07.05.2018 / 11:05

Актывісты кампаніі «Выратуем прыпяцкія дубровы», таварыш Зялёнай сеткі, сёлетняй вясной адрадзілі традыцыю правядзення Маршу паркаў.

Марш паркаў упершыню нарадзіўся ў ЗША у Міжнародны дзень Зямлі 22 красавіка 1990 года. У Беларусі да акцыі далучыліся толькі ў 1997 годзе, тады ў ёй узялі ўдзел Бярэзінскі запаведнік і Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Але традыцыйнай акцыя так і не стала, хаця і праводзілася зрэдку актывістамі ў некаторых асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Магчыма прычынай таму, паслабленая агульная грамадская актыўнасць у нашай краіне.

Але сёлетняя вясна ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» не пакінула абыякавымі экалагічных актывістаў, якіх хвалюе стан унікальных угоддзяў каля вялікай палескай ракі. Абуджэнне прыроды адбывалася вельмі імкліва, веснавы лес у «Прыпяцкім» заклікаў да сябе і на новае знаёмства і на дапамогу.

Белыя россыпы кураслепу, дзівосныя суквецці таемніку, якія без лістоў вытыркаюцца наўпрост з зямлі, імклівыя плыні ручаінаў, што з балотаў нясуць рудую ваду ў Прыпяць і яе пойму, дзе стаяць у затопленым задуменні ўнікальныя для Еўропы лясы – поймавыя дубровы – усё гэта заварожвае.

А яшчэ ў «Прыпяцкім» можна ўбачыць два ўнікальныя дрэвы, якія мясцовыя жыхары называюць «царамі» – «цар-сасну» і «цар-дуб». Суворая велічнасць гігантаў, якія растуць у Азяранскім лясніцтве не адно стагоддзе, прымушае ўсвядоміць, што чалавечы век надта кароткі, каб псаваць наваколле, пазбаўляючы нашчадкаў магчымасці бачыць тое, што можам бачыць мы. А ледзь заўважная сцяжына да «цар-сасны» чамусьці пазначаная невялічкімі бел-чырвона-белымі простакутнікамі, нібы нагадваючы, што прыпяцкія лясы – дзівосная спадчына Беларусі.

Пра тое, які ўнікальны край акаляе жыхароў вёсак, што размешчаныя паўз вялізны лясны масіў Нацпарка, вучням Азяранскай сярэдняй школы распавялі ўдзельнікі ініцыятываў «Багна» і «Выратуем прыпяцкія дубровы» Інэса Балоціна і Андрусь Мядзведзеў, якія правялі ў навучальнай установе цікавы квіз-віктарыну на веданне Нацыянальнага парку.

Шмат што з таго, пра што вялося ў пытаннях квізу, для навучэнцаў дзявятых і адзінаццатых класаў было новым, але пераможца квізу – адзінаццацікласнік Андрэй Друк, паказаў цудоўнае арыентаванне ў справах нацпарка, адказаўшы правільна на 12 з чатырнаццаці пытанняў. Ён у якасці прыза атрымаў кніжку-даведнік для ахоўніка тэрыторыяў, важных для птушак.

На жаль, далёка не ўсе людзі здольныя ўразіцца прыгажосцю наваколля, асабліва, калі праязджаюць праз запаведны лес на хуткасных машынах па трасе, што злучае Тураў з Лельчыцамі. Едучы да прыродных цікавостак на вясновым доле экаактывістам давялося ўбачыць не толькі безліч веснавых кветак, але і «падснежнікі» ў выглядзе смецця – у асноўным бутэлек і пакункаў ад рознай ежы. Выкінуць парэшткі сваіх «перакусаў» у вакно аўто проста ў запаведны лес, як аказваецца, для цяперашніх беларусаў не ёсць чымсьці немагчымым.

Але экаактывісты вырашылі справай дапамагчы запаведнай прыродзе ўвайсці ў лета чыстай. На адносна невялікім участку, колькі дазволілі сілы, удзельнікі кампаніі «Выратуем прыпяцкія дубровы» сабралі 10 вялікіх мяхоў смецця.

Сустрэчы з мясцовым актывам – людзьмі, якія не абыякавыя да наваколля і дапамагаюць эколагам у іх справе, сталі зарукай плённай увагі да праблемаў лясоў Нацыянальнага парку.

Гэтае вясновае абуджэнне мусіць стаць і абуджэннем неабыякавага да лёсу ўнікальных лясоў па-над Прыпяццю грамадства. Людзі маюць права і хочуць удзельнічаць у захаванні прыроды разам з дзяржаўнай арганізацыяй, якая вядзе гаспадарку ў прыпяцкіх лясах. І актывісты імкнуцца сёлета наблізіцца да канструктыўнага супрацоўніктва з кіраўніцтвам Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», каб разам працаваць на карысць зберажэння ўнікальных прыродных комплексаў Прыпяцкага Палесся.

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы, Інэса Балоціна
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость