
Штучны інтэлект сапраўды мае экалагічны след. Але ён значна складанейшы, чым простыя параўнанні кшталту "адзін запыт = паўлітра вады". Каб разумець маштаб праблемы, важна паглядзець не толькі на тое, колькі рэсурсаў спажываюць нейрасеткі, але і на тое, што яны могуць даць у адказ.
Чаму штучны інтэлект патрабуе ўсё больш энергіі
Сучасныя вялікія моўныя мадэлі працуюць зусім не так, як звычайныя пошукавыя сістэмы.
Google, як правіла, знаходзіць ужо існуючыя старонкі. ChatGPT або іншая генератыўная мадэль стварае адказ кожны раз нанова. Для гэтага ў дата-цэнтрах адначасова працуюць тысячы высокапрадукцыйных графічных працэсараў.
Але справа не толькі ў саміх тэхналогіях.
"За апошнія некалькі гадоў змяніўся сам прынцып выкарыстання штучнага інтэлекту", – адзначае эксперт па штучным інтэлекце Анатоль Шавец.
Калі раней алгарытмы машыннага навучання працавалі пераважна "за кулісамі" – падбіралі рэкламу, рэкамендавалі фільмы або дапамагалі банкам аналізаваць рызыкі, – то сёння мільёны людзей штодня просяць нейрасеткі стварыць для іх унікальны тэкст, выяву, відэа ці нават выканаць цэлую працоўную задачу.
Гэта азначае, што замест паўторнага выкарыстання ўжо існуючага кантэнту серверы кожны раз генеруюць нешта новае. Такая персаналізаваная генерацыя патрабуе значна больш вылічальных рэсурсаў, чым традыцыйны пошук або рэкамендацыйныя сістэмы.
Акрамя таго, усё часцей чалавек не проста атрымлівае адказ ад ШІ, а дэлегуе яму частку сваёй працы. Сёння папулярны іншы сцэнар: адна мадэль выконвае задачу, другая правярае вынік, а чалавек бачыць толькі фінальны адказ. Гэта павялічвае нагрузку на дата-цэнтры яшчэ мацней.
Не дзіўна, што энергаспажыванне дата-цэнтраў расце беспрэцэдэнтнымі тэмпамі. Паводле прагнозаў, ужо да 2030 года ЗША і Кітай могуць забяспечыць амаль 80% сусветнага росту спажывання электраэнергіі дата-цэнтрамі, а доля рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца менавіта для задач штучнага інтэлекту, можа павялічыцца з цяперашніх 17–25% да 50–60%.
Ці сапраўды адзін запыт наносіць вялікую шкоду?
Менавіта на гэтым фоне і з'яўляюцца шматлікія загалоўкі пра тое, што "адзін запыт да ChatGPT шкодзіць планеце". Але калі паглядзець на сітуацыю вачыма асобнага карыстальніка, карціна ўжо не выглядае настолькі драматычнай.
"Адзін запыт да ChatGPT патрабуе прыкладна ад 0,2 да 0,5 ват-гадзіны электраэнергіі", – адзначае незалежны аналітык Дэпартамента энергетычнай бяспекі аналітычнага цэнтра iSANS Яўген Макарчук.
Для параўнання: святлодыёдная лямпа магутнасцю 15 Вт за адну гадзіну выкарыстае прыкладна столькі ж электраэнергіі, колькі чалавек здольны патраціць на дзясяткі звычайных запытаў да штучнага інтэлекту. Іншымі словамі, выключыўшы асвятленне ў пакоі на гадзіну, можна кампенсаваць энергаспажыванне ад вельмі інтэнсіўнай размовы з чат-ботам.
Пры гэтым яшчэ складаней адказаць на пытанне, што патрабуе больш энергіі: навучанне новай мадэлі або яе штодзённае выкарыстанне. На думку эксперта, сёння ўсё больш важкую ролю адыгрываюць менавіта мільёны карыстальніцкіх запытаў. Калі навучанне адбываецца адзін раз, то мадэль пасля можа працаваць месяцы і нават гады, адказваючы на велізарную колькасць пытанняў. Менавіта таму сукупнае энергаспажыванне падчас эксплуатацыі, верагодна, ужо сёння перавышае выдаткі на навучанне і будзе толькі павялічвацца.
Яшчэ адзін распаўсюджаны міф – што пошук праз ШІ заўсёды ў разы менш экалагічны, чым звычайны пошук у інтэрнэце. Фармальна гэта сапраўды так: генерацыя адказу патрабуе больш вылічэнняў. Але Яўген Макарчук прапануе паглядзець на ўвесь працэс цалкам. Пасля пошуку ў Google чалавек часта адкрывае некалькі сайтаў, марнуе час на чытанне нерэлевантнай інфармацыі, а ўвесь гэты час працуюць камп'ютар, манітор і сеткавае абсталяванне.
Калі ж ШІ адразу дае патрэбны адказ, агульныя энергавыдаткі могуць аказацца не большымі, а ў асобных выпадках нават меншымі. Таму параўноўваць варта не адзін запыт, а ўвесь сцэнар выкарыстання тэхналогіі.
Гэта не азначае, што праблемы няма. Але яна ўзнікае не праз аднаго чалавека, а праз маштаб. Сотні мільёнаў карыстальнікаў, якія штодня генеруюць тэксты, выявы і відэа, разам ствараюць попыт, які патрабуе будаўніцтва ўсё новых дата-цэнтраў.
Вада – сапраўдная праблема, але ёсць нюансы
Яшчэ адна тэма, якая апошнім часам усё часцей з'яўляецца ў медыя, – водны след штучнага інтэлекту. Часам можна сустрэць сцвярджэнні, што некалькі дзясяткаў запытаў да ChatGPT "выпіваюць" паўлітра вады. Гучыць уражліва, але за гэтай лічбай хаваецца значна больш складаная карціна.
Дата-цэнтры сапраўды выкарыстоўваюць вялікія аб'ёмы вады. Прычына простая: сучасныя графічныя працэсары, на якіх працуюць вялікія моўныя мадэлі, выдзяляюць вялікую колькасць цяпла. Гэта вельмі дарагое абсталяванне, разлічанае на бесперапынную працу, таму падтрымліваць для яго стабільную тэмпературу жыццёва неабходна. Менавіта таму астуджэнне становіцца адной з галоўных задач дата-цэнтраў, а вада – адным з асноўных рэсурсаў, якія для гэтага выкарыстоўваюцца.

"Гаворка ідзе не толькі пра эфектыўнасць працы сервернага абсталявання, але і пра яго захаванасць: без належнага астуджэння працэсары могуць хутка выйсці са строю", – адзначае Анатоль Шавец.
Пры гэтым важна адрозніваць прамое і ўскоснае спажыванне вады. Прамое – гэта вада, якая выкарыстоўваецца непасрэдна ў сістэмах астуджэння дата-цэнтраў. Ускоснае – вада, неабходная для вытворчасці электраэнергіі, асабліва калі яна выпрацоўваецца цеплавымі электрастанцыямі. Таму экалагічны след залежыць не толькі ад колькасці нашых запытаў, але і ад таго, дзе фізічна знаходзіцца дата-цэнтр, якімі крыніцамі энергіі ён карыстаецца і ў якіх кліматычных умовах працуе.
Асабліва востра гэтае пытанне паўстае ў рэгіёнах, якія ўжо сёння сутыкаюцца з засухамі і дэфіцытам прэснай вады. Там дадатковая нагрузка на водныя рэсурсы можа стаць прадметам канфлікту паміж патрэбамі мясцовых жыхароў, сельскай гаспадаркі і новых дата-цэнтраў. У той жа час індустрыя шукае альтэрнатыўныя рашэнні. Напрыклад, эксперыментуе з падводнымі дата-цэнтрамі, якія выкарыстоўваюць для астуджэння марскую ваду. Аднак і гэты падыход пакуль не лічыцца ўніверсальным: ён таксама патрабуе ацэнкі магчымых наступстваў для марскіх экасістэм.
Адкуль бярэцца энергія для штучнага інтэлекту?
Калі дата-цэнтры спажываюць усё больш электраэнергіі, узнікае яшчэ адно лагічнае пытанне: на чым яны працуюць? Ці сапраўды "разумны" штучны інтэлект сёння ў значнай ступені залежыць ад вугалю і газу?
Кароткі адказ – і так, і не.
Паводле ацэнак Міжнароднага энергетычнага агенцтва, дата-цэнтры будуць спажываць энергію з усіх даступных крыніц. Найбольш хутка расце вытворчасць энергіі з аднаўляльных крыніц – сонца, ветру і іншых нізкавугляродных тэхналогій. Аднак гэтага пакуль недастаткова, каб задаволіць імклівы рост попыту.
Таму разам з развіццём "зялёнай" энергетыкі павялічваецца і выкарыстанне прыроднага газу, а ў асобных рэгіёнах нават вугалю. Іншымі словамі, рост спажывання дата-цэнтраў пакуль што адбываецца за кошт усёй энергасістэмы, а не толькі яе аднаўляльнай часткі.
Гэта азначае, што размовы пра "цалкам зялёны штучны інтэлект" сёння хутчэй застаюцца мэтай, чым рэальнасцю. Разам з тым буйныя тэхналагічныя кампаніі ўжо актыўна інвестуюць у развіццё аднаўляльнай энергетыкі і заключаюць доўгатэрміновыя кантракты на закупку электраэнергіі з ветравых і сонечных электрастанцый. Іх задача – зрабіць так, каб рост штучнага інтэлекту як мага менш залежаў ад выкапнёвага паліва. Але пакуль што тэмпы развіцця ШІ апярэджваюць пераход энергетыкі на нізкавугляродныя крыніцы.

Ці сапраўды дата-цэнтры могуць "з'есці" ўсю электраэнергію?
Калі прачытаць некаторыя загалоўкі, можа скласціся ўражанне, што ўжо ў найбліжэйшыя гады дата-цэнтры пачнуць канкураваць з гарадамі за электраэнергію, а развіццё штучнага інтэлекту стане пагрозай для энергасістэм.
У рэальнасці сітуацыя выглядае больш складанай.
Яўген Макарчук адзначае, што лакальныя праблемы сапраўды магчымыя. Калі побач з невялікім горадам або прамысловай зонай будуецца буйны дата-цэнтр, існуючыя электрасеткі могуць запатрабаваць мадэрнізацыі, а ў асобных рэгіёнах – дадатковых генерыруючых магутнасцяў. Але гэта хутчэй мясцовыя выклікі, чым глабальная пагроза.
У маштабах свету дата-цэнтры пакуль што не з'яўляюцца галоўным драйверам росту попыту на электраэнергію. Паводле ацэнак Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года на іх прыйдзецца крыху менш за 10% усяго прагназуемага росту сусветнага спажывання электраэнергіі.
Гэта значная лічба, якая патрабуе ўвагі энергетычных кампаній і дзяржаў, але яна далёкая ад сцэнарыяў, паводле якіх штучны інтэлект нібыта "абясточыць" гарады або стане галоўнай прычынай энергетычнага крызісу.
Больш за тое, Яўген Макарчук звяртае ўвагу яшчэ на адну акалічнасць: рост спажывання дата-цэнтраў адбываецца вельмі хутка і таму прыцягвае шмат увагі медыя. Аднак у агульным балансе сучасных энергасістэм гэта па-ранейшаму адносна невялікі сегмент, нават істотныя ваганні якога не здольныя сур'ёзна паўплываць на сусветны энергетычны рынак.
Такім чынам, яшчэ адзін распаўсюджаны страх аказваецца толькі часткова справядлівым. Развіццё штучнага інтэлекту сапраўды патрабуе новых энергетычных магутнасцяў і інвестыцый у інфраструктуру. Але сёння больш карэктна казаць не пра энергетычную катастрофу, а пра неабходнасць своечасова адаптаваць энергасістэмы да новага буйнога спажыўца электраэнергіі.
Але ёсць яшчэ адзін бок гісторыі
Калі гаварыць толькі пра спажыванне электраэнергіі, вады і рэсурсаў, лёгка страціць галоўнае. Штучны інтэлект не толькі спажывае энергію – ён ужо сёння дапамагае выкарыстоўваць яе больш эфектыўна.
Менавіта на гэта звяртае ўвагу эксперт па штучным інтэлекце Анатоль Шавец.
"Ацэньваць экалагічны след ШІ толькі па колькасці спажытай электраэнергіі было б няпоўна. Значна важней параўноўваць, ці перавышае экалагічная карысць ад выкарыстання штучнага інтэлекту тыя рэсурсы, якія былі выдаткаваныя на яго працу", – падкрэслівае эксперт.
Для адных задач адказ будзе станоўчы, для іншых – ні. Таму ў кожным выпадку неабходна разглядаць увесь жыццёвы цыкл тэхналогіі, а не толькі працу дата-цэнтраў.

Практычныя прыклады ўжо ёсць. Алгарытмы штучнага інтэлекту дапамагаюць энергетыкам больш дакладна прагназаваць попыт на электраэнергію і аптымізаваць працу электрасетак. У транспарце яны скарачаюць заторы і дапамагаюць будаваць маршруты, якія патрабуюць менш паліва. У сельскай гаспадарцы сістэмы дакладнага земляробства аналізуюць стан глебы і раслін, дазваляючы ўносіць угнаенні і выкарыстоўваць паліў толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна.
А пры аналізе спадарожнікавых здымкаў ШІ ўжо сёння дапамагае хутчэй выяўляць незаконныя высечкі лясоў, ачагі пажараў і іншыя пагрозы для навакольнага асяроддзя.
Менавіта таму міжнародныя даследаванні ўсё часцей спрабуюць ацэньваць не толькі "кошт" штучнага інтэлекту, але і яго патэнцыйны экалагічны эфект.
Паводле адной з такіх ацэнак, ужо існуючыя тэхналогіі ШІ могуць да сярэдзіны наступнага дзесяцігоддзя дапамагчы скараціць глабальнае спажыванне энергіі прыкладна на 13,5 эксаджоўля. Гэта больш, чым за год спажывае электраэнергіі такая краіна, як Інданезія. Найбольшы патэнцыял эксперты бачаць у транспарце, прамысловасці і энергетыцы.
Вядома, гэта не азначае, што любы праект са штучным інтэлектам аўтаматычна прыносіць карысць навакольнаму асяроддзю.
На думку Анатоля Шаўца, сёння яшчэ не заўсёды проста адказаць, ці сапраўды той ці іншы сэрвіс эканоміць больш рэсурсаў, чым расходуе. Менавіта таму да гучных заяў пра "экалагічны ШІ" варта ставіцца крытычна і ацэньваць іх на аснове канкрэтных даных, а не маркетынгавых лозунгаў. Як і не існуе пакуль дакладнага адказу на пытанне "ШІ – гэта дабро ці зло для навакольнага асяроддзя?". Сёння гэта хутчэй інструмент, які адначасова стварае новыя выклікі і прапануе новыя магчымасці. І тое, якім будзе яго канчатковы ўплыў на навакольнае асяроддзе, залежыць не толькі ад распрацоўшчыкаў і ўладальнікаў дата-цэнтраў, але і ад таго, дзе, як і дзеля якiх задач мы будзем выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі.

Экалагічны след пачынаецца з нашых звычак
Калі гаворка заходзіць пра экалагічны след штучнага інтэлекту, мы звычайна засяроджваемся на велізарных дата-цэнтрах, графічных працэсарах і кілаватах электраэнергіі. Аднак частка адказнасці ляжыць і на саміх карыстальніках. Як і ў выпадку з любымі іншымі рэсурсамі, значэнне мае не толькі тое, колькі іх спажываецца, але і наколькі разумна яны выкарыстоўваюцца.
Адмаўляцца ад штучнага інтэлекту не толькі бессэнсоўна, але і нерэалістычна. Ён ужо стаў часткай паўсядзённага жыцця, адукацыі, бізнесу і навукі. Таму ўсё большую ўвагу спецыялісты звяртаюць не на забарону тэхналогіі, а на культуру яе выкарыстання. Менавіта з гэтага падыходу вырасла канцэпцыя экапромтынгу – выкарыстання ШІ такім чынам, каб атрымліваць патрэбны вынік з мінімальнай колькасцю запытаў і вылічэнняў.
На практыцы гэта азначае вельмі простыя рэчы. Калі загадзя выразна сфармуляваць задачу, даць неабходны кантэкст, адразу пазначыць патрэбны фармат адказу і не прымушаць мадэль па некалькі разоў перапрацоўваць адну і тую ж інфармацыю, яна выконвае менш вылічэнняў. Гэта не толькі зніжае нагрузку на дата-цэнтры, але і дазваляе самому карыстальніку хутчэй атрымаць больш дакладны вынік.
Іншымі словамі, добра складзены промт – гэта не толькі прыкмета лічбавай граматнасці, але і своеасаблівая форма беражлівых адносін да рэсурсаў.
Анатоль Шавец звяртае ўвагу яшчэ на адну асаблівасць, пра якую рэдка задумваюцца карыстальнікі. Калі мы вядзём вельмі доўгі чат і просім мадэль у чарговы раз "крыху паправіць" тэкст або "замяніць адно слова", сістэма кожны раз вымушана аналізаваць значную частку папярэдняй размовы. Таму часам прасцей і больш эфектыўна пачаць новы чат, чым працягваць бясконца ўдакладняць стары. Гэта таксама частка адказнага выкарыстання тэхналогіі.
У гэтым сэнсе выкарыстанне штучнага інтэлекту вельмі нагадвае іншыя экалагічныя звычкі, якія ўжо сталі для многіх нормай. Мы выключаем святло, калі выходзім з пакоя, выбіраем энергазберагальную тэхніку, стараемся не марнаваць дарэмна ваду.
Са штучным інтэлектам працуе падобны прынцып: гаворка не пра адмову ад тэхналогій, а пра іх разумнае выкарыстанне.

Экалагічны след штучнага інтэлекту сапраўды існуе. Але, як паказваюць сённяшнія даследаванні і меркаванні экспертаў, яго не варта ні перабольшваць, ні ігнараваць. ШІ ўжо стаў адным з найважнейшых інструментаў сучаснай эканомікі, і пытанне цяпер не ў тым, спыніць яго развіццё ці не.
Значна важней зрабіць так, каб гэтае развіццё ішло поруч з развіццём чыстай энергетыкі, больш эфектыўных дата-цэнтраў і адказнай культуры выкарыстання саміх лічбавых тэхналогій.
Бо ўрэшце галоўнае пытанне не ў тым, колькі электраэнергіі або вады спажывае штучны інтэлект. Галоўнае – ці дапаможа ён чалавецтву выкарысоўваць рэсурсы разумней, чым мы рабілі гэта дагэтуль, ці стане яшчэ адным фактарам экалагічнага крызісу або адным з інструментаў яго пераадолення. І адказ на гэтае пытанне залежыць ужо не толькі ад інжынераў і распрацоўшчыкаў, але і ад кожнага з нас.