09.04.2019 / 20:04

У рубрыцы “Нашы людзі” Зялёны партал расказвае пра актывістак і актывістаў зялёнага руху Беларусі. Герой нашага новага матэрыялу – старшыня кіраўніцтва Мінскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў.

Павал, па адукацыі вы інжынер-машынабудаўнік, а займаецеся развіццём роварнага руху ў Беларусі. Як так атрымалася?

Ад 20 год я працаваў інжынерам – спачатку была аспірантура, потым завод, потым канструктарскае бюро, потым аналітыка ў інжынерыі. І калі мне было 30, я зразумеў, што нешта хочацца памяняць у жыцці, бо інжынерыя – гэта крыху сумна і не па мне. І прыкладна ў гэты ж час я пачаў цікавіцца экалагічнымі праблемамі і зрабіў своеасаблівы пераход – зразумеў, што буду займацца нечым, звязаным з экалогіяй.

Ровар у маім жыцці з’явіўся раней – пасля перапынку я набыў яго гадоў у 25-26. І роварным рухам я ў выніку стаў займацца не тое каб выпадкова... Але я мог бы застацца ў інжынерыі “з экалагіным ухілам”: мяне цікавіць тэма сонечных электрастанцый, цікавіць тэма перапрацоўкі смецця – тыя сферы, дзе ідзе размова пра тэхналагічныя падыходы.

Але так атрымалася, што ў мяне было хобі (ровар), у Менску ўжо была роварная арганізацыя, і ўсё проста супала: хобі, інтарэс да вырашэння экалагічных праблем і адукацыя.

А калі ў вашым жыцці з’явіўся першы ровар?

Першым быў трохкалёсны ровар, калі мне было гады тры, і адзінае, што я пра яго памятаю - гэта то, як ляцеў праз яго наперад і набіў сабе на ілбе вялізны гузак. Трэба, было, канечне, добра пастарацца, каб зрабіць такое.

Увогуле, усё дзяцінства і падлеткавы перыяд я быў на ровары, і не было яго толькі хіба ў перыяд з маіх 18 да 26 гадоў. Такая паўза атрымалася, бо, па-першае, стары ровар ужо не каціў, а па-другое, у той час былі проста іншыя цікаўнасці.

Потым, калі скончылася студэнцтва, мне захацелася большай свабоды, і я вярнуўся да ровара.

Для мяне ровар – гэта падарожжы, я доўга і шмат вандраваў, і ўвогуле можна сказаць, што ў роварны урбаністычны рух я прыйшоў акурат з турыстычнага.

Калісьці мы звандравалі са знаёмай у Індыю, і ў той час не так багата хто гэта рабіў. Стала зразумела, што нават у такое далёкае падарожжа можна проста ўзяць заплечнік і паехаць.

У той час у Менску мала пра гэта казалі, і мы вырашылі рабіць публічныя лекцыі  - стварылі Майстэрню вольных вандровак. Мы запрашалі розных вандраўнікоў, якія расказвалі пра свой досвед – як гэта было. А мяне найбольш цікавіў адказ на пытанне “Навошта?” Для чаго ездзіць, з якой мэтай, што вандроўка змяняе ў чалавеку?

Сам я аб’ездзіў каля 30 розных краін, і гэта былі розныя фарматы, але збольшага – аўтаспын і горныя трэкі.

Ці здаралася такое, каб у вандроўцы вас настолькі зачаравала нейкая краіна, што ў вас з’яўлялася жаданне туды пераехаць?

Такога зачаравання, каб я настолькі палюбіў краіну, што пажадаў пераехаць, я думаю, не было. Але ў мяне ж быў досвед жыцця за мяжой – па тры-чатыры месяцы жыў у розных краінах. Гэта не зусім тое самае, што эміграцыя, але і не самы звычайны турызм.

Але калі б не Беларусь, дык якую краіну вы б абралі?

Я б так пытанне не ставіў. Прынамсі, для мяне яно так не стаіць.

Калі не Беларусь, дык ёсць шмат іншых краін, дзе можна цікава жыць і нечым карысным займацца. Для мяне асабіста аспект “займацца” істотны, і ў нейкі перыяд я вагаўся, ці ўсё ж жыць у іншай краіне, ці вяртацца ў Беларусь. І Беларусь мне на той час падавалася больш цікавай.

Тут толькі пачалі з’яўляцца нейкія каворкінгі, нейкія прасторы, якіх раней зусім не было. І было разуменне, што тут пуста, тут нічога няма ў той жа сферы роварнага руху. Але я бачыў, як гэта магло б быць, і хацелася пераносіць сюды чужы вопыт і ствараць нешта сваё таксама.

Гэта былі 2012-2013 гады, і мне падавалася, што тут прасцей дасягаць нейкіх вынікаў, чым уладкоўвацца ва ўладкаванае жыццё і незразумела чым займацца ў іншай краіне. Тут мне было больш зразумела, чым займацца і што рабіць.

На працы вы наладжваеце камунікацыю НДА з дзяржаўнымі структурамі. Што прыносіць найбольшае задавальненне ў гэтым працэсе?

Сапраўды, мы такое робім. Мы бярэм тэму ровараў, таму што нам гэта цікава, і праз гэтую тэму мы навучаемся самі і навучаем мясцовых актывістаў і мясцовыя ўлады ў розных гарадах камунікаваць паміж сабой – разам сядаць за круглы стол, разам разбірацца, разам распрацоўваць нейкі план і разам гэты план выконваць.

Самае кайфовае – гэта, канечне, сітуацыі, калі ёсць рэальныя вынікі нашай дзейнасці. Па сутнасці, мы навучаем людзей больш узаемадзейнічаць паміж сабой. Калі казаць больш пафасна, дык мы навучаем мясцовай дэмакратыі.

Праца з чынавецтвам бывае вельмі рознай. Часам ты прыходзіш да чыноўніка, а ён кажа: “Ой, я сам раварыст і люблю катацца”. І тады ўзнікае нейкая эмацыйная сувязь. Але гэтай сувязі недастаткова. Трэба стварыць пляцоўку, дзе былі б розныя людзі.

Ад аднаго чалавека, як правіла, нічога не залежыць. Канечне, калі гэты чалавек – старшыня выканкама, дык нешта і залежыць, але звычайна трэба даць разуменне, што неабходна супольная праца, што трэба ствараць сістэму, якая будзе працаваць.

Для нас вельмі натхняльны прыклад – гэта Берасце. Там ёсць мясцовая моцная арганізацыя “За ВелаБрэст”, і мы дапамагаем ім як эксперты. Зусім нядаўна мне скінулі фота проста суперскай роварнай дарожкі, якая толькі-толькі была там пабудавана, а ў Менску мы такую дарожку ўжо некалькі год не можам “дабіць”.

У такія моманты я вельмі радуюся, што ў актывістаў атрымалася. І хай мой асабісты ўнёсак у гэтую сітуацыю быў маленькі, усё адно радасна.

Праца ў НДА – гэта не офісная праца ад 9 да 6. У ёй шмат хаатычнасці, і часта яна займае зашмат часу. Як вы балансуеце паміж працай і жонкай?

Я думаю, што больш-менш у мяне атрымліваецца знаходзіць час на ўсё. Спецыфіка працы ў НДА – гэта тое, чаго мне не хапала ў інжынерыі, дзе ўсё вельмі размерана, дзе працоўны дзень з 9 да 6, і дзе ты штодзень займаешся больш-менш адной і той жа дзейнасцю. І хай мэты там ставяць розныя людзі, яны збольшага аднолькавыя: трэба стварыць вось такі аб’ект альбо вось такога тыпу аб’ект.

У НДА ж справа нават не ў тым, што зранку можаш прыехаць на працу і нават не ведаць, чым будзеш займацца ў гэты дзень, а ў тым, што пастаноўкай мэтаў трэба займацца самастойна. Роварны рух – ён вельмі шырокі, і шмат чаго тут можна і трэба рабіць. Гэта вельмі ўцягвае, і паступова можна ўцягнуцца настолькі, што спрабаваць займацца ўсім адначасова.

Я прайшоў усе класічныя стадыі – быў валанцёрам, шэраговым актывістам, мэнэджэрам праекта... Потым нейкі час працаваў без грошай  (паўгода працаваў выключна на энтузіазме), пасля чаго прыйшоў да выгарання, з якім давялося разбірацца. Цяпер я займаюся больш стратэгічнай дзейнасцю.

Гэта ўсё праўда вельмі зацягвае, але таксама з часам пачынаеш больш цвяроза глядзець на працу і перастаеш кідацца на ўсё. Пачынаеш нешта дэлегаваць, а ад нечага ўвогуле адмаўляцца.

Калі знікае гэтая сквапнасць да працы, становіцца, безумоўна, прасцей. У мяне такой сквапнасці ўжо няма, і таму ў мяне застаецца больш часу на ўнутраную рэфлексію.

Вызваляецца час, каб спыніць плынь і паразважаць, а што яшчэ я хачу ў жыцці, акрамя працы – ці я хачу сям’ю, ці я хачу больш увагі надаваць сяброўскім стасункам.

Але як ні круці, часу ўсё адно не хапае. Усё адно хочацца рабіць больш.

Пару месяцаў таму мы з жонкай узялі шчанюка, і гэта атрымалася ў тым ліку вельмі карысна для нас саміх: штодзень ёсць гадзіна-паўтары, калі можна проста хадзіць з сабакам і быць пры гэтым без тэлефона, без інтэрнэта. Атрымліваецца, што адначасова ты і губляеш час, і знаходзіш яго.

Як вам удалося прайсці праз выгаранне і вярнуцца да актыўнай працы ў той жа сферы?

На мой погляд, галоўнае, што трэба зрабіць пры выгаранні – гэта якасна адрэфлексаваць, што адбываецца. Чаму я прыйшоў да актывісцкага руху? Навошта я працягваю гэтым займацца? Ці прапрацоўваю я гэтай дзейнасцю нейкія ўнутраныя ролі?

Часта за грамадскай актывісцкай дзейнасцю ёсць устаноўкі накшталт “хачу быць добрым”, “хачу падабацца людзям” і інш. І вельмі важна зразумець, ці ёсць у маім канкрэтным выпадку адыгрыванне такіх роляў і ці можна іх неяк перарабіць, каб жыць і працаваць было камфортней.

Рэфлексія дапамагла мне зразумець, што гэта былі за сцэнары, і як я хацеў іх змяніць. У выніку сцэнары зніклі, а каштоўнасці засталіся, і цяпер я разумею, што мая праца – гэта ёсць фактычна рэалізацыя маіх каштоўнасцяў. Я ўжо раблю нешта не “проста так, халера ведае, навошта”.

Пасля глыбокай рэфлексіі пэўная праца можа перастаць быць цікавай, але гэта таксама прызнак развіцця.

Зараз, напрыклад, у нас ідзе вялізны амбітны праект, і нярэдка даводзіцца карыстацца правілам “калі можаш нешта не рабіць, не рабі”. Працы вельмі шмат, і амбіцый шмат, але немагчыма падоўгу ўдасканальваць падпраекты. Працаваць трэба хутка і часта трэба спыняцца, калі ідэя прапрацавана на 4 з 5 балаў.

А ці ёсць у вас правілы кшталту “ніякай працы па выходных”?

Мы з жонкай дамовіліся, што пасля восьмай вечара не будзем працаваць, і збольшага так і робім. Але, на мой погляд, такія правілы не трэба рабіць надта жорсткімі. Ёсць сітуацыі, калі трэба скончыць псіхічны працэс, які ідзе, і дарабіць нейкую працу, але збольшага мы ўсё ж стараемся пасля васьмі вечара не працаваць.

На выходных мне таксама часам даводзіцца працаваць, але гэта звычайна ўжо звязана не з роварным рухам, а іншымі экалагічнымі цікавосткамі.

Горад і вёска: што вам больш да спадобы?

Жыць цікавей у горадзе. Для мяне ўвогуле Менск – адзіны горад у Беларусі, у якім жыць цікава. Але ж хочацца больш “зялёнага балансу”. Мне хацелася б працаваць у горадзе, але жыць у больш зялёным асяроддзі.

Я даволі часта адчуваю негатыўныя эмоцыі з той нагоды, што машыны запаркаваныя на зялёнай зоне, што ў суседнім двары дамы будуюцца, на працу з гэтамі эмоцыямі часам не хапае энергіі. У такім выпадку лепш змяншаць колькасць адпаведных сітуацый.

Увогуле, усё жыццё я стала жыў толькі ў кватэрах, але ў мяне ёсць разуменне, што можна было б жыць за горадам і прыязжаць сюды на працу некалькі дзён на тыдзень. Думаю, менавіта так я і хацеў бы жыць.

Автор:
Фотограф:
З асабістага архіва героя
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость