Што гэта за месца і чым яно важнае?
Тураўскі луг — адно з найважнейшых месцаў у Еўропе для гнездавання і для адпачынку больш чым 50-ці відаў пералётных водна-балотных птушак падчас міграцыі. Тут сыходзяцца многія «птушыныя дарогі».
Тураўскі луг мае статус Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) міжнароднага значэння, а з 2008 года з’яўляецца біялагічным заказнікам мясцовага значэння.
Тураўскі луг — ува многім унікальнае і «самае-самае» месца.
- гэта асноўнае месца гнездавання кулікоў у Беларусі;
- тут падчас веснавых міграцый збіраюцца найбуйнейшыя ў Еўропе групы чырвонакніжных баталёнаў;
- тут дзейнічае найстарэйшая ў Беларусі станцыя кальцавання;
- тут мы праводзім Фестываль кулікоў, аналагаў якому няма ва ўсім свеце;
- гэта першая ў Беларусі тэрыторыя, якую перадалі ў арэнду грамадскай арганізацыі (АПБ) для ажыццяўлення прыродаахоўных мерапрыемстваў;
- ды і ўвогуле, столькі пералётных птушак адначасова ў нас больш нідзе не пабачыш!
Уявіце сабе вялізны поплаў (яго плошча сягае 140 гектараў!), якія ўвесну залівае прыпяцкая вада, ператвараючы гэтыя абшары ў сетку выспаў, абароненых ад наземных драпежнікаў. Кулікі, качкі, чайкі ды іншыя птушкі ладзяць тут свае калоніі. І ўсё гэта за некалькі кіламетраў ад цэнтра горада. Нядзіва, што паназіраць за птушкамі сюды штогод з’язджаюцца і беларусы, і замежнікі.
У 2014 годзе арнітолагі зафіксавалі абсалютны рэкорд улічаных птушак, якіх на адным квадратным кіламетры заказніка было аж 200 тысяч! За адзін дзень на Тураўскім лузе ты можаш пабачыць дзясяткі тысяч баталёнаў, качак-свіцьваў, вялікіх грыцукоў. Уражвае не толькі колькасць птушак, але і разнастайнасць відаў, сярод якіх мноства чырвонакніжных.
Штогод тут гняздуюцца дубальты, вялікія зуйкі, крыўкі, кулікі-марадункі, кулікі-паручайнікі, качкі-шылахвосткі. Сёлета на Тураўскім лузе засталіся такія рэдкія для Беларусі віды як хадулачнік і шыладзюбка, гнездаванняў якой у нас раней не фіксавалася.
Каб усе гэтыя віды не зніклі, трэба каб захавалася гэтае важнае для іх месца.
Як захаваць паплавы на Прыпяці?
Штогод прыпяцкія паплавы зарастаюць кустоўем, якое «адбірае» ў птушак тэрыторыі для харчавання і гнездавання. Дубальтам, што прылятаюць да нас, цяжка знайсці месца для такавання.
АПБ апякуецца Тураўскім лугам з 2007 года. Мы распрацавалі план кіравання і прадугледзелі меры для падтрымання гэтай экасістэмы. Напрыклад, мы спрыяем выпасу скаціны на паплавах: гэта не дае ім дзічэць і зарастаць. Кожны год перад масавым прылётам птушак мы разам з валанцёрамі высякаем і прыбіраем хмызнякі, выкошваем травы. Пастаянна праводзім маніторынг птушыных папуляцый і стану заказніка.
Вясной АПБ заўжды ладзіць у Тураве вялікае свята – Фестываль кулікоў. Мы расказваем людзям пра каштоўнасць прыпяцкіх паплавоў, пра іх крылатых гасцей і насельнікаў, заахвочваем удзельнічаць у расчыстцы Тураўскага лугу.
Дзякуючы таму, што мы мелі магчымасць ахоўваць экасістэму Тураўскага лугу, ён не страціў сваёй значнасці. Гэтага не скажаш пра іншыя паплавы ў пойме Прыпяці, якія за апошнія дзесяць гадоў былі занядбаныя і прывабліваюць птушак усё менш.
«Каля дзясятка паплавоў побач з Тураўскім лугам, дзе мы рабілі маніторынг, зніклі за гэтыя гады. На ўсёй тэрыторыі ўздоўж Прыпяці Тураўскі луг застаўся адзіным месцам такога вялікага значэння», — кажа спецыяліст АПБ па захаванні відаў Павел Пінчук.
Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях і былы дырэктар АПБ Віктар Фянчук, які ў свой час распачынаў прыродаахоўную дзейнасць на Тураўскім лузе, гаворыць, што трэба шукаць устойлівыя рашэнні, каб вярнуць усю пойму Прыпяці ў прыдатны стан. І калі за першае дзесяцігоддзе нам удалося захаваць спрыяльныя для птушак умовы на Тураўскім лузе, то ў наступным дзесяцігоддзі Віктар хацеў бы пашырыць сетку такіх тэрыторый, каб пазбегнуць залежнасці птушак ад усяго адной.
«Гэта вельмі небяспечная сітуацыя, — кажа Віктар. — У экалогіі яна называецца «бутэлечным рыльцам». У бутэльцы шмат вады, але яна можа выйсці толькі праз вузкае рыльца. Калі рыльца перастала функцыянаваць, то вада ўжо ніяк не выйдзе з бутэлькі. Міграцыя птушак праз пойму Прыпяці не павінна залежаць ад адной тэрыторыі. І гэта амбітная задача для АПБ і ўсіх партнёраў».
Павел Пінчук кажа, што аднаўленне занядбаных паплавоў магчымае, але толькі сіламі валанцёраў гэтую працу зрабіць не атрымаецца. Рашэнні мусяць быць на ўзроўні краіны. Трэба, каб людзям было цікава і выгадна набываць прадукты, вырабленыя экстэнсіўным, а не інтэнсіўным шляхам.
У многіх еўрапейскіх краінах спажыўцы выбіраюць фермерскія прадукты, а не індустрыяльныя, фермерства падтрымліваецца дзяржавай і развіваецца. Гэта добра для навакольнага асяроддзя. У выпадку з паплавамі дапамог бы, у прыватнасці, выпас статкаў на іх тэрыторыях – тады яны б так не зарасталі.
Сапраўды, важна, каб у захаванні нашага наваколля ўдзельнічалі і прыродаахоўныя арганізацыі, і грамадства, і дзяржава. «Сітуацыя з Тураўскім лугам – гэта вельмі станоўчы досвед і яскравы прыклад доўгатэрміновага і плённага супрацоўніцтва прыродаахоўнай арганізацыі, грамадства, мясцовых уладаў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў", — лічыць Віктар Фянчук.
Як можна дапамагчы? Можна зрабіць свой унёсак у тое, каб Тураўскі луг заставаўся прыстанкам для такога мноства птушак. Стань валанцёрам АПБ і даведацца першым пра набор у летнік па расчыстцы поплава! Каб стаць валанцёрам АПБ, напішы на info@ptushki.org або звяжыся з АПБ па тэлефонах +375 17 3697613, +375 29 1016887, або +375 29 2230613. Можна зрабіць ахвяраванне на прыродаахоўную дзейнасць АПБ, пералічыўшы грошы ў аддзяленні банку ці пошты, скарыстаўшыся сістэмай АРІП або падзяліўшыся сродкамі з баланса свайго мабільнага тэлефона праз iPay.