У краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі ўжо досыць даўно адмаўляюцца ад традыцыйных і пераходзяць да альтэрнатыўных крыніц атрымання электраэнергіі. Летась, напрыклад, у Германіі колькасць электраэнергіі сонечных электрастанцый упершыню зраўнялася з колькасцю энергii, выпрацаванай на АЭС! Але ў Беларусі пакуль узровень аднаўляльных крыніц невялікі. Што тычыцца сонечных электрастанцый (СЭС), то для Беларусі гэта адзін з найбольш перспектыўных накірункаў у альтэрнатыўнай энергетыцы.
На мапе колькасці сонечных дзён па Еўропе вiдаць, што наша краіна– ў адным поясе з Польшай, Германіяй, Швецыяй, Чэхіяй і інш. Брэсцкая вобласць, якая знаходзiцца на поўдні Беларусі, займае яшчэ больш перспектыўнае становішча і мае ў сярэднім 1780 гадзін сонечнага выпраменьвання.
Для вобласці і рэспублікі ўвогуле магчыма вылучыць некалькі прычын, па якіх усталяванне СЭС можа быць эфектыўным:
- У выпадку, калi будынак аддалены ад цэнтралізаванай лініі электраперадач, а пракласці кабель неапраўдана дорага ці няма фізічнай магчымасці.
- Трэба забяспечыць стабільнасць і экалагічную чысціню электразабеспячэння: часта знікае святло і ёсць праблемы з надзейнасцю падачы электраэнергіі, але няма ніякага жадання ставіць дызель-генератар (шум, пахі, неабходнасць рэгулярнага тэхнічнага абслугоўвання).
- Выгадная тарыфікацыя ў сферы аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі: падвышаючы каэфіцыент 2,7 (за продаж 1 кВт – 5 260 руб.), па якому ў дзяржаўную электрасетку прадаецца энергія, атрыманая з сонечных установак.
- У адрозненне ад традыцыйных крыніц энергіі памяншаецца сабекошт сонечных панэляў штогод!
Аднак нягледзячы на падтрымку аднаўляльных крыніц энергіі з боку дзяржавы, прабел з-за ільготнай тарыфікацыі павінна «закрываць» Белэнерга, таму ёсць пэўная незацікаўленасць у прасоўванні СЭС. І гэта натуральна, падобныя сітуацыі адбываюцца і ў краінах Еўропы, дзе нават iснуюць ліміты на магутнасць сонечных электрастанцый. Менавіта таму ў нас няшмат буйных СЭС, хаця ёсць і выключэнні: напрыклад, СЭС у заказніку ГПУ «Спораўскі» ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці магутнасцю 0,1 МВт. Ужо сёння заказнік атрымлівае прыкладна $6000 ад продажу сонечнай энергіі дзяржаўнай электрасетцы па ільготнаму тарыфу у летні перыяд.
Гэтая СЭС была ўсталяваная пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, які пакрыў больш за палову выдаткаў. Станцыя была пабудавана для таго, каб атрымліваць грошы і не патрабаваць сродкаў у дзяржавы на прыродаахоўныя мэты. У сярэдні летні дзень станцыя выпрацоўвае да 60 кВт у гадзіну, часам да 100 кВт. Па словах дырэктара, устаноўка станцыі за 150 тысяч даляраў акупляецца. Энергіі хапае не толькі на ўласныя патрэбы, але і на продаж. Плануецца поўная акупнасць цягам 4–5 год. Гадавы прыбытак ад продажу «зялёнай» электраэнергіі ў электрасетку будзе прыносіць каля 48 тысяч даляраў у год.