24.05.2024 / 12:05

А здавалася б, такая дробязь.

Фота - kakisu-iela.lv
Фота - kakisu-iela.lv

Нядаўна я займалася ў Рызе забаўным валанцёрствам – збірала домікі для бяздомных катоў. Як чалавек, які лічыць, што любая бясплатная праца мусіць прыносіць больш задавальнення, чым стрэсу, я засталася вельмі задаволенай – зборка домікаў была своеасаблівай медытацыяй, ды й кот Чэрчыль, што жыве проста ў офісе, дадаваў станоўчых эмоцый, хоць і быў не надта задаволены інтарэсам да сябе з майго боку.

Але ўразіла мяне не столькі тое, чым я там займалася, колькі кантэкст існавання самой актывісцкай ініцыятывы.

Я ж добра памятаю, што такое зоаабарончы актывізм у Беларусі – мала таго, што ўсе вакол на асабістым узроўні лічаць такіх актывістак і актывістаў вар’ятамі, дык яшчэ і дзяржава дадае. Ні табе законаў у дапамогу, ні падтрымкі канкрэтных ініцыятыў. Ды што там – нават проста пакінуць неабыякавых людзей у спакоі і моўчкі радавацца, што яны забіраюць на сябе частку дзяржаўных абавязкаў, чыноўнікі не заўжды маглі.

Не кажучы ўжо пра масавы пераслед і ліквідацыю НДА. Гэта ўвогуле не ўкладваецца ні ў якую адэкватную логіку, але пра яе ў Беларусі і не ідзе гаворка.

Калі дыктатар хоча захаваць уладу і імітаваць палітычную стэрыльнасць у краіне, ён можа пайсці куды далей за ліквідацыю недзяржаўных арганізацый.

Але, аказваецца, дзяржава можа дапамагаць. Канечне, Латвіі ў гэтым плане вельмі далёка да ідэалу, а мясцовыя актывісткі і актывісты часта скардзяцца, што ўвогуле не маюць аніякай падтрымкі ад уладаў. Але я з Беларусі, мне ёсць з чым параўноўваць, і ў мяне планачка настолькі нізкая, што... ну не страляюць сабак проста на вуліцы ў цэнтры горада, і на тым дзякуй.

А тут не толькі не страляюць сабак. Тут у ініцыятывы, што дапамагае бяздомным жывёлам, ёсць падтрымка гарадской думы. Гарадскія ўлады абвяшчаюць конкурс грантаў, на які можна падаваць свае праекты, і, сярод іншага, яна цяпер падтрымлівае вось такі праект – стварэнне часовых домікаў для вулічных катоў. На гэтыя домікі прыклеіваюць у тым ліку і лагатып гарадской думы.

І хай гэта і блізка не ідэальнае рашэнне, а на вуліцах Рыгі па-ранейшаму безліч бяздомных жывёлаў, гэта ўсё адно ў мільён разоў лепей за стандартныя беларускія рашэнні.

Бо тут няма культу парадачку, але ёсць разуменне, што раз не атрымліваецца паўнавартасна правесці кампанію па кастрацыі і стэрылізацыі, і раз вулічных катоў застаецца шмат, пра іх трэба хоць неяк паклапаціцца. І так, домікі для іх стаяць нават у старым горадзе.

Для гэтага не трэба шмат грошай ці сур’ёзныя высілкі з боку дзяржавы. Трэба толькі палітычнае рашэнне, заснаванае на разуменні, што недзяржаўныя арганізацыя – гэта не ворагі дзяржавы, а яе памочнікі. Што яны дабравольна бяруць на сябе абавязкі, якія па нейкай прычыне не выконвае дзяржава.

Але ў цяперашняй Беларусі такое разуменне – гэта нерэальная раскоша. НДА там мусяць выконваць толькі адну функцыю – падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. У любым іншым выпадку яны – ворагі дзяржавы, народа і ўвогуле чалавецтва.

Чаго варта чакаць пры такой расстаноўцы сіл і з такімі прыярытэтамі? Вядома ж, нічога добрага. У Беларусі немагчыма нармальна дапамагаць ні людзям, ні жывёлам, ні тым больш займацца (каля)палітычным ці праваабарончым актывізмам.

А гэта значыць, што зачыняюцца ўсе шляхі для якаснага развіцця грамадства, бо дыктатуры не трэба аніякае развіццё і ўвогуле аніякія змены. І так, нават валанцёрскія каманды, якія збіраюцца разам, каб збіраць домікі для вулічных катоў, могуць ёй замінаць.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость