06.06.2018 / 11:06

Шостага чэрвеня шведы святкуюць свой Нацыянальны дзень. Швецыя – адна з найбольш заклапочанных экалогіяй краін Еўропы, а можа і ўсяго свету.

Падчас сацыялагічных апытанняў 30 % шведаў адзначаюць, што іх хвалююць пытанні экалогіі. Сярэдні паказчык па Еўрасаюзе – усяго 7 %.

З 2002 года ў Швецыі забаронена выкідаць тое, што можна перапрацаваць у іншыя рэчы ці энергію. У выніку перапрацоўваецца каля паловы побытавых адкідаў. Смецце становіцца сыравінай для прыбытковага бізнэсу, шведы нават закупляюць адкіды ў іншых краінах.

Перапрацоўка немагчымая без дасканалай сарціроўкі, бо нават малая доля “няправільнага” смецця можа папсаваць усю партыю.

У Швецыі гэта робіцца так: кожная хатняя гаспадарка адсартоўвае пластык, шкло, паперу і кампост. Да таго ж тару мыюць перад тым, як выкінуць. А шведскіх дзяцей вучаць сартаваць смецце яшчэ да школы.

На бляшанкі і шклянкі дзейнічае закладны кошт, іх можна здаць у адмысловых пунктах прыёму пры буйных гіпермаркетах і атрымаць назад грошы (у сярэднім каля 10 крон – прыкладна 1 еўра – за адзінку). Пра тых, хто здае тару, уладальнікі гіпермаркетаў клапоцяцца асабліва: ёсць ракавіна, сушылкі для рук, асобная сметніца для пакетаў, у якіх прынеслі бляшанкі ды слоікі.

Потым смецце сартуюць рабочыя рукамі на канвеерах, і тады ўжо перапрацоўваюць. Тое, што перапрацаваць нельга (змяшаныя адкіды) могуць выкарыстоўваць для ацяплення дамоў. Але збольшага са смецця ў Швецыі робяць біягаз, не спальваюць.

Акрамя перапрацоўкі смецця ў Швецыі шукаюць іншыя альтэрнатыўныя крыніцы энергіі кшталту ветракоў, сонечных батарэй.

Шведская кампанія Ikea, што дзейнічае па ўсім свеце, прымае старую мэблю ў кошт новай. Дзяцей у школьных сталовых заклікаюць не браць ежы больш, чым яны здольныя з’езці, а вядро для рэштак можа стаяць на вагах.

Экалагічных прынцыпаў прытрымліваліся і арганізатары Дня Швецыі, які прайшоў другога чэрвеня ў мінскім Верхнім горадзе. На тэрыторыі правядзення мерапрыемства стаялі кантэйнеры для раздзельнага збору смецця.

З прыемным здзіўленнем экалагічна свядомыя ўдзельнікі свята адзначылі наяўнасць асобных  кантэйнераў для арганічных адкідаў, што нячаста здараецца ў Беларусі.

Акрамя таго, як распавяла PR-мэнэджэрка кампаніі Monkey Food Марта Скугарава, арганізатары прапанавалі запрошанным удзельнікам кантраляваць раздзельны збор смецця на сваіх пляцоўках, што для нашай краіны зусім новая практыка.

Зразумела,  проста абавязаць людзей сартаваць смецце – складана, трэба паралельна даваць ім веды і развіваць навыкі сартавання. Людзі, якія прыйшлі на свята, маглі раней нават не задумвацца аб праблеме адкідаў. Але пасля фестывалю некаторыя з іх, пэўна, звернуць на ідэю больш увагі.

Тым больш, што на адукацыйнай пляцоўцы свята для цікаўных экаактывіст Павал Коўшаль даў некалькі майстар-класаў па сартыроўцы смецця, на распавёў, што на сённяшні дзень каля 60 краін свету абмяжавалі ці забаранілі некаторыя рэчы ці матэрыялы, якія не перапрацоўваюцца.

Смецце – гэта раскоша яшчэ і ў тым сэнсе, што мы выкідаем не толькі цэлюлозу ды пластык, якія таксама нешта каштуюць, але і каляровыя металы, і нават золата, - распавёў Павел. -  З адных толькі айфонаў ды айпадаў, што здалі іх гаспадары ў абмен на навейшыя прылады, Apple у 2015-м годзе здабыў амаль тону золата і яшчэ каля трох тон срэбра. Агулам, “чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць” ужо час мадэрнізаваць: “чыста там, дзе рамантуюць, дзеляцца і перапрацоўваюць”.

Акрамя свята Дня Швецыі ў Верхнім горадзе раней раздзельны збор смецця арганізоўваў толькі FSP. Марта Скугарава спадзяецца, на сёлетніх фестывалях такі падыход да арганізацыі стане трэндам.

Тым больш, што беларусам ёсць да чаго імкнуцца, бо наша краіна пакуль перапрацоўвае толькі 17 % адкідаў. Гэта, зразумела,  няблага, бо падобны ўзровень, напрыклад, мае Партугалія. Але досвед Швецыі паказвае, што можна і лепш.

Дарэчы, даведацца, куды выкінуць адсартаванае смецце, можна на сайце Greenmap.by.

Акрамя таго, падчас Дня Швецыі ў Мінску прайшлі канцэрты шведскіх і беларускіх зорак, майстар-клас па святкаванні Midsommar (шведскага аналагу беларускага Купалля), пробны ўрок шведскай мовы, Спеўны сход, дзейнічалі спартовая, індустрыяльная і дзіцячая пляцоўкі, гастранамічны тэатр, зона прыгажосці.

 

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость