Актывіст Зялёнай сеткі Юрый Бельскі распавёў нам перадгісторыю праблемы, пэўныя дэталі дапоўніў агляд навін па тэме за апошні час. Яшчэ некалькі год таму па вуліцы Ніжне-Пакроўскай мясцілася некалькі пляцовак з кантэйнерамі для смецця. У 2013 годзе пасля скарг мясцовых жыхароў колькасць пляцовак скарацілі. Засталася адна — непадалёку ад помніка 23-м гвардзейцам.
«Адна на дзве вялікіх вуліцы — Ніжне-Пакроўскую і праспект Францыска Скарыны! — абураліся ўжо іншыя мясцовыя жыхары. — Мала таго, што шмат каму хадзіць цяпер з гэтымі пакетамі ледзь не праз увесь цэнтр, дык яшчэ і смецця там увесь час горы!»
Прайшло колькі часу — спрэчную пляцоўку таксама прыбралі, затое з’явіліся кантэйнеры ў двары дома №39 па Ніжне-Пакроўскай. Але незадаволенымі цяпер засталіся жыхары гэтага і бліжэйшых дамоў. Пра гэта нават газета «Беларусь Сегодня» пісала.
«Сабакі і груганнё разносяць смецце па двару. Бамжы ночы напралёт корпаюцца, грукаюць. Спаць немагчыма!» — тлумачыла карэспандэнту «СБ» жыхарка Лідзія Бохан у жніўні мінулага года.
Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандр Міхалевіч адрэагаваў, што санітарныя нормы вытрымліваюцца: кантэйнеры знаходзяцца ў 20 метрах ад вокнаў жылых дамоў. Смецце, кажуць, вывозяць своечасова.
Мы пераканаліся ў гэтым: некалькі дзён запар штодня маніторылі сметнік, і пытанняў да яго стану амаль не ўзнікала. Праўда, эстэтыкі двару кантэйнеры ніяк не надаюць. Кідалася ў вочы раскіданае вакол смецце — балазе, няшмат. Ды й асобы без пэўнага месца жыхарства тут сапраўды нярэдкія госці...
«А якія тут пахі “цудоўныя”, калі цёпла — вы вось прыйдзіце і адчуйце!» — прапанавалі мясцовыя жыхары.
Сапраўды, нязручнасці ёсць. Але іншага выйсця няма: нягледзячы на абурэнне, карыстацца спрэчнымі кантэйнерамі людзі працягваюць. Можна, канешне, прапанаваць ім пайсці па прыкладзе японскага гарадка Камікацу…
Але што ж рабіць тым, хто сутыкнуўся з падобнай праблемай, у беларускіх рэаліях? Карысныя парады ад актывісткі Зялёнай сеткі Алёны Дубовік:
— Для тых, каго непакояць экалагічныя праблемы і хто гатовы спрычыніцца да іх вырашэння, працуе «Зялёны тэлефон». Кожныя панядзелак, сераду і пятніцу ад 10-й да 18-й гадзіны можна звярнуцца па нумарах: +375(29)170-26-70 (velcom), +375(17)335-47-16 (гарадскі), альбо ў любы час па e-mail: greenphonehelp@gmail.com. Аператары дапамогуць вызначыць алгарытм вырашэння праблемы, могуць аказаць юрыдычную падтрымку, напрыклад, параяць, як слушна скласці зварот у выканкам ці іншыя органы.
У апісанай сітуацыі, сапраўды, цяжка дагадзіць усім: забудова досыць старая, месца, якое задаволіла б усіх, знайсці немагчыма — гэта паказаў час. Усталяваць пляцоўку і адрапартаваць, маўляў, усё гатова — не адзінае, што могуць зрабіць камунальнікі. Таксама, як і людзям недастаткова адно сказаць: «Нам не падабаецца!» Лепш сачыць за тым, каб смецце своечасова вывозілі, пільнавалі і прыбіралі пляцоўку, каб быў зладжаны раздзельны збор адходаў. Можна дабівацца таго, каб у горадзе была абсталявана пляцоўка для збору буйнога смецця, напрыклад будаўнічага; каб на кантэйнернай пляцоўцы быў дах — тады смецце не будзе заліваць дажджом ці снегам (адпаведна, запаволіцца працэс гніення і зменшыцца верагоднасць непрыемных пахаў).
Добра, каб кантэйнеры нейкім чынам зачыняліся: тады ў іх не змогуць трапіць хаця б бадзяжныя жывёлы, якія раскідваюць смецце па блізкай да пляцоўкі тэрыторыі. Каб гэта ўсё рэалізаваць, трэба сапраўды звяртацца ў адпаведныя ўстановы — і ў гэтым мы можам пракансультаваць.
Ёсць «Зялёны тэлефон»!
У вырашэнні падобных пытанняў плён можна прынесці шчыльнае ўзаемадзеянне камунальнікаў, аператараў па вывазу смецця і мясцовых жыхароў, пабудаванае не на канфрантацыі, а на дыялогу. Дарэчы, актывісты Зялёнай сеткі ўжо падрыхтавалі шэраг кейсаў па вырашэнні тых ці іншых пытанняў, датычных збору і вывазу смецця.