У поле зроку Міністэрства патрапіла пытанне ўзмацнення адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Па словах першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іі Малкінай, асноўная мэта - зрабіць так, каб суб'ектам гаспадарання і фізічным асобам было выгадней выконваць законы, чым парушаць іх. Акрамя гэтага ў планах Міністэрства надаць новы імпульс інспектарскай працы, што патрабуе перагляду шэрагу адміністрацыйных працэдур.
Як мяркуе юрыст ГА "Экадом" Рыгор Фёдараў, нягледзячы на тое, што пакуль складана меркаваць пра якія змены ідзе гаворка і адсутнічае тэкст самаго законапраекту, але ў цэлым паднятая праблема з'яўляецца актуальнай.
"Меры адказнасці за парушэнне экалагічнага заканадаўства варта ўдасканальваць. Аднак, хацелася б перасцерагчы ад непрапарцыйнага ўзмацнення мер адказнасці для фізічных асобаў", - падкрэслівае ён.
Калі не ўлічыць усе тонкасці, то можна сутыкнуцца з пэўнымі праблемамі, напрыклад, з тымі ж прадпрыемствамі, выкіды якіх складаюць ільвіную долю ў забруджванні навакольнага асяроддзя. І ў якасці прыклада Рыгор Фёдараў прыводзіць сітуацыю, калі ў раённым цэнтры прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не спраўляецца з ачысткай сцёкавых вод. Спецзбудаванні зношаны ці маюць малую магутнасць, як вынік у мясцовы вадаём паступаюць недаачышчаныя воды. Прадпрыемства не ў стане заплаціць за шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.
"Аб'яўляць такое прадпрыемства банкротам і закрываць ніхто не будзе, відавочна, што павелічэнне штрафаў у такой сітуацыі - бессэнсоўна. Неабходны іншыя механізмы. Павелічэнне штрафаў не павінны ператварацца ў пошук дадатковых даходаў для бюджэта", - падкрэслівае юрыст.