07.08.2019 / 22:08

У забалочаных лясах Беларусі жыве надзвычай рэдкая птушка – вялікі арлец. Гэтаму віду пагражае знікненне ва ўсім свеце. Ахове птушкі на Беларусі дапамагае добраахвотная лясная сертыфікацыя FSC.

Сёлета вялікі арлец быў абраны птушкай года Беларусі. Гэтаму віду патрэбная ўвага, каб яго захаваць. Прыродаахоўнікі праводзяць даследаванні, шукаюць з валанцёрамі гнёзды і аддаюць участкі гнездавання вялікіх арляцоў лясгасам пад ахову.

Дзеці малююць птушку года і разам з настаўнікамі ставяць пра яе спектаклі, дарослыя ахвяруюць на экспедыцыі і ўдзельнічаюць у акцыі “Выратуй арляня!”

“Белпошта” і Міністэрства сувязі выпуцілі канверт і марку, а Нацбанк – калекцыйную манету з вялікім арляцом.

Другога жніўня каманда АПБ выправілася да гнязда вялікага арляца ў Столінскі раён. За тры з паловай тыдні да таго гэтае жылое гняздо з познім, яшчэ пухнатым птушанём знайшла экспедыцыя, што праходзіла ў межах акцыі “Выратуй арляня!”

Сямён Левы трымае птушаня вялікага арлеца
Сямён Левы трымае птушаня вялікага арлеца

Звычайна ў пачатку жніўня птушаняты вялікага арляца пакідаюць гнёзды. Але гэтае пачне лятаць толькі праз 10 дзён.

Валер Дамброўскі, менеджар праекта АПБ «Навукова абгрунтаваная ахова глабальна пагражальнага віду вялікага арляца ў Беларусі», які фінансуецца Міністэрствам замежных справаў Эстоніі,  тлумачыць: “Адзін варыянт, што птушкі позна прыляцелі, а другі, што першая кладка загінула на ранніх стадыях, і тады адклалі паўторную. Такая сітуацыя даволі рэдкая”.

Вялікія арляцы абралі месцам для гнездавання гэтае месца нездарма. Чорная вольха добра ўтрымлівае вільгаць. Вакол ольсаў у адкрытых балотах болей шанцаў знайсці адносна буйную здабычу.

Абмер птушаняці
Абмер птушаняці

“Раней, калі людзі не так моцна рассяліліся, вялікія арляцы жылі ў і сухіх месцах, у стэпах, у сасновых барах, - тлумачыць Валер Дамброўскі, - Цяпер толькі на балотах. Але як я цяпер разумею, яны ў балота загнаныя людзьмі. На сухіх месцах не засталося ні суслікаў, ні хамякоў, ні якіх-небудзь пясчанак – буйных відаў, якія раней паўсюль жылі. У балоце вадзяная палёўка і буйныя птушкі яшчэ пакуль ёсць. А на полі што можна злавіць? Дробныя палёўкі для яго занадта маленькія. А заяц – завялікі”.

Высечка ўчасткаў гнездаванняў – другая па значнасці пагроза вялікаму арляцу пасля турбавання падчас гнездавання.  Таму выдатна, калі інтарэсы эканомікі і дзікай прыроды могуць не супярэчыць адно аднаму.

Такі “win-win” можна бачыць на прыкладзе глабальнай добраахвотнай лясной сертыфікацыі FSC, да якой ужо далучылася большасць беларускіх лясгасаў. Захаванне біяразнастайнасці – адна з умоваў для атрымання сертыфіката.

Гняздо вялікага арлеца
Гняздо вялікага арлеца

Усе выяўленыя месцы пражывання жывёлаў і месцы, дзе растуць расліны з відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, павінны ахоўвацца лясгасам. Гэта патрабуе і беларускае заканадаўства, але ў сертыфікаваных лясгасах да такога патрабавання не адносяцца фармальна.

Акрамя інспекцыі, ахову рэдкіх відаў правяраюць рэгулярна аўдытары. Яны адсочваюць, напрыклад, каб суцэльныя вырубкі (галоўнага карыстання) былі забароненыя ў выдзелах, якія цалкам ці часткова ўваходзяць у зону радыусам ад 200 м да 500 м ад гнязда вялікага арляца і г.д.

Раней нам перадалі  шэсць месцаў пражывання вялікага арляца. Чакаем, што па выніках палявых работ 2015 года нам афіцыйна перададуць пад ахову яшчэ чатыры месцы пражывання гэтага віду, для гэтага патрэбна рашэнне мясцовага Савета дэпутатаў. Пакуль жа мы ўзялі іх пад ахову з уласнай ініцыятывы – гэта іміджавае пытанне, што тут пасяліліся “чырвонакніжныя” віды. Мы абавязаныя ахоўваць дзікую прыроду і планамерна працуем над гэтым”, - кажа Павел Дабравольскі, інжынер па па ахове і абароне лесу Столінскага лясгаса:

Птушаня вялікага арлеца пазуе
Птушаня вялікага арлеца пазуе

Даведка FSC - Forest Stewardship council (Лесной попечительский совет, Лясная апякунская рада) – міжнародная некамерцыйная асацыяцыя, якая кантралюе распрацоўку глабальных стандартаў адказнага кіравання лясамі.

 “Можна сказаць, што з таго часу, як лясгасы Беларусі пачалі пераходзіць на FSC, сітуацыя па ахове біяразнастайнасці лясоў значна палепшылася. Мы бачым, што колькасць неадпаведнасцяў, якія выстаўляюцца прадпрыемствам, знізілася ў цэлым, хаця не выключаныя і выпадкі падвойнага трактавання патрабаванняў і некаторых супярэчнасцяў з усталяванай практыкай вядзення лясной гаспадаркі, - кажа Леў Федаровіч, нацыянальны каардынатар праектаў FSC у Беларусі. - І ўсё ж веды ў галіне лясной сертыфікацыі ў спецыялістаў паляпшаюцца, практыкі з улікам навучання і найлепшых прыкладаў калег змяняюцца, а плошча FSC-сертыфікаваных лясоў расце”.

Леў Федаровіч
Леў Федаровіч

Яшчэ не так даўно на лясной дзялянцы, дзе была праведзеная суцэльная высечка, можна было назіраць вельмі сумную карціну, якая нагадвае ландшафт на месяцы, «разбаўлены» асобнымі, самотнымі насеннымі дрэвамі.

“Ні птушак, ні матылькоў, ні квітнеючых лясных раслін... Прыемна ўсведамляць, што такія пейзажы паступова сыходзяць у мінулае.Спрыяюць гэтаму новыя тэндэнцыі ў лесакарыстанні (перш за ўсё развіццё добраахвотнай лясной сертыфікацыі), а таксама сучаснае заканадаўства, у тым ліку лясное. Усё большае распаўсюджванне атрымліваюць тэхналогіі высечак, якія праводзяцца з абавязковай умовай захавання ключавых біятопаў і аб'ектаў”.

Зразумела, што ў пытанні захаванні біяразнастайнасці, Беларусі яшчэ ёсць, куды імкнуцца. Але тое, якім будзе беларускі лес у будучыні, у значнай ступені залежыць і ад кожнага грамадзяніна краіны. І самы просты спосаб падтрымаць біяразнастайнасць, а значыцца і вялікага арлеца,  - выбіраць прадукцыю са знакам FSC, з лясоў, дзе захоўваюць дзікую прыроду, клапоцяцца пра мясцовых людзей і эканоміку.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость