Гэта называюць фарміраваннем павесткі дня, мы ж называем размовай аб важным.
І нашая першая размова пра будаўніцтва АЭС, паляўнічы турызм і перапрацоўку смецця з прадстаўніцаю грамадскага руху “Гавары праўду” Таццянай Караткевіч.
- Таццяна, у вашай палітычнай праграме няма асобнага блоку, прысвечанага экалогіі. Вы наўмысна пазбягалі тэмы, ці проста так склалася?
- Калі б мы былі партыяй зялёных, дык нашай галоўнай мэтай было б закранаць тэмы экалогіі, зялёнай эканомікі, развіцця агра- і эка-, але мы грамадскі рух “Гавары праўду”. Сваю павестку і праграму мы фармавалі вельмі доўга – гэта пытанне не аднаго месяца. Яшчэ перад прэзідэнцкай праграмай у нас былі прэс-канферэнцыі і дыскусіі, на якіх мы даведваліся, якія тэмы найбольш актуальныя для людзей. І мая праграма – яна цалкам ад людзей. Гэта іх прыярытэты. І таму экалогія там была не як асобная палітычная тэма,яна была ўключана ў іншыя блокі.
Людзі разумеюць, што ў нас шмат праблемаў з экалогіяй, але яны разумеюць і тое, што вельмі часта гэтыя праблемы застаюцца нявырашанымі з-за палітыкі ўладаў. Улады пры прыняцці рашэнняў ігнаруюць вельмі шмат якія пытанні. Павінна быць вельмі моцнае палітычнае рашэнне, каб паставіць у цэнтр увагі экалагічнае развіццё і падтрымку менавіта гэтай тэмы, бо яна патрабуе шмат якіх укладанняў.
Шмат якія экалагічныя пытанні застаюцца ў цені іншых, бо мы пра іх праўду не чуем і не кажам. Вось быў Чарнобыль, і на яго глядзелі праз прызму “як танней зрабіць”. І, на мой погляд, быў абраны самы танны спосаб абароны людзей. Улада вельмі часта не кажа пра натуральны стан экалогіі ў краіне і прымае рашэнні, заўжды сыходзячы толькі з сённяшняга дня.
- Калі ўжо закранулі тэму Чарнобыля, то давайце паразмаўляем пра БелАЭС. Часам, крытыкуючы будаўніцтва беларускай АЭС, людзі выказваюць меркаванне, што былі б не супраць яе, калі б гэта быў незалежны ад Расіі праект. Наколькі бескампрамісная вашая пазіцыя адносна таго, каб Беларусь заставалася бяз’ядзернай дзяржавай?
- У нас у гэтым пытанні няма кампрамісаў. Мы бачым, што нашыя суседзі ідуць больш у бок зялёнай эканомікі, а нашыя ўлады сваім людзям дасылаюць як бы два розныя мэсаджы. З аднаго боку, ёсць законы і пастанаўленні, якія кажуць прадпрымальнікам: “давайце шукаць альтэрнатывы і падтрымліваць новыя праекты па зялёнай энергетыцы”, а з іншага – будуецца АЭС, якая фактычна перакрые ўсе альтэрнатыўныя намаганні. Немагчыма, каб гэта ўсё існавала паралельна.
Кажуць, што нам патрэбная энергетычная бяспека, але ёсць адчуванне, нібыта ўлады бачаць гэта ўсё толькі на паперы. Але ж вельмі важна давесці да людзей, што і як будуецца. Пра якую энергетычную незалежнасць можна казаць, калі гэтая будоўля нас фактычна зацягвае ў пазыкі? Мы будзем залежыць ад паставак палева для гэтай станцыі, трэба будзе вырашаць пытанне ўтылізацыі смецця, мы будзем залежыць ад коштаў, бо не зможам самастойна вырашаць цанавую палітыку. Так, мы станем незалежнымі ад газа ці нафты, але з’явяцца іншыя залежнасці. А колькі грошай запатрабуе развіццё інфраструктуры, каб раздаць гэтую энергію па ўсёй краіне! Гэта дадатковы праект, і адкуль на яго будуць браць грошы? І якія будуць рэальныя наступствы?
Калі мы кажам у “Гавары праўду”, што мы супраць АЭС, мы кажам уладам “Вось вы будуеце, ігнаруючы меркаванні людзей. Дык пакажыце нам праўду! Скажыце, якія ў вас планы, пакажыце адказных, правядзіцце слуханні”.
Мы крытыкуем гэтую расійскую мадэль атамнай электрастанцыі, бо яна адсталая. У свеце ажыццяўляюць праекты, дзе працу АЭС можна нават спыняць на час, і гэтыя праекты працуюць у пэўнай эканамічнай сінхранізацыі: разглядаюць патрабаванні рынка, патрабаванні краіны. Гэта ўсё трэба ўлічваць, і трэба таксама памятаць, што нам не трэба так шмат атамнай электраэнергіі.
- Апошнім часам людзей неверагодна зацікавіла тэма другаснай перапрацоўкі смецця. Пачынае здавацца, што гэта ўжо больш папулярна за тэму АЭС. Чаму так адбываецца?
- Тэма АЭС накладаецца на тэму Чарнобыля, якую яшчэ не асэнсаваў кожны беларус. Людзі баяцца, і два гады таму для іх гэта праблема нумар адзін. Але я лічу, што ў гэтым пытанні дзяржава перамагла, бо сродкі масавай інфармацыі актыўна расказвалі і расказваюць “а вось мы пабудуем АЭС, і ў нас усё будзе добра!”.
Што ж тычыцца смецця, дык тут, мне здаецца, ёсць некалькі фактараў. Па-першае, вельмі хочацца верыць, што ў нас нараджаецца грамадзянін з новай свядомасцю. Магчыма, гэта адбываецца дзякуючы дзейнасці дзяржаўных камітэтаў па экалогіі і грамадскіх арганізацый і рухаў. Фармуецца новы тып самасвядомасці. Беларусы хочуць, каб тут чыста было сапраўды, а тое ўсе прыязжаюць, думаюць, што тут вельмі чыста, а на самой справе ўсё інакш.
Па-другое, у нас сапраўды вельмі шмат смецця. І мне здаецца, што патрабаванне людзей паводзіць сябе больш адказна абумоўлена яшчэ і гэтым. Ёсць людзі, якія жадаюць і спрабуюць адказна сябе паводзіць, і ёсць тыя, хто зусім не разумее, што кожны маленькі рух уплывае на агульную карціну.
Гэта ўсё сведчыць, што нам вельмі патрэбнае мясцовае самакіраванне. Ды каб у тых жа невялічкіх селішчах людзі маглі паміж сабой дамовіцца, дзе ў іх будзе сметніца, - не канавай уздоўж дарогі, а па-нармальнаму.
Але нам яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць, каб падтрымаць людзей, зацікаўленых у тэме. Па-першае, трэба падтрымаць бізнэсоўцаў, якія ствараюць прадпрыемствы па пераапрацоўцы смецця. Па-другое, трэба пераняць нейкі досвед іншых краінаў. Я была ў Фінляндыі і ведаю, што там людзі калі і сустракаюць нейкае смецце ў лесе, дык яны яго адтуль аўтаматычна выносяць. Так адбываецца, калі людзі адчуваюць, што тое, што вакол – гэта іх. У нас жа таксама ў Канстытуцыі прапісана, што ўсе прыродныя рэсурсы належаць усім людзям, але мы гэтага не адчуваем, калі бачым, як Указамі Прэзідэнта пад будаўніцтва нейкіх аб’ектаў даюцца найлепшыя землі. Ці як у нас у Берасейскай вобласці актывісты змагаліся, і зараз у Чавусах у Магілёўскай вобласці змагаюцца з прадпрымальнікамі, якія маюць сувязі і атрымліваюць у арэнду палову возера, напрыклад.
Вельмі важна, каб экалагічныя арганізацыі ў супрацы і з дзяржаўнымі органамі, і з бізнэсам спрыялі таму, каб фармавалася ў людзей правільная грамадзянская пазіцыя.
Праблема яшчэ і ў тым, што ўжо прынятыя законы не працуюць. Няма размеркавання адказнасці ў грамадстве і няма разумення непазбежнасці пакарання. Калі людзі ведаюць, што ёсць штраф за няправільную ўтылізацыю смецця, і яны ведаюць, што дакладна будуць вымушаны яго заплаціць, калі стануць парушаць правілы, у іх ужо зусім іншае стаўленне. А яшчэ людзям вельмі важна асэнсоўваць важнасць самога працэсу. Калі ты сарціруеш смецце, ты не атрымліваеш за гэта грошы, і ніхто не кажа, які ты малойца. Патрэбная матывацыя – негатыўная ці станоўчая. Хоць нейкая!
- У праграме “Гавары праўду” ёсць месца пра развіццё экалагічнага турызму, што менавіта вы маеце на ўвазе?
- Маю на ўвазе, што гэта магло б стаць своеасаблівай кропкай росту. Для мяне экалагічны турызм – гэта, перш за ўсё, магчымасць для саміх беларусаў больш даведацца пра свой край.
На месцах маглі б арганізавацца бізнэс-суполкі, якія б стваралі тыя ж эка-сцяжынкі. Маглі б быць пляцоўкі для актыўнага адпачынку пры розных базах, - людзей цікавіць натуральная гаспадарка, ім цікава ўбачыць нейкія традыцыйныя рэчы.
- А як на вашую думку, ці варта дазваляць і развіваць паляўнічы турызм у Беларусі?
- Да мяне звярталіся людзі, якія казалі, што трэба дазволіць трымаць ружжо, дазволіць больш паляваць. Некаторым людзям вельмі цікава гэтым займацца. Тут патрэбная вельмі прадуманая палітыка, бо паляўніцтва было раней і, напэўна, трэба, каб яно і заставалася.
Я ведаю, зараз шмат дзікіх лясоў, у якіх усё менш і менш адчуваецца наяўнасць чалавека. Сцяжыны знікаюць, лес не прыбіраюць, у ляснічых няма грошай. Наколькі я ведаю, там шмат дзікоў, і было б варта іх крыху пастраляць, бо яны небяспечныя для чалавека. Але трэба абавязкова распрацоўваць план разам з эколагамі, каб яны тлумачыць, на каго ў якіх зонах можна паляваць, а на каго – нельга.
У нас вельмі жорсткае заканадаўства адносна нелегальнага палявання, так што легальнае, я думаю, хай будзе. Мне ўвогуле дужа не падабаецца любая дзяржаўная палітыка, якая сцвярджае, што людзям нельга даверыць прымаць нейкія рашэнні. Людзей трэба папярэджваць пра небяспечныя рэчы, і тлумачыць, што рабіць, каб бяды не здарылася. Паўсюль бачна: забароны не працуюць.