Аўтар адкрыцця, кандыдат біялагічных навук Ірына Самусенка, кіраўнік лабараторыі арніталогіі НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, распавядае сайту birdwatch.by:
— Праглядаючы вялікую колькасць адзнятых мной на мінскіх звалках летніх і восеньскіх здымкаў розных чаек з кольцамі, ізноў звярнула ўвагу на гэтую акальцаваную пластыкавым кальцом вельмі жаўтаногую чайку. Вырашыла звярнуцца да экспертаў у адмысловую групу на Фэйсбуку па дапамогу ў вызначэнні птушкі. Але і сярод іх часам няма адназначнасці: «хутчэй за ўсё…, вельмі падобная…» – гэта ўсё ж не тыя меркаванні, якія хочаш пачуць калі гаворка ідзе пра новы для Беларусі від.
Ірына Самусенка даслала інфармацыю пра сустрэчу з чайкай у Польскі цэнтр кальцавання птушак POLRING і хутка атрымала адказ. Птушку акальцавалі на гнездавой калоніі яшчэ 5 гадоў ужо дарослай (то бок у 2011 годзе ёй ужо было не менш 4 гадоў) як міжземнаморскую чайку. Яна адзначалася яшчэ чатыры разы ў наступныя гады паблізу гэтага месца.
Міжземнаморская чайка толькі адносна нядаўна была прызнаная самастойным відам. Птушка жыве ў краінах Усходняй Еўропы, уключаючы Польшчу і Украіну. Яе адрозненні ад звычайнай у Беларусі серабрыстай чайкі могуць заўважыць толькі навукоўцы, якія спецыялізуюцца на гэтай групе птушак. Таму нават пры наяўнасці добрых фотаздымкаў заўсёды застаюцца сумневы ў правільнасці вызначэння, асабліва ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра новы для краіны выглядзе.
Янэк Рапчыньскі, арнітолаг з Варшавы, тлумачыць:
— Гнездавая калонія знаходзіцца паблізу мясцовасці Kępa Nadbrzeska недалёка ад рэзервату Łachy Brzeskie на поўдзень ад Варшавы. У калоніі галоўным чынам гняздуюць чайкі-рагатухі, невялікая колькасць чаек-клыгуноў, як мінімум адна жаўтаногая чайка (та, пра якую ідзе гаворка) і гібрыды. На жаль, з-за ўдзелу ў гнездаванні розных відаў часам вызначэнне канкрэтнай птушкі з яе немагчымае.
Канчатковую кропку ў гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі паставіць Беларуская арніта-фауністычная камісія, якая зацверджае не толькі назіранні новых для краіны, але і многіх рэдкіх відаў.
Калі гэтае – як і папярэднія за два гады назіранні ўсіх новых відаў – будзе зацверджана, жаўтаногая чайка стане 331 відам птушак нашай фауны і трэцім новым відам, адзначаным ў 2016 годзе. Яе папярэднікамі сёлета сталі кучаравы пелікан, зарэгістраваны зімой на Магілёўшчыне і чайка-бургамістр з канца лістапада з той жа звалкі пад Мінскам.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Чайки отвоёвывают крыши в Минске: люди ищут спасения (фото)
Начальство «Гродно-Азот» о морских чайках: «Их трогать нельзя, это же птицы!»