06.07.2015 / 13:07

Гарадзенцы са здзіўленнем перапытваюць адзін аднаго ў сацыяльных сетках: чым апраўданы знос сцяны XVII стагоддзя ў манастырскім комплексе з боку Дома сувязі? “Твой Стыль” вырашыў спраўдзіць інфармацыю і выехаў на месца падзеяў. Сапраўды, каля 20-25 метраў абарончай сцяны Брыгіцкага манастыра з боку аўтобуснага прыпынку “Дом Сувязі” знішчана будаўнікамі. Абарончы комплеск, то бок вежачкі разам са сценамі па перыметры комплекса, гісторыкі датуюць сярэдзінай XVII ст. – як і храмавы будынак. 

Свой погляд на падзею выказаў гісторык архітэктуры і грамадскі актывіст Ігар Лапеха:

“Трэба ўлічваць, што абарончая сцяна ў гэтым месцы была перароблена ў сцяну будынка і прабіта вокнамі. Магчыма, перакрыцці былі ўжо не трывалымі, аварыйнымі і захаваць іх ужо не было мажлівасці… Будзем спадзявацца, што гэта неабходная мера і на гэтым месцы наўпрост адновяць мур станам на XVII ст.”  

Са словаў архітэктара інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Алега Шымбарэцкага хвалявацца наогул няма пра што, бо сценка была цалкам перакладзеная ў 1952 годзе. Хоць кавалкі арыгінальнай кладкі 1640-х гадоў маглі прысутнічаць месцамі да ўзроўню падваконніка. 

Рэканструкцыя Брыгіцкага кляштару трывае ўжо не першы год і з-большага ацэньваецца мясцовымі гісторыкамі станоўча: архітэктары спрабуюць надаць будынкам аўтэнтычны выгляд, без шкло-пакетаў, але з сапраўднай керамічнай дахоўкай. 

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар побач з ім – помнікі архітэктуры ранняга барока. За савецкім часам тут быў псіханеўралагічны дыспансэр, а ў 1990-я комплекс зноўку перададзены вернікам.

Больш здымкаў у крыніцы інфармацыі:  © Твой стыль

ДАРЭЧЫ

Адзін з фокарэспандэнтаў інтэрнэт-выдання Твой Стыль - Рон Сольф (валанцёр з Люксембургу), стварыў блог, у якім дзеліцца сваімі ўражаннямі і фотагісторыямі з нашага горада. Першая фотагісторыя Рона адказвае на пытанне "Ці Гродна - горад кахання?".

Больш здымкаў у крыніцы інфармацыі:  © Твой стыль

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость