07.10.2019 / 14:10

Настасся Сідарава прафесійна кансультуе людзей па тэме інтымных адносін. Дапамагае запланаваць ці адкласці цяжарнасць, падабраць да гэтага харчаванне ці ўвогуле можа навучыць, як размаўляць пра сэкс са сваімі дочкамі. 

Калі яна кажа пра экасэкс, адразу ўсе думаюць пра прэзерватывы, якія біялагічна разлагаюцца, пра выключанае святло ці яшчэ нешта накшталт гэтага. Насамрэч яе праект “Экология интимных отношений” не зусім пра тое, як мяняць адно на другое. Гэта ўвогуле zerro-waste падыход, які не прадугледжвае выкарыстання ніякіх сродкаў.

У кастрычніку Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка" адзначае сваё пяцігоддзе. Да першага юбілею ўнікальнага для Беларусі праекта Зялёны партал запускае серыю інтэрв’ю, у якіх пазнаёміць сваіх чытачоў з найбольш цікавымі і экалагічнымі Кнігамі “Жывой Бібліятэкі” за ўвесь час існавання праекта.

Кніга другая – “Экасэкс”.

 

“Я жыла з усведамленнем, што любая інтымная блізкасць можа прывесці да зачацця”

Гэты метад заснаваны выключна на навуковых ведах, фізіялогіі жанчыны. У нас ёсць убудаваная прыродай здольнасць цяжараць усяго толькі падчас адніх сутак у менструальным цыкле. І калі я пачула гэта ад урача-гінеколага, была ў шоку. Я сядзела на лекцыі і думала: “Я такая маладая – мне тады было дзесьці 24 – жыла з усведамленнем, што любая інтымная блізкасць можа прывесці да зачацця. Менавіта таму існуюць розныя спосабы засцярогі, калі дзеці не плануюцца”.

Але тады я падумала, што, мабыць, уся справа ў тым, што жанчына не можа даведацца, калі гэты дзень “ікс”. Прыехаўшы з семінара, я пачала вельмі глыбока вывучаць гэту тэму і зразумела, што існуе сур’ёзная навуковая база.

Жанчына можа сама назіраць за прыкметамі свайго цела і дакладна разумець, сёння блізкасць можа прывесці да зачацця або не. І гэтыя веды можна выкарыстоўваць, каб планаваць цяжарнасць або адкладваць яе.

Мы клапоцімся пра тое, якім паветрам дыхаем, якой ежай харчуемся, і вельмі мала задумваемся, што ў нашай інтымнай сферы з экалогіяй. Важна, каб баланс унутры быў захаваны і нічога шкоднага і дрэннага ў цела не паступала.

У нейкі момант жанчына разам з мужчынам разумеюць, што варта завесці дзіця, і матка – гэта першы дом чалавека на зямлі. Важна бачыць і разумець, у якім доме ён будзе жыць. І гэта мяне таксама вельмі моцна зачапіла.

Я зразумела, што любая кантрацэпцыя, любыя сродкі, будзь то ўнутрыматачная спіраль, якая проста крышыць жаночую матку, або гарманальная кантрацэпцыя, якая шкодзіць не толькі ўнутранай экасістэме, але і потым трапляе ў навакольнае асяроддзе.

Мы вельмі моцна клапоцімся пра тое, што, напрыклад, наша мяса было без гармонаў. Але не задумваемся пра тое, што, калі жанчына прымае гарманальную кантрацэпцыю, то яна шкодзіць прыродзе. І ў наваколле ад жывёл не больш гармонаў, чым ад чалавека.

 

“У маёй практыцы ёсць маладыя людзі, якія абіраюць чайлд-фры”

Мы з мужам экаактывісты. Вядзём вельмі асэнсаваны лад жыцця. І, вядома ж, нам вельмі важна, каб у любых сферах нашага быцця экалагічныя прынцыпы выконваліся. Не нашкодзіць ні сабе, ні іншаму чалавеку, які калісьці прыйдзе ў маё цела, ні навакольнаму асяроддзю.

Таму што, калі казаць пра сродкі кантрацэпцыі, то прэзерватывы аказваюцца ў выніку там жа, дзе і паветраныя шарыкі.

Гэты метад нам дапамагае быць у гэтай тэме. Я разумею, што, напэўна, метад не для ўсіх. Таму што ён прадугледжвае наяўнасць аднаго палавога партнёра хаця б на нейкі пэўны перыяд часу. Вядома ж, ён не абараняе ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам.

І многія людзі не заўсёды яго прымаюць менавіта па гэтай прычыне. У кожнага свае каштоўнасці і падыход да гэтага жыцця. І калі мужчына і жанчына абіраюць быць разам, яны гатовыя і давяраюць адзін аднаму, то, на мой погляд, гэты лепшы спосаб быць “зялёным” нават у гэтай галіне.

У маёй практыцы ёсць маладыя людзі, якія абіраюць чайлд-фры. І для іх гэта вельмі важнае пытанне і іх выбар. Часта жанчыны абіраюць гарманальную кантрацэпцыю, кажучы, што гэта “мая свабода выбару”. На мой погляд, усё не зусім так, бо жанчына не цалкам яна, калі ёю кіруюць не яе ўласныя гармоны, а штучныя.

У мяне ёсць пары, якія абіраюць гэты падыход – сімпта-тэрмальны, – бо ён вельмі надзейны. І сур’ёзнае 20-гадовае даследаванне пацвярджае яго надзейнасць на 99,6 %. Нават калі паглядзець на апошняе выданне Сусветнай арганізацыі пра метады планавання сям’і, то жаночая стэрылізацыя не мае стоадсоткавую надзейнасць і дае вынік нават крыху ніжэй.

 

“Сёння ты можаш стаць бацькам нашага пятага дзіця”

Калі пара абірае спосаб, якім яна будуць засцерагацца, мы перакладваем на яго адказнасць. Калі пара абірае натуральнае планаванне сям’і, гэта зусім іншы падыход. Цяпер мая адказнасць на тым, каб правільна весці назіранні і навучыцца іх інтэрпрэтаваць. Гэта можа зрабіць любая жанчына. Нават маці Тэрэза навучала непісьменных жанчын Індыі падобнаму метаду.

Адказнасць такая: я павінна прытрымлівацца правілаў назірання за мапай і ўзгадняць са сваім партнёрам час. Кантрацэпцыя не дае мужчыне магчымасць быць адказным за планаванне сям’і. Таму што, калі я прымаю гармоны, у прынцыпе, адказнасць на мне.

Была ў маёй практыцы сямейная пара, у іх было чацвёра дзяцей. І аднойчы склалася такая сітуацыя: муж вельмі моцна захацеў інтымнай блізкасці, а жонка кажа: “Дарагі, я не магу табе адмовіць, але сёння ты можаш стаць бацькам нашага пятага дзіця”. Муж падумаў і вырашыў, што пачакае.

Гэта кардынальна іншы стыль шлюбных адносін, у якім трэба размаўляць са сваім партнёрам. Інакш не атрымаецца. Жанчына адна не можа гэта практыкаваць. Сямейныя пары, якія прыходзяць на навучанне, кажуць, што гэта класна, калі паміж імі нічога не стаіць, ніякі прэзерватыў. Яны разумеюць гэтыя кошт і каштоўнасць.

 

“Кожны дзень я дакладна ведаю, у якой частцы цыкла я знаходжуся”

Калі жанчына ўжо выпрацавала звычку, гэта займае не болей за 5 хвілін у дзень. Мы з маім мужам выкарыстоўваем метад ужо дзесяць гадоў. Кожную раніцу пры прабуджэнні вымяраем базальную тэмпературу цела, заносім гэтыя даныя. І на працягу дня жанчына назірае за выдзяленнямі з шыйкі маткі, якія апынаюцца ў яе на бялізне.

Гэта вельмі гармоназалежная прыкмета. Калі суха, як казала маці Тэрэза, нічога не расце – зачацце немагчыма. Жанчына вучыцца разумець па сваім выдзяленням, у якой фазе цыклу яна знаходзіцца. Гэта ўсё заносіцца ў спецыяльны графік, і далей робяцца вынікі.

Кожны дзень я дакладна ведаю, што ў мяне зараз у цыкле, у якой частцы я знаходжуся. Магу я зацяжарыць або не.

Зараз папулярныя розныя мабільныя праграмы па сачэнню за цыклам. Гэта вельмі класная тэма. Але парадаксальна тое, што ўсе самыя папулярныя з іх не вельмі надзейныя. Любая праграма прадугледжвае, што жанчына разумее, што яна робіць, і сочыць за прыкметамі свайго цела.

З пачатку замужжа – сёлета ў нас з мужам было 10 гадоў сумеснага жыцця – мы выкарыстоўваем гэты метад. Першыя паўтары гады мы адкладвалі цяжарнасць. Усё было дакладна. Потым, калі абаранілі ўсе дыпломы і я нарэшце вярнулася з вучобы ў Швецыі, былі гатовыя завесці дзіця і у нас атрымалася з першага цыклу.

Мы дакладна ведалі час, калі зачацце магчыма. Праз 3,5 гады, для мяне вельмі важна было доўга карміць грудзьмі, у нас з’явілася яшчэ адна дачка.

Тры-чатыры гады – гэта класная розніца паміж дзецьмі, калі ўжо адкарміў і яшчэ ёсць час аднавіцца.

Самая вялікая праблема ў мам – гэта дзеці-пагодкі. Калі ўжо няма сілаў на другога. І гэты метад планавання сям’і можна выкарыстоўваць і ў такіх асаблівых сітуацыях, калі яшчэ няма цыклаў увогуле.

Ён таксама вельмі класна працуе. Таму што падчас кармленні грудзьмі жанчынам прапаноўваюць у асноўным або гарманальную кантрацэпцыю, або ставяць спіраль.

 

“Воў, мая маці таксама тут і гэта чуе”

Яшчэ я праводжу курсы для дзяўчынак 9-13 гадоў. Першапачаткова я не разлічвала на такую мэтавую аўдыторыю і не вельмі нават яе для сябе бачыла. Хоць у мяне дзве дачкі. Я заўсёды казала жанчынам, з якімі ўжо працавала, што вы перададзіце ўсе веды ў спадчыну. Але ўсё адно паміж імі і дочкамі сарамлівасць узнікае.

Я разумела, што сабраць дзяўчынак не змагу. Хоць калісьці працавала з падлеткамі. І я вырашыла зрабіць заняткі “матулі плюс дочкі”. Таму што гэта можа быць нагодай для мамы пачаць размову з дзяўчынкай. Яна пачуе, як я гэта кажу.

Заўсёды маці бачыць, што я кажу пра нейкія рэчы, звязаныя з целам, станаўленнем дарослым, сэксам, – і гэта можна падкарэкціраваць, калі гэта неяк не састыкуецца са сваімі каштоўнасцямі.

Я, як маці, вельмі баялася б, калі б нехта штосьці расказваў маім дочкам. Мяне б гэта насцярожыла. Калі я прыхаджу разам са сваім дзіцём, гэта больш расслабленая абстаноўка.

Не ўсе дзяўчынкі адразу ўспрымаюць інфармацыю. Яны бяруць толькі тое, што могуць ўзяць у сваім узросце. Таму што дзяўчынка ў 9 гадоў і ў 13 – гэта зусім розныя людзі. У некаторых ёсць свае перажыванні. Хтосьці адчуў тое, пра што я кажу.

Але маці, пачуўшы ўсё, можа да гэтага вярнуцца. І заўсёды гэта пасыл дачцэ: воў, мая маці таксама тут і гэта чуе. І нагода сказаць без голасу, што са мною можна размаўляць на гэтыя тэмы. А не проста падкінуць кніжку і думаць, што ўсё, размова адбылася.

На мой погляд, менавіта ў гэтым узросце вельмі важна, каб гэтыя веды падаваліся з вельмі прыгожага і экалагічнага боку, каб усё было гарманічна. Каб не напужаць, не адштурхнуць і прыняць сабе.

Я памятую сваё станаўленне дарослай, вельмі была напужанай, не разумела, як гэтым кіраваць. Жанчыны пастаянна мне кажуць, што ненавідзяць месячныя, хутчэй бы яны скончыліся.

І менавіта на гэтых жахах і пачуццях таксама будуецца прасоўванне гарманальнай кантрацэпцыі. Бо калі першапачаткова яе распрацавалі, каб зымітаваць жаночы менструальны цыкл і каб кожныя 28 дзень ішлі нейкія кравяністыя выдзяленні, якія, на сам рэч, не менструацыя, то ў сучасным свеце жанчына кажа: “Не, я гатовая выкарыстоўваць пралангіраваны спосаб прыёму 3-6 месяцаў і не мець іх увогуле”. Піць і не парыцца.

Гэта таксама выбар, але важна ведаць поўнасцю, да чаго ён можа прывесці. На жаль, не заўсёды пра гэта думаюць.

Я калісьці пісала заяўку на праект “Половое воспитание vs. Секс-просвет”. І ментары ўвогуле не зразумелі мой пасыл. Для многіх людзей паміж палавым выхаваннем і сексуальнай асветай стаіць знак роўнасці. На мой погляд, гэта не зусім.

Адна справа сексуальная асвета: калі мы кажам дзецям нейкія прамалінейныя рэчы пра секс. А палавое выхаванне – гэта выхаванне ў адпаведнасці з полам. І адпаведна, тут можна казаць пра розныя каштоўнасці. Кожная сям’я выбірае свае.

Для некаторых гэта, напрыклад, гендарная роўнасць. І атрымліваецца, што, калі гэта будзе навязанае да нас звыш, то тут губляецца роля сям’і. У нас з мужам свае каштоўнасці.

Мы гэта абмеркавалі яшчэ да нараджэння нашых дзяцей, якімі хочам, каб яны выраслі. Атрымаецца ў нас ці не – гэта іншае пытанне. Але, маючы вобраз, мы абіраем адпаведныя методыкі, людзей, выкладчыкаў, школы і гэтак далей.

Я лічу, што сапраўды тэма менструацыі табуіраваная. Нават менструальнага здароўя, цыклаў. Жанчыны надзвычай мала пра сабе ведаюць, як з гэтым жыць і быць шчаслівай. Таму што фізіялогія ёсць фізіялогія. Я ведаю, што магу падбудоўваць сваё жыццё пад цыкл. Перад менструацыяй у мяне абсалютны ўпадак сіл.

Я не буду назначаць сустрэчы, сябе напружваць ці ўзвальваць нейкія сур’ёзныя абавязкі. Я лепш больш дзён пабуду дома, каб было менш нагрузкі. У першай палове цыкла да авуляцыі, калі ў мяне шмат сіл, я гатова зрушыць горы, я ўжо не планую, а ажыццяўляю.

І гэта такое творчае пражыванне жаночасці, свайго цыкла і магчымасцей – гэта таксама вельмі цікава. Нам вельмі цяжка з дзяўчынкамі размаўляць пра здароўе і месячныя. Інфармаванасць патрэбна, каб рабіць свой здаровы выбар.  

 

“У жанчын такі чэлендж: пайсці спаць і знайсці класныя прадукты”

Ёсць многія пары, якія ходзяць па кругу з дыягназам бясплоддзе. У метадзе мы ніколі не ставім такі дыягназ. Мы кажам зніжаная плоднасць. То-бок у пары чамусьці не хапае сілаў і магчымасцей зачаць дзіцё. Гэта бывае і жаночы, і мужчынскі фактар.

Але пры дапамозе простых рэчаў мы можам сваю плоднасць умацаваць. І калі жанчына вядзе назіранне, яна бачыць, у якім напрамку папрацаваць, каб доўгачаканае зачацце адбылося. Па статыстыцы, 85 % пар зачынаюць падчас першага году, выкарыстоўваючы гэты метад.

Былі такія запыты – як павысіць сваю плоднасць. Па-першае, наладзіць рэжым дня і ночы. Сон – гэта ключавое. Я прапісваю яго ўсім. На сам рэч, гэта дзіўна, наколькі ў сучасным свеце людзі дрэнна спяць. І не важна, што мы будзем рабіць: піць нейкія таблеткі, БАДы ці нешта яшчэ. Калі мы дрэнна спім, яны не будуць працаваць.

І, вядома ж, гэта змяненне харчавання. Не так даўно я таксама стала нутрыцыёлагам – спецыялістам па харчаванню. Бо ёсць ежа, якая ўзмацняе плоднасць. Калі жанчына яшчэ можа падбудаваць гэта пад свой цыкл, разумеючы як у пэўны час яна можа падтрымаць свае працэсы, – гэта крута.

Таму я атрымала сваю кваліфікацыю спецыяліста па харчаванню з цэласным падыходам да здароўя ў лонданскай школе прыродазнаўчанавуковых ведаў. І зараз я таксама вучуся на магістэрскай праграме – у хуткім часе атрымаю дыплом магістра натуральнай медыцыны і дыеталогіі.

Вельмі класна, што я ўжо зараз магу прымяняць гэтыя веды на практыцы. Калі жанчына назірае за цыклам, я даю такія кансультацыі.

Я абажаю нашу краіну зараз, бо ў нас з’яўляюцца асэнсаваныя фермеры. Яны ўкладваюць сваю энергію ў тое, каб сертыфікаваць арганічныя прадукты, каб усё было добрай якасці.

Мой падыход – традыцыйнае харчаванне, дзе вельмі шмат субпрадуктаў жывёльнага паходжання. Я ў сваім экаладзе жыцця практыкавала доўгі час вегетарыянства, але зразумела, што для майго жаночага здароўя гэта не самы лепшы спосаб. Я за разумны падыход да жывёлагадоўлі.

Масліца, смятанка – усё натуральнае дамашняе высокай якасці. Не баяцца тлустых прадуктаў, бо гэта ключ да сінтэзу палавых гармонаў.

Вельмі важна для жаночага і мужчынскага здароўя вітаміны А і Е. Але я імкнуся, каб жанчына атрымлівалі ўсё з ежы, таму складаю такі рацыён, каб усе элементы засвоіліся. І ў жанчын такі чэлендж: у час пайсці спаць і знайсці класныя прадукты.

Гэта таксама дазваляе ім задумвацца, а як мы жывем. Некаторы пластык, бісфенол негатыўна ўплывае на рэпрадукцыйнае здароўе.

Я праводзіла вэбінары аб хімічных рэчывах, якія парушаюць работу эндакрыннай сістэмы. Я расказваю жанчынам, як жыць без пластыка. Гэта ўсё пра здароўе. Усе мае інтарэсы і захапленні спляліся ў адзіны праект.

Маёй дачцэ было некалькі месяцаў, калі я пачала варыць свой крэм. І ёсць зараз шмат дзяўчын, якія захопленыя фітакасметыкай. Зараз я сама раблю крэм для твару, блеск для губ, туш для веек, яшчэ пытанне з ценямі – зараз над імі працую.

Шампуні набываю – не склалася ў мяне любоў з хэнд-мэйд. Але імкнуся абіраць сертыфікаваныя, якія не ўтрымліваюць сіліконаў, парабенаў і іншага. У мяне яшчэ ёсць пудра з косткі авакада. І вось так тэма за тэмай, калі мы з жанчынамі размаўляем пра цыклы, я пераваджу іх да больш асэнсаванага спажывання і ладу жыцця. Гэта вельмі класна.

 

Кніга першая – “Паганец”

Дзякуем за супрацу і дапамогу ў падрыхтоўцы інтэрв’ю Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі "Жывая Бібліятэка".

Автор:
Фотограф:
Аляксей Басалай
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость