Дакумент, прыняты 26 кастрычніка (па новым стылі 8 лістапада) на паседжанні З’езда саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў а другой гадзіне ночы, павінны быў вырашыць праблему сялянскага малазямелля, што востра стаяла за царскім часам і заставалася актуальнай пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Якім чынам? Дэкларавалася скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і перадача яе “грамадзянам абодвух полаў”, што маюць ахвоту займацца сельскай гаспадаркай і здольныя зрабіць гэта ўляснымі сіламі, без выкарыстання наёмнай працы (апошняе забаранялася).
Некаторыя пункты Дэкрэта аб зямлі насілі дэкларатыўны характар: абавязак сельскай абшчыны дапамагаць недзеяздольным чальцам, пенсійнае забеспячэнне ад дзяржавы (дэ-факта ўведзена для калгаснікаў толькі ў 1964 г.) Уся зямля (памешчыцкая, царкоўная, сялянская) паступала ва ўсенародны зямельны фонд, з якога размяркоўвалася. Калі і на такіх умовах зямлі ў пэўнай мясцовасці не хапала, беззямельныя сяляне падлягалі перасяленню. Дэкларавалася скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю, але фактычна сяляне заставаліся ўласнікамі да калектывізацыі 1929 г.
Гісторык Андрэй Кіштымаў лічыць, што Дэкрэт ня тое каб моцна паўплываў на экалогію: з тагачасным узроўнем развіцця аграрных тэхналогій зямлю паросту немагчыма было “ўсё сапсаваць”. Але ў доўгатэрміновай перспектыве ўплыў усё ж быў, хоць і ускосны.
Бадай што галоўнае пытанне, якое звязвае Дэкрэт са станам экалогіі: хто лепш дбае пра стан навакольнага асяроддзя – гаспадар зямлі-прыватнік ці дзяржава? З аднаго боку, прыватнік не бачыць “усёй карціны”, можа ігнараваць грамадскія патрэбы дзеля ўласнага прыбытку. З другога боку, “дзяржаўнае” пры Саветах азначала “нічыё”, то бок гаспадара на зямлі не было ніякага, ні добрага, ні кепскага.
Між тым, як кажа гісторык Аляксандр Пашкевіч, Дэкрэт аб зямлі адлюстроўваў тагачасныя настроі ў грамадстве, яго актуальныя жаданні. Працэс захопу зямлі сялянамі ішоў стыхійна. Новая ўлада злавіла гэты момант і “легалізавала” яго.
Цікава, але зямельная праграма была і ў іншых расійскіх партый, гэта не ўласна бальшавісцкая ідэя. Аграрныя супярэчнасці наспелі так востра, што дзве часткі грамадства, якія змагаліся потым на палях грамадзянскай вайны, папросту нее разумелі адна адну.
Для свайго часу бальшавіцкі Дэкрэт аб зямлі быў даволі прагрэсіўным дакументам, іншая справа, што на большасць яго пунктаў хутка забыліся.
У доўгатэрміновай перспектыве адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю паспрыяла таму, што цэлыя пакаленні сялян, асабліва ва ўсходняй Беларусі, выраслі, непрывучанныя гаспадарыць, а толькі працаваць “на дзядзьку”, абы-як.
Увесь СССР, асабліва ў часы сталінізму, нагадваў вялікі канцэнтрацыйны лагер. Аляксандр Салжаніцын у “Архіпелагу ГУЛАГ” апісвае псіхалогію зэка. На дзіва нагадвае “савецкага чалавека” агулам: “гэтая … група людзей мае адзінае … стаўленне да вытворчасці (менавіта: падпарадкаванае, замацаванае і без усялякіх правоў гэтай вытворчасцю кіраваць). Таксама мае яна агульнае стаўленне і да размеркавання прадуктаў працы (менавіта: ніякага дачынення, атрымлівае толькі нікчэмную долю прадуктаў, неабходную для благога падтрымання ўласнага існавання)… Працуе зэк абы дзень да вечару… Самы распаўсюджаны сярод іх светапогляд – фаталізм. Гэта – іх усеагульная глыбокая рыса. Яна тлумачыцца іх паднявольным становішчам, дасканалым няведаннем таго, што здарыцца з імі ў бліжэйшы час і практычнай няздольнасцю паўплываць на падзеі… Сын ГУЛАГа лічыць, што самы спакойны шлях – гэта спадзявацца на лёс… не трэба занадта настойліва чагосьці дамагацца або занадта ўпарта ад чагосьці адмаўляцца... Зэк заўсёды настроены на горшае, ён так і жыве, што ўвесь час чакае удараў лёсу... У гэтым заўсёдным чаканні бяды выспявае суворая душа зэка, бясстрашная да свайго лёсу і бязлітасная да лёсаў чужых. Адхіленні ад ураўнаважанага стану вельмі малыя ў зэка – як у бок светлы, так і ў бок цёмны, як у бок адчаю, так і ў бок радасці… Устойлівы абыякавы стан з'яўляецца для зэка неабходнай абаронай, каб перажыць доўгія гады панурага… жыцця”.
Аляксандр Пашкевіч лічыць, што становішча працоўных (не толькі калгаснікаў) на самай справе не дужа адрознівалася ад вязняў лагероў. Пасля смерці Сталіна ўсё паступова размываецца і атрыманне калгаснікамі пашпартоў у канцы 1970-х фактычна замацоўвае наяўны стан рэчаў.
Калі казаць пра меліярацыю, то дзяржава ў сваіх планах ператварэння прыроды не была абмежаваная прыватнай уласнасцю на зямлю, магла ўвасабляць любыя ідэі на вялікіх тэрыторыях без неабходнасці ўзгаднення з уласнікамі.
Мела значэнне і тое, што савецкія кіраўнікі розных узроўняў, якія павінны былі б клапаціцца аб прыродзе, часта былі немясцовыя, і працавалі па прынцыпе “пасля мяне – хоць патоп”, цікавячыся толькі выкананнем планавых паказчыкаў.
Асушэнне балотаў праводзілася і на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскай дзяржавай у міжваенны перыяд, але не мела такога маштабу, як у СССР. Такія дзеянні мусяць праводзіцца пасля праліку ўсіх рызыкаў, а ў СССР цэнтралізавана прымаліся рашэнні, што не ўлічваючы прыродных асаблівасцяў рэалізоўваліся на мясцовым узроўні. Калі людзі пісалі скаргі, то “перагібы” прызнаваліся зноў жа на мясцовым узроўні без перагляду агульнадзяржаўнай палітыкі.
Сёння мы можам па-рознаму ацэньваць наступствы 1917 году, але адмаўляць тое, што яны ёсць і моцна ўплываюць на сённяшні стан беларускага грамадства, не выпадае.