Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў эколагі і кліматолагі наперабой распавядаюць пра катастрофы і страшнюю будучыню для ўсяго чалавецтва, калі яно не спыніць змяненні клімату. Аднак простаму чалавеку, асабліва нашых шырот, складана пакуль адчуць на сабе ці ўбачыць гэтыя самыя змяненні. Але ж гэта зусім не значыць, што іх няма. Клімат нашай планеты датычыцца кожнага, і любыя, нават самыя нязначныя яго ваганні залежаць ад усіх нас. І ўжо ёсць доказы, што пад пагрозай знікнення знаходзяцца такія звыклыя нам рэчы, як кава, віно, шакалад, лён, бавоўна, у хуткім часе на Зямлі могуць вымерсці белыя мядзведзі, сысці пад ваду цэлыя дзяржавы і астравы. Ці гатовы мы да гэтага?
Таварыства «Зялёная сетка» пры падтрымцы народнай арт-студыі «Востраў» прапанавала мінчанам расказаць пра самыя важныя для іх рэчы на планеце і задумацца, што яны могуць зрабіць, каб усё, што ім так дорага, можна было б пакінуць не толькі ва ўспамінах.
Дзеці і дарослыя смела браліся за пэндзлі і вугаль, размяшчаліся ля мальбертаў ці прама на зямлі ў цені разгалістых дрэваў, і лісты паперы тут жа запаўняліся дзівоснымі птушкамі, экзатычнымі жывёламі, марскімі млекакормячымі, беларускімі балотамі і лясамі. Сярод юных творцаў знаходзіліся і тыя, хто падыйшоў да сваёй працы разважліва і філасофскі.
— Я вельмі люблю зоры і лічу гэта тое, што чалавек можа згубіць у апошнюю чаргу, — распавядае Лера Каралёва, вучаніца 4-га класа мастацкай школы. — Мой малюнак пра тое, што нават, калі чалавек застанецца адзін, і ў якім бы месцы пры гэтым не быў, ён усё роўна зможа бычыць зоры. Гэта тое, што заўсёды побач.
— Пачыналася проста з горада, а пасля мы вырашылі зрабіць нібы «пажар», — кажа пра сумесны з сяброўкай Палінай твор Марта. — Гэта двухсэнсоўны малюнак, бо ёсць прырода і ёсць такія архітэктурныя каштоўнасці, як нашы гарады. Гарэць можа і тое, і тое... Але архітэктура — гэта наша старанне, якой мы наносім шкоду наваколлю апошнім часам. Таму ў малюнку адлюстравана прыбіранне ўсяго дрэннага, што зрабіў чалавек для жывога асяроддзя, і панаванне прыроды над ім.
— Я люблю адпачываць на прыродзе. На жаль, зараз усё радзей атрымоўваецца хадзіць у нейкія паходы, — уздыхае Арцемій. — У сваім малюнку я адлюстраваў тое, што мне вельмі падабаецца: спалучэнне лесу і вады, калі ёсць паўастраўкі, на якіх дрэвы звісаюць над ракой.
Той, хто не хацеў маляваць, мог даслаць ў любую кропку планеты тэматычныя паштоўкі з невялікім пасланнем да адрасатаў пра тое, што мы можам неўзабаве згубіць.
А той, хто не паленаваўся і захапіў з сабой стосік макулатуры, прыдбаў для сябе яшчэ адзін прыемны прэзент з мерапрыемства — малады базілік.