— Якой была вашая вёска да аварыі?
— Вёска нашая звалася Навухавічы. Гэта ў Чачэрскім раёне. Было ў ёй прыкладна 90 двароў. І размешчаныя яны былі на трох вуліцах. Дарэчы, у адрозненне ад мноства вёсак, дзе вуліцы ідуць паралельна адна адной, у цэнтры Навухавіч было перакрыжаванне, ад якога адыходзілі тры вуліцы. Гэтыя тры часткі называліся Сяло, Слабада і Чарнамор’е.
— Пра Чарнобыльскую зону даводзілася чуць меркаванне, што гэта рэгіён з беднай прыродай і неўрадлівай пясчанай глебай, і што з пункту гледжання гаспадаркі — страта не вельмі каштоўная. Ці сапраўды прырода ў наваколлі вашай вёскі была такая непрывабная?
— Ды не! Наша вёска і ваколіцы — гэта край чарназёмаў і лясоў. Урадлівая глеба, на якой можна было шмат гадоў запар сеяць, напрыклад, бульбу. І глеба не выраджалася. Да таго ж яе было зручна апрацоўваць, бо ў ёй не было камянёў. Чаго, дарэчы, не скажаш пра тую вёску, куды мы потым пераехалі. Лясы ў Навухавічах былі лісцяныя. У іх было шмат розных грыбоў і ягад.
Каля вёскі былі маленькая рэчка Проня і самаробная вялікая канава, якая злучала возера Сярэднія Малынічы (каля аднайменнай суседняй вёскі) з Сажом. Вось такі быў прыгожы куточак, населены добрымі і працавітымі людзьмі.
— Якой яна была ў сярэдзіне 1980-х гадоў? Ці датычыліся яе розныя дэмаграфічныя праблемы? Мабыць, моладзь з’язжала, і насельніцтва скарачалася?
— У сярэдзіне 1980-х Навухавічы былі жывой вёскай. Моладзі хапала і дзяцей. Была школа і крама свая. Нельга сказаць, што вёска вымірала.
— Спачатку аварыю на Чарнабольскай АЭС замоўчвалі. Як і калі вы даведаліся пра здарэнне?
— Мы даведаліся даволі хутка, дні праз тры пасля выбуху на ЧАЭС. Але гэта таму, што мой муж працаваў прэдсядацелем сельскага савета. І як раз пра некалькі дзён пасля выбуху да нас прывезлі некалькі аўтобусаў з дзецьмі з Нароўлі. Іх збіраліся ў нас рассяляць. Але не паспелі гэта зрабіць, як паступіў новы загад — везці дзяцей далей, бо ў нас зрабілі вымярэнні радыяцыі, і стала зразумела, што гэтае месца таксама забруджанае.
— Ці было разуменне небяспекі, якую нясе гэтая аварыя?
— Не было. Спачатку мы ўсе думалі, што гэта выбухнула недзе далёка, і нас не датычыцца. Разуменне небяспекі і страх пачалі з’яўляцца, калі ў нас пачаліся працы па ачыстцы вёскі ад радыёактыўнага пылу (мылі дахі дамоў, клалі асфальт, прымушалі здаць усіх кароў) і калі пачалі ўсе прадукты прывозіць. То бок сваіх прадуктаў стала мала, у асноўным усё набывалі ў краме.
— Якім быў узровень радыяцыі ў вашай вёскі пасля аварыі?
— Дакладна ўжо не памятаю. Недзе 39 мкР/гадзіна. Я памятаю, што наш зямляк прыязжаў і мераў, таму мы ведалі дакладна. І ў нас таксама пасля з’явіўся дазіметр.
— Вы жылі яшчэ некалькі год пасля аварыі ў сваёй вёсцы. Ці прапаноўвалі вам за гэты час пераехаць? Альбо чарга па праграме перасялення дайшла толькі пазней?
— Пераязжаць людзі пачалі толькі ў 1990-м годзе. Да гэтага часу нам казалі, што ў нас чыстая зона. Спачатку з’язжалі сем’і з дзецьмі. Потым людзі сярэдняга узросту. І толькі ў апошнюю чаргу старыя. Першапачаткова ехалі ў Кастрычніцкі раён. Там людзям давалі кватэры. Але старыя як раз больш з’ехалі ў Гомель — да дзяцей, а частка з іх потым і кватэры атрымалі.
— Праграма перасялення была аднолькавая для ўсіх вёсак вашага рэгіёна? Усім прапаноўвалі ехаць у адныя і тыя ж раёны?
— Не. Нават да суседніх вёсак былі розныя падыходы. Не заўсёды зразумела, на чым яны былі заснаваныя. Так, нашая вёска і суседняя вёска Сябровічы патрапілі пад праграму перасялення. А вось у яшчэ адной суседняй вёсцы, что звалася Крутое, перасяленне было дабраахвотным. Як бы і ў нас не прымушалі, вось жа засталіся некалькі сем’яў, адмовіўшыся з’язжаць. Але ў Крутым, напэўна, наогул не было нейкай праграмы па перасяленні — хочаш едзь, хочаш не. Бо там і зараз жывуць людзі. Але ж вы разумееце, што узровень радыяактыўнага забруджвання там не вельмі адрозніваецца ад забруджвання Навухавіч.
— Ці думалі вы наогул не з’язжаць?
— Не, не думалі, бо калі ўсе масава пачалі з’язжаць, у вёсцы засталося зусім мала людзей, і стала жыць неяк страшнавата. Вось мы і вырашылі ехаць. Нашая сваячка напісала нам з вёскі Каплічы Калінкавіцкага раёна, што тут ёсць кватэры і дамы для перасяленцаў. Нам спачатку прапанавалі там кватэру. Але мы адмовіліся з-за яе стану. А потым з’явілася месца ў адным з дамоў для перасяленцаў. Тады мы і пераехалі.
— Што было самым цяжкім у перасяленні? Больш матэрыяльныя побытавыя моманты ці туга па малой Радзіме?
— Шкада было пакідаць абжытае месца, сваю хату, гаспадарку. З Навухавічамі было звязанае ўсё маё жыццё. Я там усё памятаю з маленства. Год з шасці, як вайна пачалася, ужо дакладна ўсё памятаю.
— Ці моцна адрознівалася новая вёска? Чым?
— Адрознівалася, канешне. Па-першае, гэта была вялікая вёска, большая за нашую. Па-другое, адрозніваліся і побытавыя моманты. У нас людзі, калі будавалі дамы, то планавалі месца так, каб для гаспдарчых пабудоваў было шмат прастору. І хоць усе жылі па суседству, але ж не ўсутыч. А на новым месцы жыхарства пабудовы былі зробленыя па дзяржаўным праекце і двары былі невялікія і стандартнай планіроўкі. Ды і хата, канешне, моцна адрознівалася ад нашай. Яна была з сілікатнай цэглы, а ў нас былі вялікая драўляная хата, добра зробленая і вельмі цёплая.
— Чым адрознівалася навакольнае асяроддзе ў новым рэгіёне Беларусі, куды вы пераехалі?
— Зусім іншыя глебы і лясы тут былі. Лясы ў асноўным хваёвыя, а глеба пясчаная з вялікай колькасцю камення. Апрацоўваць яе было цяжка, ураджаі былі горшыя. Першыя гады было цяжка менавіта выбіраць усё гэтае каменне на сваім падворку.
— Некаторыя вашыя аднавяскоўцы засталіся. Як склалася іх далейшае жыццё?
— Так, у Навухавічах засталіся тры сям’і. Усе людзі сталага веку. Адна сям’я пражыла там яшчэ гадоў дзесяць. Там яны і памерлі. Пра другую сям’ю я чула ўжо ў 2000-я гады. Зараз і яны ўжо памерлі. А трэцюю сям’ю даволі хутка забралі да сябе дзеці ў Гомель. Акрамя таго, у суседняй вёсцы Сойкі, якая знаходзіцца ад Навухавіч за пару кіламетраў, засталася жыць адна жанчына. Жыве там і зараз. Пра гэтыя сем’і, дарэчы, некалі і па тэлебачанні паказвалі, як яны там жывуць. Пыталіся, чаму не з’ехалі. Яны казалі, што там ім падабаецца, і там яны будуць паміраць.
— Ці былі факты вывазу маёмасці, якая засталася ў вёсцы, у тым ліку і хат?
— Канешне! Якраз нашую хату даволі хутка вывезлі. Хто меў магчымасць перавезці дамы — разбіралі найбольш добрыя і прывозілі сабе. У тым ліку і ў Гомель. Так і нашая хата знікла. Бо мы яе пабудавалі ў 1958 годзе, то бок хаце было толькі 30 год, а для якаснага драўлянага дома гэта невялікі ўзрост. І стан яе быў вельмі добры. Зараз на яе месцы застаўся толькі цагляны падмурак. І каб не ён, то наогул і не знайшлі б зараз свой двор, бо усе суседнія пабудовы, што заставаліся, пагнілі, і двары пазарасталі дрэвамі ды хмызняком. Дарэчы, і ўнутры нашага падмурку ўжо выраслі вялікія дрэвы.
— Што зараз часцей за ўсё успамінаеце з вашай вёскі і жыцця ў ёй?
— Шмат чаго ўспамінаю. Там жа ўсё жыццё прайшло, і ўвесь час пра што-небудзь звязанае з Навухавічамі думаю. Сніцца вельмі часта нашая вёска і людзі, што жылі ў ёй.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
В Гомельской области будут развивать животноводство за счёт чернобыльских территорий