Для аздаблення прадметаў інтэр’еру – ад мэблі да шкляначкі – цудоўна падыйдзе тэхніка дэкупаж. Засвоіць яе можа нават дзіця, у інтэрнэце ёсць мора ўрокаў і парадаў, а ў крамах для майстроў – усе неабходныя матэрыялы.
Мы ж дзелімся сакрэтам, як зрабіць унікальную штуку з эстэтычным і адначасова патрыятычным малюнкам.
У адмысловых крамах прадаюцца драўляныя загатоўкі: разнастайныя фігуркі, асновы для насценных гадзіннікаў, кухонных падносаў, фотарамкі, шкатулкі, скрынкі і гэтак далей. Таксама там жа знойдзеце досыць вялікі выбар каляровых папяровых сурвэтак (тых самых, якімі карыстаюцца за сталом) і рысавай паперы для дэкупажа.
Калі малюнкі, што прапануюць крамы, вам не падабаюцца альбо вы хочаце нешта сваё, то можна падрыхтаваць уласны сюжэт. Мы знайшлі выявы арнамента ў сеціве, скампанавалі ў тэкставым рэдактары “Word” ды раздрукавалі ў добрай якасці на лазерным прынтары на звычайнай офіснай паперы. Вышэйшы пілатаж – друк на рысавай паперы, але ў Гродна мы не знайшлі такой паслугі. У якасці загатоўкі мы выбралі падстаўку пад кубак.
Прынт неабходна расслаіць. Для гэтага малюнкам долу прылепліваем паперу да роўнай чыстай паверхні шырокім скотчам, троху выходзячы на яе межы.
Цяпер скотч варта добра-добра прыгладзіць. Зручна дапамагаць сабе, напрыклад, канцалярскай лінейкай.
Пасля таго, як з націскам пройдзецеся па ўсёй плошчы, бярыцеся за кончыкі скотча і акуратна адрывайце. Чым больш паперы застанецца на ліпучай стужцы, тым танчэйшы выйдзе прынт. Адпаведна тым лепей захаваецца папяровая фактура ужо скончанага вырабу.
Усё геніяльнае проста: абводзім абрысы загатоўкі з двух бакоў. Калі вы працуеце з сурвэткай ці рысавай паперай, то гэта ваш першы этап. Пасля неабходна выразаць па контуры ды расслаіць сурветку (з рысавай паперай гэтага рабіць не трэба).
Чым будзем прыклейваць “выразанку”да загатоўкі? У крамах прадаецца спецыяльны грунт для дэкупажа. Густое белае рэчыва ідэальна для сурвэткі ці рысавай паперы: яны вельмі тоненькія, амаль празрыстыя, - іх лепей садзіць на насычана-белую аснову. Для расслоенай офіснай паперы цалкам падыйдзе і звычайны ПВА, троху разбаўлены вадой: прыклеіцца аднолькава добра і розніцы ў знешнім выглядзе ніякай.
Пасля таго, як прыклеілі, можна падрэзаць лішняе. Асабліва гэта актульна для сурвэткі: пасля намакання яна “распаўзаецца”.
Не абысціся без акрылавага лаку. Пры высыханні ён становіцца цалкам празрыстым. Калі вы робіце нешта для кухні – падстаўку ці паднос – пакрыйце ў два слоі. Тады выраб будзе устойлівы да частага працірання і нават мыцця. Для фотарамкі ці дэкаратыўнай фігуркі цалкам хопіць і аднаго пакрыцця.
Калі лак высах, падстаўкай пад кубак можна карыстацца. Прыгожа будзе на аднольвых фігурках зрабіць розныя арнаменты. Цікавая ідэя – узяць арнаменты менавіта вашага рэгіёну. Па такім прынцыпе можна задэкараваць зэдлік, парэнчы канапы, сталешніцу стала. Карацей, прастора для крэатыву неабмежаваная.
Творчых поспехаў!