Кондары не любяць махаць крыламі

Новае даследаванне паказала, што некаторыя цяжкія птушкі зусім не любяць актыўна махаць крыламі і амаль гэтага не робяць. Але пры гэтым лятаюць.

Каб з’эканоміць энергію, яны выкарыстоўваюць патокі цёплага паветра (тэрмікі), якія ўтвараюцца з-за неаднароднага прагравання сонцам зямной паверхні і лунаюць ад аднаго да другога, утрымліваючы неабходную ім вышыню.

Андскі кондар (Vultur gryphus)  - самая цяжкая сучасная птушка, якая лятае і можа важыць да 15 кг, актыўна махае крыламі толькі 1% часу, які праводзіць у палёце.

Даследаванне было зроблена прадстаўнікамі ўніверсітэта Swansea (Аргенціна) прафесарам Эмілі Шэпард і доктарам Сэрджыа Ламбертучы. Яны выкарысталі спецыяльныя прылады, якія запісывалі час, што птушкі праводзілі ў паветры, а таксама тып палёту.

Правяралі таксама змены ў тыпах палёту ў залежнасці ад зменаў у навакольным асяроддзі.

Аказалася, што больш 75% выпадкаў, калі кондары актыўна махалі крыламі, былі звязаны са ўзлётам птушак.

Лунаючы палёт кондары могуць выкарыстоўвываць у шырокай гаме ўмоваў надвор’я, ветру і тэмпературы. Адна з птушак змагла правесці ў паветры без узмаху крыламі ажно пяць гадзін, за гэты час яна праляцела 172 км!

Доктар Ханна Вільямс, якая таксама прымала ўдзел у даследаваннях, сказала:

“Атрыманыя намі дадзеныя паказалі, што доля актыўнага палёту пад час перамяшчэнняў кондараў значна не змянялася пры змене надвор’я. Гэта значыць, што рашэнне, калі і дзе прызямляцца – вельмі важныя, таму што акрамя таго, што птушкі павінны мець магчымасць узляцець, падобныя па-запланавыя прызямленні і наступныя ўзлёты могуць значна павялічыць расход энергіі”.

Цікава, што ўсе птушкі, за палётам якіх сачылі навукоўцы, былі неполаваспелымі. Гэта дало магчымасць сцвярджаць, што нават у першыя гады жыцця кондары могуць значна змяншаць агульны расход энергіі пад час пералётаў.

Найбольш праблемныя моманты для кондараў – пералёты паміж слабымі тэрмікамі (паветранымі ўздымаючыміся масамі - ЗП). У гэтыя моманты птушкі  могуць значна зніжацца, і каб даляцець да наступнага тэрміка, часта махаюць крыламі.

Крыніца: H. J. Williams et al. Physical limits of flight performance in the heaviest soaring bird, Proceedings of the National Academy of Sciences (2020). DOI: 10.1073/pnas.1907360117


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 08.09.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.