Увогуле, неманетызаваных эка-ініцыятыў у Беларусі значна больш, чым фінансава паспяховых. Але і тыя, што першапачаткова задумваліся як дабрачынныя і некамерцыйныя, з часам могуць трансфармавацца і прыносіць не толькі маральнае задавальненне арганізатаркам і арганізатарам. Зрэшты, бізнэс “з чалавечым абліччам” зараз у модзе: мы ўсё часцей абіраем прадукты дробных лакальных ініцыятыў замест буйных карпарацый і часам па-дзіцячаму радуемся, калі бачым напраўду індывідуальны падыход. Так што ў новых кампаній шансаў шмат, як ніколі раней. Але пра якія ініцыятывы вядома ўжо сёння?
Дазіметры ZIVE
Пакуль цяжка назваць падобныя прылады напраўду папулярнымі ў Беларусі, але кіраўнік праекта Вадзім Радзівіл упэўнены, што фармаванне рынку – гэта справа часу. І з ім цяжка не пагадзіцца. У нас пакуль няма звычкі насіць з сабой дазіметр, хоць гэта далёка не самая бессэнсоўная ідэя ў Беларусі.
У чым адметнасць ZIVE? Ён кампактны, мала важыць і мае зручны інтэрфэйс. Дазіметр працуе ў пары са смартфонам і складае персанальную мапу забруджанасці. Усе карыстальнікі прылады ўдзельнічаюць у стварэнні глабальнай мапы. Такім чынам, праз нейкі час будзе магчымасць убачыць, наколькі забруджаныя радыяцыяй розныя часткі Зямлі, і гэтая мапа будзе складвацца шэраговымі карыстальнікамі і карыстальніцамі. Вельмі важна, што паміж намі і інфармацыяй не будзе дзяржаўных пасярэднікаў. Давяраць “народнай мапе” будуць відавочна болей, чым афіцыйным дзяржаўным дадзеным. Асабліва ў Беларусі і Украіне. Мы ж пасля Чарнобыльскай аварыі успрымаем дзяржаўныя дадзеныя пра радыяцыю хутчэй як белы шум.
Галоўны недахоп дазіметра – гэта цана. Сёння прыладу можна замовіць анлайн, і заплаціць давядзецца 800 рублёў. Напэўна, мы ўсё ж не настолькі баімся радыяцыі, каб аддаць за магчымасць кантроля радыяцыйнага фону сярэднюю беларускую месячную зарплату. Калі знойдзецца спосаб зрабіць прадукт больш танным, у яго з’явіцца рэальны шанец на попыт на беларускім рынку. А пакуль што распрацоўшчыкам застаецца спадзявацца толькі на знешні, больш багаты рынак.
Веганскі фастфуд MonkeyFood і дастаўка на роварах
Веганская кухня ў Менску відавочна карыстаецца попытам, і галоўная праблема для развіцця такога кшталту бізнэсу ў Беларусі – асаблівасці заканадаўства. У сферы грамадскага харчавання ўсім цяжка. Але MonkeyFood прыдумалі свае фішкі, дзякуючы якім сталі напраўду вядомымі.
Па-першае, яны рэгулярна запрашаюць да сябе гатаваць арганізатарак розных цікавых жаночых ініцыятыў, а па-другое – арганізавалі дастаўку ежу на роварах.
На кухні MonkeyFood ужо гатавалі працоўніцы Радзіславы – арганізацыі, якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту; дырэктарка тайм-клубу “Сямейны падворак”, арганізатаркі майстар-класаў па вырабе эка-торб “Торба шоў”. Жанчыны гатуюць веганскія стравы і расказваюць пра свае ініцыятывы, а наведвальніцы і наведвальнікі плацяць за ежу столькі, колькі лічуць патрэбным.
Дастаўка ежы на роварах – цікавая альтэрнатыва звычайнай аўтамабільнай дастаўцы. Калі гэтую задумку толькі анансавалі, вакол было шмат скепсісу. Па-першае, такая дастаўка падаецца больш павольнай за звычайную, па-другое, кур’ер сур’ёзна абмежаваны надвор’ем (не фізічна, дык маральна). Але на практыцы ўсё аказалася добра. Дастаўка працуе, усе задаволеныя.
Больш за тое, дастаўка на ровары аказваецца часам і больш хуткай – для яе няма затораў, кур’ер можа “зрэзаць дварамі” і не мае патрэбы траціць час на пошук месца для паркоўкі. Так тое, што спачатку здавалася перашкодай, аказалася нават перавагай. Ну, а экалагічнасць ровара ў параўнанні з машынай нават не ставіцца пад пытанне. Хоць, калі з’явіцца беларуская Tesla, да пытання экалагічных пераваг можна будзе звярнуцца нанова. А пакуль што ровар не забруджвае горад, не робіць шуму і эканоміць рэсурсы.
Можа, нейкая кампанія неўзабавае прыдумае дастаўку на самакатах. А вось з гіраскутарамі наўрад ці штосьці атрымаецца – раптам зарад скончыцца дзесьці па дарозе.
Букеты з садавіны і гародніны
Эколагі даўно і паслядоўна крытыкуюць традыцыю дарыць букеты з кветак, і нарэшце знайшлася-такі мілая альтэрнатыва ружам і цюльпанам. Нарэшце не ў сэнсе “нядаўна”, а ў сэнсе “шчасце-та якое!” Беларусь не наватарка ў стварэнні букетаў, якія можна з’есці, але ў нас гэты бізнэс досыць паспяхова заняў сваю нішу. Хай і зусім невялікую, калі параўнаць з усё яшчэ дужа папулярным бізнэсам зрэзаных кветак.
Што ж не так са звычайнымі букетамі? Па-першае, гэта такая ўмоўна трохдзённая прыгажосць і, па шчырасці, праява безадказнага спажывання. Па-другое, зрэзаныя кветкі амаль заўжды загортваюцца ў пластык, які потым таксама трэба кудысьці падзець. Калі я была маленькай, у маёй сям’і было прынята выкарыстоўваць такі пластык нанова, але я нікога больш не ведаю, хто рабіў бы так жа сама. Ды і мы гэтым займаліся не з-за вялікай любові да прыроды, а дзеля фінансавай эканоміі.
Вы можаце запярэчыць, што і альтэрнатыўныя букеты могуць быць загорнуты ў пластыкавую абгортку, але так здараецца ўсё ж значна радзей. Калі людзі робяць экалагічны праект, пра якасць абгорткі таксама дбаюць. Іншая справа, што ідэю могуць пераняць кампаніі, зацікаўленыя толькі ў фінансах, але нават у такім выпадку фуд-букеты будуць больш экалагічныя за свае кветкавыя прататыпы.
Напэўна, найбольш папулярная кампанія, якая прадае букеты з садавіны і гародніны, - гэта “Бабулін часнык”. І гэта праект мае не толькі экалагічную, але і сацыяльную накіраванасць: буеты робяцца з той гародніны, якую пажылыя людзі самастойна вырошчваюць. Геніяльны антыглабалізм!
Алена Галамазава, аўтарка праекту, хоча стварыць інтэрнэт-краму, дзе можна будзе набыць не толькі фуд-букеты, але і проста садавіну-гародніну, вырашчаную мясцовымі пенсіянеркамі і пенсіянерамі. Праект пазіцыянуецца не як камерцыйны, а менавіта як сацыяльны. Але ў выніку і праўда ўсім добра.
Фермерскія дроны Onesoil
А цяпер крыху пра рэвалюцыю ў земляробстве. На міжнароднай канферэнцыі Venture Day Minsk стартап, які зробіць фермерства больш сучасным і эфектыўным, заняў другое месца. Карацей, хутка tesla будзе прывозіць вас на вашае лецішча, а дроны будуць маніторыць, як там усё узыходзіць, квітнее і ўвогуле развіваецца. Канечне, калі ў вас стандартны дачны ўчастак, такая прылада наўрад ці спатрэбіцца, але калі размова ідзе пра больш буйное фермерства, дык Onesoil – гэта акурат “тое, што доктар прапісаў”.
Мы ж як звыклі? Што ферма – гэта бруд, цяжкая праца, рукі ў мазалях і дурацкі няроўны загар на спіне. Але, на шчасце, усё можа быць інакш. Але сістэма Onesoil не толькі робіць фермерства больш “чыстым”, але і дапамагае эканоміць на ўгнаеннях.
Як гэта працуе: дроны лятаюць над палямі і робяць здымкі кожныя, напрыклад, чатыры дні. І фермеры па гэтых здымках бачаць, дзе ўсё па плане, а дзе трэба падкарміць расліны. І калі ў звычайнай сітуацыі ўгнаенні распыляліся б раўнамерна паўсюль, дык цяпер Onesoil прааналізуе розныя паказчыкі і падкорміць расліны кропкава – у пэўных зонах, дзе гэта сапраўды неабходна.
Такім чынам, ураджайнасць расце, сітуацыі празмернага ўгнаення становяцца радзейшымі, ды яшчэ і фінансавая эканомія. У 2016 годзе праект супрацоўнічаў з беларускімі гаспадаркамі, і вынік проста ашаламляльны: агульная эканомія склала каля 250 тысяч даляраў.
Здымкі з дронаў дапамагаюць шукаць калоніі грызуноў і сарнякі. Усё тое, што раней рабілася на палях паўсюдна і без разбору, цяпер зможа рабіцца толькі ў неабходных зонах і толькі ў патрэбнай колькасці. А яшчэ распрацоўшчыкі плануюць у будучым выдаляць сарнякі лазерам. Карацей, такімі тэмпамі, Беларусь хутка стануць любіць не толькі за IT-сферу.
Гэты праект – самы, бадай, перспектыўны ў плане фінансаў. Прынамсі, у гэтым спісе. Ёсць на што раўняцца, так бы мовіць. У цэлым, гэта вельмі добры прыклад таго, што няма нічога вечнага, і нават самыя кансерватыўныя сферы эканомікі рана ці позна мусяць трансфармавацца ў адпаведнасці з сучаснымі запытамі і магчымасцямі. І хай сёння яшчэ цяжкавата паверыць у прагрэсіўнае сучаснае фермерства ў Беларусі ў буйных аб’ёмах (мы ўсё ж занадта любім жарты пра капанне бульбы і праполку сарнякоў), але яно памалу становіцца рэальнасцю.
Стварыць фінансава паспяховы экалагічны праект – тая яшчэ задача. Але крок за крокам усё змяняецца, і экалогія ўсё больш і больш пераплятаецца са “звычайным бізнэсам”. Эка-ініцыятывы перастаюць быць надта лакальнымі і выходзяць за межы “міжсабойчыка”. Хай у іх усё атрымаецца!