10.01.2018 / 12:01

Што мы ведаем пра жыццё драпежніка? Чым ён харчуецца, дзе гуляе? На гэтыя пытанні можна знайсці адказы ў незвычайным блогу, які цікава распавядае пра жыццё ваўкоў у Белавежскай пушчы. 

Супольны праект запусцілі грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Нацыянальны парк «Белавежская пушча» і Фарнкфурцкае заалагічнае таварыства. Па Белавежскай пушчы бегаюць ваўкі з GPS-ашыйнікамі і за іх прыгодамі можна сачыць на сайце Vouk.by.

— Мы даследуем ваўкоў ужо трэці год, і бачым, што ў нашых даследаваннях ёсць шмат цікавага для шырокай грамадскасці, — кажа ў каментары ptushki.org каардынатар праграмы Віктар Фянчук. — Цікавасць да ваўка ў людзей заўжды была большай, чым да іншых жывёлаў. Таму мы і вырашылі стварыць сайт, дзе маглі б трансляваць свае даследаванні ў папулярнай форме. Да таго ж, гэтая інфармацыя, як мы бачым па «сюрпрызах», што падкідаюць нам ваўкі, будзе цікавая не толькі беларусам, але і нашым польскім і ўкраінскім сябрам.

Пра што распавядае блог:

  • Што смачнейшае — алень ці лось? А можа, увогуле дробныя грызуны?
  • Як пераходзіць дзяржаўную мяжу, калі ты — воўк.
  • Ці проста ваўку легчы адпачыць ускрай гасцінцу старога?
  • Як ваўкі бавяць час у міжнародных вандроўках?

Паводле Віктара Фянчука, задача праекта — паказаць ролю ваўкоў у экасістэме. У Беларусі ваўкі лічацца непажаданымі жывёламі нават на тых тэрыторыях, якія мы самі аддалі прыродзе. Даследчыкам важна, каб стаўленне чалавека да ваўка грунтавалася не на нейкіх старадаўніх забабонах, а на навуковых дадзеных. 

Гэта Міхась! Фрагмент з блогу:

Наш герой быў адлоўлены адным з першых, недалёка ад вёскі Дабраволя, і атрымаў казённы нумар 21932, а каманда сайта vouk.by дала яму імя Міхась. У момант адлову ён знаходзіўся ў добрай фізічнай форме і на піку сіл. Тым не меней, павёўся ён дзіўна. Стараніўся пушчанскіх лясоў і аддаваў перавагу палям. Пасля і ўвогуле сышоў на ўскраіну пушчы і бавіў час у кукурузных палях. Ну, а чым харчаваўся — нават сорамна прызнацца. 

Абыходзячы месцы яго “палявання” рабілася крыўдна за такога суворага драпежніка. Рацыён ягоны складаўся з загінулых жывёлаў, мышэй. Не цураўся воўк прайсціся па звалках і жывёльных могілках. Адным словам, акрэслілася карціна паводзінаў тыповага здыхлятніка.

Дарэчы, вы можаце дапамагчы праекту і зрабіць ахвяраванне

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость