06.07.2015 / 14:07

Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму пластыкавы посуд быў амаль што экзотыкай. Нават шклянкі грамадзкага карыстання ў розных аўтаматах з газіроўкай былі шклянымі. Што казаць пра сталовыя ды прыватныя кухні?

Зараз сітуацыя значна змянілася. Кожная кропка грамадзкага харчавання прапануе нам ежу на пластыкавых талерках і напоі ў такім жа посудзе. Кожны гіпермаркет дэманструе доўгія шэрагі паліц з пластыкавым посудам для захоўвання прадуктаў.

І мы настолькі звыкліся да гэтага, сапраўды простага і зручнага посуду, што не задумваемся пра яго уздзеянне на нашае здароўе і на навакольнае асяроддзе. Пра апошняе шмат казаць не трэба – выраб пластыку працэсс шкодны і да таго ж ён патрабуе шмат нафты, здабыча якой зноў жа не праходзіць для наваколля без следу. А вось як пластык уздзейнічае на нашае здароўе мала хто зможа адказаць дакладна.

Трэба разумець, што пластык – гэта агульная назва цэлага шэрагу матэрыялаў. І кожны з іх мае розныя ўласцівасці. Аднак ёсць і агульныя хібы пластыкаў. Па-першае, аміны, фенолы і складаныя эфіры кіслотаў, якія ўваходзяць у склад гэтых матэрыялаў, могуць пераходзіць у прадукты, якія ў іх захоўваюцца. Па-другое, тэмпература, сонечнае святло, тлушчы і кіслоты, што ўтрымліваюцца ў саміх прадуктах, могуць рашчапляць пластыфікатары. Па-трэцяе, увесь гэты посуд яшчэ і прыгожа пафарбаваны. І фарбавальнікі таксама трапляюць у ежу, асабліва пад уздзеяннем высокіх тэмператураў.

Усё гэта робіць абавязковай самаадукацыю – мы павінны разумець маркіроўку пластыкавага посуду і ўпакоўкі. Калі ўсе гэтыя літары стануць для нас асэнсаванымі, тады мы пачнем набываць посуд з улікам магчымых “сюрпрызаў” для нашага здароўя.

Ёсць сем асноўных тыпаў пластыку, з якога вырабляюць посуд. PETE альбо PET – паліэтылентэрфталат. Гэта найбольш пашыраны матэрыял для вырабу пластыкавых бутэлек. Шкодным ён можа быць толькі пры паўторным выкарыстанні, бо з цягам часу пачынае пераходзіць у прадукты, асабліва пад уздзеяннем кіслароду і тэмпературы.

HDPE (альбо PE-HD) – паліэтылен высокага ціску. З яго вырабляюць пакеты і бутэлькі. Без доступу кіслароду не шкодны, але калі вы адчынілі бутэльку з малаком ці вадой, пачынаецца ўзаемадзеянне паліэтылену з самім прадуктам. Таму не захоўвайце малако ў такой тары пасля таго, як адчынілі яе.

PVC (альбо V) – палівінілхларыд. Хаця лічыцца, што такі посуд падыходзіць для захоўвання тлушчоў і масла, але ёсць дадзеныя, што ўжо праз тыдзень вінілхларыд пачынае пераходзіць у прадукты, а пад уздзеяннем тэмпературы гэты працэсс паскараецца. Небяспека ў тым, што вінілхларыд можа стаць прычынай анкалагічных захворванняў.

LDPE (альбо PE-LD, L.L.D.P.E.) – паліэтылен нізкага ціску. Выкарыстоўваецца для вырабу гібкіх упаковак і пакетаў, а таксама некаторых бутэлек. Пры аднаразавым выкарыстанні не шкодны. Але тэрмічна не ўстойлівы, таму ні ў якім разе яго нельга награваць.

PP – паліпрапілен. Такі посуд падыходзіць для захоўвання гарачай ежы, а таксама для замарожвання прадуктаў. Але пры высокіх тэмпературах (награванне ў СВЧ-печцы) з гэтага пластыку выдзеляецца метанол (хоць і не ў вялікай колькасці). Ні ў якім разе ў такі посуд нельга наліваць алкагольныя напоі, бо пад іх уздзеяннем з паліпрапілену выдзяляюцца фенол і фармальдэгід – вельмі небяспечныя рэчывы для нырак, пячонкі, рэпрадуктыўных органаў. Акрамя гэтага, фенол і фармальдэгід вызываюць лейкоз. Нельга ў паліпрапілене захоўваць тлушчы, масла і маргарын. Ён разбураецца пад іх уздзеяннем і трапляе ў самі прадукты.

PS – палістырол. Вельмі пашыраны матэрыял, асабліва для вырабу розных аднаразавых латкоў, упакоўкі для ёгуртаў, талерак. Палістырол – канцэраген. Лепей наогул пазбягаць выкарыстання такога посуду. Асабліва небяспечна выкарыстоўваць яго шмат разоў і награваць у СВЧ-печцы. Халодныя напоі піць з яго дазваляецца, а вось гарачыя ўжо небяспечна.

OTHER – такая маркіроўка можа стаяць на посудзе, зробленым з змешанага пластыку, альбо з тых яго відаў, якія не вельмі пашыраныя і таму не маюць асобных маркіровак. Трэба глядзець, каб на такім посудзе было напісана “для харчовых прадуктаў”, бо напрыклад палікарбанат (РС), які таксама можа адносіцца да гэтай групы, нельга выкарыстоўваць для вырабу посуду. Ён утрымлівае бісфенол А, які можа выдзеляцца ў ежу і прыводзіць да гарманальных парушэнняў у арганізме.

Як бачыце пластыкавы посуд не такі бязшкодны, як мы думаем. І каб пазбегнуць негатыўных наступстваў яго выкарыстання, трэба прытрымлівацца шэрагу парадаў адмыслоўцаў.

Чытайце ўважліва ўсе маркеры і надпісы на посудзе. І строга выконвайце ўсё напісанае (не награвайце посуд, які “толькі для халодных прадуктаў” і не замарожвайце той, што пазначаны “для падагрэву” і т.д.).

Не захоўвайце доўга прадукты ў пластыку.

Не стаўце такі посуд на сонечнае святло, памятайце пра уздзеянне кіслых напояў, алкаголю і тлушчаў. Лепей усё гэтае захоўваць і ўжываць з шклянога ці кірамічнага посуду.

І наогул – імкніцеся як мага меней выкарыстоўваць пластыкавы посуд, асабліва калі вы не ўпэўнены ў яго якасці і не ведаеце з якіх матэрыялаў ён зроблены (бо часам можна сустрэць посуд і без маркіроўкі). Шкло і кераміка служаць чалавецтву тысячагоддзямі, а пластык менш чым за стагоддзе паказаў шмат сваіх хібаў.

Автор:
Фотограф:
silazvuka67.ru, media-driver.info, diva.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость