07.09.2016 / 11:09

Работнікі рыбгаса «Лактышы» могуць «праславіць» Ганцавіцкі раён, паставіўшы рэкорд па самым буйным крадзяжы рыбы ў Беларусі ў 2016 годзе. На мінулым тыдні супрацоўнікі Пінскага ДАІ на дарозе Ганцавічы–Лагішын каля вёскі Бобрык затрымалі дваіх работнікаў рыбгаса, якія перавозілі на асабістым аўтамабілі шэсць мяшкоў рыбы агульнай вагой 246 кілаграмаў.

Як патлумачыў па тэлефоне карэспандэнту «ГЧ» Пятру Гузаеўскаму, намеснік начальніка Пінскай міжраённай інпекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Чыжэўскі, прыкладна ў 19 гадзін 50 хвілін каля вёсці Бобрык Пінскага раёна супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль «Фольксваген-Пасат» у якім было два чалавекі, а ў салоне ў мяшках знаходзілася рыба.

Работнікі ДПС выклікалі работнікаў інспекцыі.

За межы раёна рыбгасаўцы везлі вельмі добры ўлоў – 136 штук белага амура агульнай вагой 174 кг і 85 карпаў агульнай вагой 72 кг.

Аўтамабіль, на якім перавозілі рыбу, быў змешчаны на штрафстаянку, а карпаў і белых амураў перадалі на захоўванне ў рыбгас «Палессе».

«Устаноўлена, што рыба вылаўлена ў прудах, ніякіх суправаджальных дакументаў у мужчын не было, таму справа перададзена ў міліцыю», – сказаў Сяргей Іванавіч.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі, адзін з затрыманых работнікаў рыбгаса вясной ужо трапляў у поле ахоўнай дзейнасці інспекцыі. У перыяд вясновага нерасту на вадасховішчы Лактышы ён рыбачыў сеткамі і вылавіў 120 кг рыбы. Тады браканьер прызнаў віну і адразу выплаціў у якасці пакрыцця прычыненай прыродзе шкоды 140 млн рублёў.

Сажалкі рыбгаса «Лактышы»
Сажалкі рыбгаса «Лактышы»

На гэты раз справа можа закончыцца крымінальным артыкулам. Як адзначылі ў Дзяржінспекцыі: «Калі праваахоўнікі дакажуць факт крадзяжу, то гэта будзе адзін з самых буйных крадзяжоў рыбы сёлета, а парушальнікі могуць пазбавіцца волі на чатыры гады».

Для рыбгаса «Лактышы», які перажывае свае горшыя часы і з мільярднымі даўгамі знаходзіцца на мяжы банкруцтва, гэта навіна толькі дабавіла праблем.

Па словах дырэктара ААТ «Рыбгас  Сямёна Шуста факт, што работнікі папаліся з рыбай, стаў непрыемнай нечаканасцю.

«Канешне, як толькі мне паведамілі пра гэта, то ў мяне быў шок. Для мяне гэты выпадак – мінус маёй рэпутацыі на ўсю рэспубліку. Аднаўляць рэпутацыю трэба будзе не месяц, калі наогул атрымаецца, – патлумачыў Сямён Васільевіч. – Мяне падвялі людзі, якім я давяраў і даў паўнамоцтвы. Я цяпер нікога не вінавачу, думаю, што меры будуць прыняты з боку праваахоўных органаў і ўсе абставіны будуць устаноўлены. Калі будзе ўзбуджана крымінальная справа і факт будзе пацверджаны аб`ектыўнымі доказамі, работнікаў чакае звальненне па дэкрэце Прэзідэнта».

Па словах дырэктара рыбгаса, акрамя таго, што супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзяць разбіральніцтва, будзе праведзена ўнутраная праверка і падняты пытанні, а чым займаецца ахова?

«Я на сходзе работнікаў аховы сказаў, што на кожным з іх ляжыць вялікая адказнасць, у той жа час у некаторых работнікаў вялікія магчымасці і спакусы. Ахоўнікі павінны праяўляць пільнасць заўсёды, а пры пропуску машын сваіх работнікаў павінен быць падвоены кантроль», – сказаў дырэктар рыбгаса.

Як паведаміл афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, крымінальную справу па дадзеным факце на момант 17 жніўня пакуль не ўзбуджалі.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў патрэбна будзе высветліць, дзе вылаўлена рыба, куды яе везлі работнікі рыбгаса, як яе вывезлі з тэрыторыі рыбгаса і дзе на той час была ахова, а таксама іншыя пытанні і абставіны.

Автор:
Фотограф:
адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость