больш кансерватыўную за ПіС.
Паводле Дайніса, так адбываецца, бо гэтая моладзь таксама бачыць, што цяперашняя сістэма не працуе, і што трэба нешта тэрмінова змяняць. Моладзь дужа палярызаваная, і цяпер мы бачым вялікі рост інтарэсу да партый Зялёных ў так званым постсавецкім блоку, але ў заходняй Еўропе нам у бліжэйшыя гады, верагодна, давядзецца пабачыць адваротную тэндэнцыю.
«Я думаю, цяпер толькі знешнія фактары могуць прыцягваць людзей да партый Зялёных. Увогуле, прасоўваць такія партыі ў парламенты дужа цяжка, бо людзі проста апускаюць рукі і не вераць, што можна штосьці змяніць да лепшага.
Але ўсё, што мы назіраем вакол, можа быць і матывацыяй не спыняцца, бо кліматычная сітуацыя пагаршаецца, навакольнае асяроддзе руйнуецца. Калі казаць пра сацыяльныя праблемы, дык беднасць становіцца больш бачнай, людзі бачаць усё больш парушэнняў правоў чалавека.
Доўгі час мы назіралі заўважны прагрэс у плане забяспечання правоў чалавека, а цяпер, на жаль, адбываецца вялікі адкат».
Не толькі пра экалогію
Асаблівасць партый Зялёных у тым, што, нягледзячы на назву, яны часта факусуюцца не толькі непасрэдна на экалагічных праблемах.
Дайніс узгадвае гісторыю зялёнага руху: «Калі мы глядзім толькі на паверхню, дык думаем, што зялёная палітыка і звязаная з ёй ідэалогія тычыцца толькі прыроды. Рух і праўда пачынаўся як вельмі вузкі і спецыфічны – людзі выступалі за абарону лясоў і пацыфізм. Але з часам ён стаў пашырацца, бо людзі, па-першае, сталі бачыць, як шмат розных бед адбываецца з навакольным асяроддзем, а па-другое, заўважылі сувязь з экалагічнымі і іншымі праблемамі».
Экалагічныя праблемы звязаныя з сацыяльнымі, сацыяльныя – з соцыяэканамічнымі, соцыяэканамічныя – з правамі чалавека. Пацыфізм звязаны з імперыялізмам і гэтак далей. Такім чынам, зялёная ідэалогія – гэта ўзаемасувязі і перасячэнні ўсяго, і ўсё гэтае трэба рамантаваць разам.
«Калі б у мяне была ўлада, – працягвае Дайніс, – Я б пачаў з увядзення бясплатнай адукацыі, паляпшэння доступу да медыцыны і закона, які быў бы накіраваны супраць выкапальнага паліва».
Мы мусім дзейнічаць радыкальна
Апошнім часам у Еўропе набіраюць папулярнасць новыя формы экалагічнага пратэсту, і яны выклікаюць вялізныя дыскусіі па ўсім свеце. Экалагічныя актывісткі і актывісты прыклейваюць сябе да дарог, блакуючы іх такім чынам для транспарту, а таксама абліваюць вядомыя карціны ў галерэях.
Дайніс кажа, што ў яго няма выпрацаванага стаўлення да гэтай тэмы: «Гэта дужа цікавае пытанне, і я доўгі час пра гэта думаў. У мяне няма адказу. З аднаго боку, я разумею логіку пратэстоўцаў – свету, які памрэ праз кліматычны крызіс, не будзе трэба Мона Ліза і ўвогуле не трэба будзе мастацтва. А з іншага боку, я бачу, як гэтыя акцыі выклікаюць у людзей негатыў да зялёнага руху. Безумоўна, не ўсё рэагуюць аднолькава кепска, але ёсць пэўная колькасць людзей, якая і так была настроена кансерватыўна, а пасля акцый у музеях становіцца яшчэ злейшай».
«Я разумею, што мы мусім дзейнічаць радыкальна, каб абараніць свет ад знішчэння, але я дагэтуль не ведаю, ці абліванне карцін – найлепшы спосаб гаварыць пра праблему».