06.11.2014 / 12:11

Сёння, 6 лістапада, таварыству "Зялёная сетка" спаўняецца 7 год! Напярэдадні дня нараджэння Greenbelarus.info паразмаўляў з Яраславам Бекішам і Ірынай Сухій, каб даведацца як зарадзілася таварыства, як сталела, чым ёсць зараз і якім бачыцца ў будучым.

"Зялёная сетка" пачалася з жадання кансалідавацца і тэзісаў пра кулак і зубастасць эколагаў

 

Як узгадвае Ірына Сухій, афіцэр па адвокасі таварыства "Зялёная сетка" і член савету першага таварыша ГА "Экадом", ідэя пра стварэнне "Зялёнай сеткі" існавала ў аб'яднання даўно, нашмат раней, чым 2007 год.

 

Яраслаў Бекіш, каардынатар таварыства, свой адлік існавання "сеткі" вядзе з моманту стратэгічнага планавання і з'яўлення першага канцэпту.

 

Але, калі паглыбіцца ў гісторыю, то са слоў Ірыны, усё пачалося з сумеснага ўдзелу ў праекце па басейнаваму кіраванню Заходняй Дзвіны, які даў штуршок да стварэння "сеткі".

 

"Адна экалагічная ініцыятыва была галоўным рэалізатарам праекту, а "Экадом" выступаў у якасці юрыдычнай асобы, - распавядае Ірына. - Затым ініцыятыва пераехала у офіс грамадскага аб'яднання і вось з гэтага ўзнікла ідэя рабочых груп, бо пасля таго як мы сумесна штосьці зрабілі, з'явіўся давер і жаданне супрацы. А ў падсвядомасці "Экадома" даўно круціўся намер развіваць "зялёны" рух, а не толькі сябе".

 

І ў свой час, з дапамогай Яўгена Лабанава, Ірыне Сухій і Наталлі Рабавай удалося рэалізаваць ідэю стварэння "Зялёнай сеткі". З таго моманту пачалі праводзіцца сустрэчы, на якія запрашаліся іншыя "зялёныя" арганізацыі для абмеркавання "сеткі".

 

"Прычым падыход быў абсалютна анархічны, бо ўсе прыходзілі і казалі: "надакучылі ўсе гэтыя асацыяцыі..., надакучыла вертыкальныя структуры..., прыняцце рашэння кансэнсусам...", - прыгадвае Ірына, а затым дадае. - Гэта ўсё натхніла людзей. Мы нават да гэтага часу стараемся захаваць тую ж вертыкаль, але часам стэрэатыпы перамагаюць і нашы партнёры не зусім разумеюць як з намі ўзаемадзейнічаць".

 

На гэтым жа этапе да ажыццяўлення пабудовы "сеткі" быў прыцягнуты Яраслаў, па яго словах, зроблена гэта было ў літаральным сэнсе – за вушы, бо на той момант ён працаваў у агенцтве, дзе яму, беднаму выпускніку двух магістратур, хаця б плацілі... Але Ірына настояла на высокіх мэтах:

 

"Калі я прыйшоў, "Зялёная сетка" абмяркоўвалася толькі як ідэя і для мяне была пастаўлена задача прыдумаць як яна павінна працаваць, якія рэсурсы патрэбны і іншае, - узгадвае Яраслаў. - У канцы 2007 года па праграме маладзёжнага італа-беларуска-нямецкага абмену я паехаў у Берлін і ўсю дарогу распытваю людзей пра іх уяўленні "як будуюцца сеткі".

 

І такім чынам 2008 год - стаў годам стратэгічнага планавання і падпісання дамовы аб сумеснай дзейнасці.

 

"Зялёная сетка" зараз – гэта каллайдэр

 

«За час дзейнасці "Зялёнай сеткі" з'явіўся вельмі прыгожы працэс, працэс у якім беларусам удаецца ўсё больш і больш удзельнічаць і адваёўваць права на ўдзел у прыняцці экалагічна важных рашэнняў, - падкрэслівае Яраслаў. - А менавіта гэта і была адна з нашых мэт".

 

А Ірына зазначае, што "Зялёную сетку" можна зараз разглядаць як эксперыментальную пляцоўку:

 

"...пляцоўку, дзе мы стараемся развіваць сеткавыя прынцыпы, экалагічны рух і не толькі яго, бо мы частка грамадзянскай супольнасці, а экалагічныя пытанні проста падымаюць людзей да актыўнай пазіцыі", - распавядае Ірына, а пасля дадае, што таварыства можа параўнаць з каллайдэрам.

 

"Жыве чалавек сабе, яго не хвалююць праблемы экалогіі, а пасля, ба-бах, патрапляе ў зону ўздзеяння "Зялёнай сеткі" - паскараецца і азеляняецца...", - дадае словы Ірыны Яраслаў.

 

Вядома, што за сем год склад таварыства вельмі змяніўся, не адно пакаленне актывістаў прайшло праз "Зялёную сетку", але ў той жа момант, гэта дазваляе распаўсюджваць вопыт, каштоўнасці і мэты, напрацаваныя методыкі і пашыраць свой досвед у супрацы з дзяржаўнымі органамі і замежнымі прадстаўнікамі і арганізацыямі. Яшчэ адным дасягненнем, які можна запісаць на кошт таварыства – гэта правядзенне раз у два гады "Форуму зялёных арганізацый", што дапамагае усталяванню цесных кантактаў і наладжванню працэсаў экалагічных арганізацый.

 

"Вядома, што ў будучым хацелася, каб "Зялёная сетка" ператварылася ў грамадскае лобі – тое, што будзе дазваляць беларусам уплываць на ўсе працэсы прыняцця рашэнняў з пункту гледжання іх "зялёнасці". Каб усе разумелі, што пры планаванні і прыняцці рашэнняў павінны абавязкова ўлічвацца экалагічны кампанент", - падводзіць вынік Яраслаў.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость