На YouTube-канале Зялёнага партала выйшаў новы эпізод падкаста «Містычная Беларусь». Гэтым разам расказваем пра беларускіх цмокаў, Вужынага караля, балотныя «дыханні», сучасных пачвар і звычайных вужоў.
Адна з гісторый выпуску – легенда пра Лукомскага цмока. Паводле падання, ён піў ваду з возера і прыносіў дождж. Але аднойчы ў цмока ўдарыла маланка, пасля чаго пачаўся патоп.
Дык кім была гэтая міфічная істота – пачварай, якой варта было баяцца, ці своеасаблівым захавальнікам прыроднай раўнавагі?
Праз беларускую готыку ў новым эпізодзе разбіраемся, чаму гісторыі пра цмокаў і іншых загадкавых істот так часта звязаныя менавіта з вадой і чаму людзі працягваюць расказваць пра сустрэчы з імі.
Але ў старых страхаў могуць быць цалкам рэальныя наступствы. У выпуску гаворым пра тое, як вобраз небяспечнай пачвары ўплывае на стаўленне людзей да сапраўдных змей. Страх перад імі можа пагражаць як самім жывёлам, так і іхным біятопам.
Новы выпуск «Містычнай Беларусі» ўжо можна паглядзець на YouTube-канале Зялёнага партала.