09.11.2016 / 20:11

Старажытны Тураў – турыстычная Мека Палесся, літаральна задыхаецца ад непрыемнага паху, а ў навакольныя меліяратыўныя каналы пераліваюцца атрутныя выкіды. Гомельскі Зялёны партал высвятляў, калі ж спыніцца здзек з людзей і прыроды.

Дыхаць стала немагчыма

Тураўскі малочны камбінат у 2013 годзе пачаў выпуск сваёй прадукцыі. Гэта ў асноўным імпартазамяшчальныя паўцвёрдыя і мяккія сыры, сярод якіх і недасяжная расійскім гурманам праз санкцыі «Мацарэла». Асноўны рынак збыту – Расійская Федэрацыя.

Менавіта з таго часу тураўцы і турысты, якія прыязджаюць у горад, пачалі адчуваць непрыемныя пахі. Але гэтым летам смурод стаў зусім невыносны. Прычым асабліва востра смярдзючы вецер турбаваў горад у вечаровы час. Мясцовыя актывісты вырашылі высветліць, чаму ад размешчаных у нейкіх двух кіламетрах на поўдзень ад Турава ачыстных збудаванняў кансервавага камбіната ААТ «Тураўшчына», на якія раней ніхто нават не звяртаў увагі, пачало так невыносна смярдзець.

На так званых палях фільтрацыі ачыстных збудаванняў актывісты заўважылі 2 новыя пластыкавыя трубы. Менавіта з іх у прыёмны калодзеж і выцякала смярдзючая белаватая вадкасць, якою былі перапоўненыя калодзежы перад адмысловымі сажалкамі, дзе выкіды павінны адстойвацца – тымі самымі палямі фільтрацыі, якія таксама сталі скрозь белымі з плывучымі зверху ашмёткамі пены. Жыхары Турава ўпэўненыя: вінаваты ў непрыемным паху менавіта Тураўскі малочны камбінат, які выкідае на палі фільтрацыі не дарэшты ачышчаныя сцёкі.

– У дні, калі на двары стаіць невыносная спёка, хочацца адчыніць акно, каб хаця б крыху праветрыць хату, але гэта немагчыма – з вуліцы так смярдзіць, што жыць не хочацца! І гэта – амаль у сярэдзіне Турава. А на ўскрайку, які бліжэй да ачыстных, увогуле дыхаць няможна, – распавяла Гомельскаму Зялёнаму парталу мясцовая жыхарка Вольга.

 

Бруд у канаве

Падчас агляду ачыстных збудаванняў карэспандэнт Гомельскага Зялёнага партала убачыў відавочныя сляды прарыва дамбы аднаго з палёў фільтрацыі, якія самі адмыслоўцы называюць «чэкамі». Літаральна за некалькі дзён да нашага з’яўлення ў Тураве змесціва аднаго з «чэкаў» практычна цалкам выцякла вонкі. Змываючы імклівай плынню расліннасць, глебу і ўсё жывое на сваім шляху, тонны бруднай вадкасці ўліліся ў размешчаны побач меліяратыўны канал.

На здымках бачна, наколькі моцнаю была плынь, што бегла ў канал. Яна несла на берагі меліяратыўнай сістэмы і рэшткі размытай дамбы: каля канала намыта шмат светлага пяску, з якога і была пабудаваная дамба. Дарэчы, сама дамба ўжо адноўленая – папросту нанова нагрэблены грунт, які быў размыты. Сапсаваны «чэк» пакуль пусты.

Усё, што выцякла з адстойніка, гэтак жа імкліва скіравалася па рэчышчы каналу, прыгінаючы долу чарот. Магчыма атрутныя сцёкі патрапілі і ў іншыя паверхневыя воды, у тым ліку, у раку Сцвіга, якая цячэ зусім побач.

Вада хуткай палескай ракі, тым больш у самым яе нізоўі, зараз чыстая. Калі туды нешта і трапіла, то яно ўжо даўно ў Прыпяці. Але з каналу малочны бруд сышоў не цалкам. На ўчастках, дзе сцёку замінаюць натуральныя перашкоды, яскрава бачныя такія ж самыя плямы бялёсай вадкасці, як і ў ачыстных адстойніках.

 

Праектныя магутнасці дазваляюць?

Намеснік дырэктара ААТ «Тураўшчына» Ігар Міцюрыч вельмі скрушна ўздыхнуў на нашае пытанне аб непрыемным паху ад ачыстных збудаванняў прадпрыемства і адзначыў, што калі малочны камбінат заключаў дамову аб падлучэнні да ачыстных кансервавага завода, магутнасці малакаперапрацоўшчыкаў былі амаль у два разы меншыя. Цяпер жа палі фільтрацыі з вялікай цяжкасцю даюць рады перапрацаваць і выкіды «Тураўшчыны», і сцёкі малочнага камбіната, і камунальныя сцёкі горада.

Інжынер па эксплуатацыі лакальных ачыстных збудаванняў Тураўскага малочнага камбіната Сяргей Віцебскі патлумачыў Гомельскаму Зялёнаму парталу, што сёння на прадпремстве функцыянуюць анаэробныя лакальныя ачыстныя збудаванні, дзе адмысловыя бактэрыі без доступу кіслароду раскладаюць шкодныя рэчывы, што ўтвараюцца ў вытворчым цыкле прадпрыемства, і такім чынам выпрацоўваецца біягаз для атрымання цяпла. А ўжо ачышчаныя такім чынам сцёкі выкідваюцца на палі фільтрацыі ачыстных збудаванняў ААТ «Тураўшчына». 

Чаму ж яны маюць такі непрыемны пах, адмысловец не патлумачыў. Відавочна, гэта выклікана закрытым безкіслародным працэсам раскладання і не поўным выкарыстаннем выпрацаванага біягазу. Але ж Сяргей Віцебскі адзначыў, што у планах прадпрыемства будаўніцтва ўласных ачыстных збудаванняў, у складзе якіх будуць і аэробныя ачыстныя ўстаноўкі, дзе ачыстка адыходаў будзе адбывацца з доступам кісларода і потым выкідвацца ў прыродныя паверхневыя воды.

Сітуацыя з ачыстнымі збудаваннямі ў Тураве не дае спакою і начальніку Жыткавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Івану Свежэнцу. Ён таксама сцвярджае, што ў сувязі з уводам у дзеянне на Тураўскім малочным камбінаце дапаўняльных вытворчых магутнасцяў, там запланавана будаўніцтва ўласных ачыстных, дзе сцёкі будуць ачышчацца не на палях фільтрацыі, а біялагічным чынам у спецыяльных адстойніках. Цяпер нават абраны ўчастак для гэтага будаўніцтва. Гэта – перспектыва наступнага года. У той жа час, калі камбінат уводзіўся ў эксплуатацыю, прымаць ягоныя сцёкі дазвалялі магутнасці кансервавага камбіната ААТ «Тураўшчына», якія і цяпер працуюць на ўзроўні сваіх праектных магутнасцяў, таму малочны камбінат уводзіўся без уласных адстойнікаў.

Вось толькі застаецца шэраг пытанняў. Чаму ж гэтыя магутнасці выклікаюць такога кшталту аварыйныя сітуацыі, калі дамбы не вытрымліваюць націску аб’ёмаў бруднай вады, якая накопліваецца ў палях фільтрацыі? Чаму на палі фільтрацыі выкідваецца вадкасць, якая мае такі моцны непрыемны пах?

– Тэхналагічны працэс малочнага камбіната мае такую асаблівасць, што выкіды яго вытворчасці ў асноўным прадстаўленыя прадуктамі перапрацоўкі сыроваткі, а ў іх складзе вялікая колькасць фасфатаў, амонію, што і выклікае такі пах, – гаворыць Іван Свежэнец. – Органы Мінпрыроды не кантралююць якасць выкідаў на палі фільтрацыі ачыстных збудаванняў прадпрыемстваў, і мы не можам ім прад’явіць нейкія прэтэнзіі, мы ажыццяўляем аналіз тых сцёкаў, якія выкідаюцца ў паверхневыя воды. Таму неяк уплываць на пах, які разыходзіцца ад палёў фільтрацыі, мы не можам. У той жа час, варта прызнаць, што дамбы палёў фільтрацыі ААТ «Тураўшчына» маюць патрэбу ў рэканструкцыі – каб пазбягаць прарываў, шырыня дамбы ў верхняй кропцы павінна быць не менш за два метры, грунт павінен быць ушчыльнены пасевам травяністай расліннасці. 

Па факце пераліву неачышчаных сцёкаў у навакольнае асяроддзе ААТ «Тураўшчына» спрабуюць прыцягнуць да адказнасці, узятыя пробы вады з меліяратыўнага канала, пасля аналізу матэрыялы перададуць у судовыя органы. 

– Я амаль упэўнены, што там будзе перавышэнне мяжова дапушчальных канцэнтрацыяў, гэта бачна і са знешняга выгляду, і з паху вады ў канале. Зараз прынятыя захады па папярэджанні выхаду забруджанай вады з меліяратыўнай сістэмы ў раку Сцвігу. Скід вады з каналаў у раку ажыццяўляецца праз пампавальную станцыю каля вёскі Знаменка, і на цяперашні момант мы далі распараджэнне спыніць перакідку вады з меліяратыўнай сістэмы ў натуральны вадаток.

З усёй гэтай сітуацыі вынікае, што, уводзячы ў дзеянне такі буйны прамысловы аб’ект, як Тураўскі малочны камбінат, яго праектыроўшчыкі і адказныя дзяржаўныя органы пра экалогію практычна не думалі. Альбо спадзяваліся на тое самае «а можа!». Маўляў, кансервавы камбінат «Тураўшчыны» (якая, дарэчы, з’яўляецца адным з акцыянераў ТМК), усё адно актыўна працуе толькі ў сезон нарыхтоўкі садавіны і гародніны, таму агульнагадавыя аб’ёмы выкідаў на палі фільтрацыі дазваляюць прымаць і выкіды малочнага камбіната. Але павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці ТМК адбываецца, чамусьці, хутчэй за рост магчымасцяў ачысткі выкідаў прадпрыемства.

Застаецца спадзявацца, што праектаванне і будаўніцтва нармальных ачыстных збудаванняў на Тураўскім малочным камбінаце не расцягнецца на гады і наступным летам жыхарам і турыстам у Тураве не давядзецца крывіць насы ад брыдкага смуроду.

Автор:
Фотограф:
Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость