10.03.2016 / 16:03

У спісе аб'ектаў з найбольшай канцэнтрацыяй серных і азотных злучэнняў, якія псуюць паветра Брэста, гарадскія ачышчальныя збудаванні, каналізацыйная помпавая станцыя № 1, размешчаная па вул. Гогаля, і КВУП «Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод».

Мэр Брэста Аляксандр Рагачук лічыць, што кардынальна змяніць сітуацыю змогуць толькі новыя ачышчальныя збудаваннi.

«Цана пытання – 24 мільёны еўра, якія будуць выдзелены гораду на будаўніцтва ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Але чакаць 2018 года мы не сталі», – паведаміў кіраўнік горада карэспандэнту газеты «Вячэрні Брэст».

У першую чаргу было выканана: на ачышчальных збудаваннях у студзенi 2016 года накрыты драўлянымі насціламі прыёмныя камеры, у лютым завершаны работы па мантажы фільтра біялагічнай ачысткі з сістэмай вентыляцыі будынкаў рашотак. У выніку ўзровень выкіду забруджвальных рэчываў у паветра зменшыўся ў 5 разоў, у прыватнасці па аміяку са 150 мг/м3 да 26 мг/м3. Гэты фільтр вырабілі ўласнымі сіламі з выкарыстаннем жалезабетонных панэляў ад плота. І наогул зніжэнне непрыемнага паху на гарадскіх тэрыторыях абыйшлося не вельмі дорага.

Выкананы таксама работы на КПС №1 – павялічаны ўзровень фільтруемага матэрыялу ў біяфільтрах, вядзецца рэгулярны кантроль якасці ачысткі паветра, замеры па серавадароду і аміяку праводзяцца штодня. Па стане на 1 сакавіка канцэнтрацыя забруджвальных выкідаў у атмасферу адпавядае дапушчальным для рабочай зоны лічбам. Аляксандр Рагачук асабіста праверыў выкананне даручэнняў па гарадской «духмянай» праблеме і адзначыў, што «Брэстводаканал» паспяхова справіўся з пастаўленымі задачамі. Прынятыя горадам меры – часовыя, каб у чаканні старту «ачышчальнага» праекту не пагоршыць праблемы. Бо тут, акрамя ўсяго іншага, ёсць і знешняя цікавасць. Неяк нядобра сустракаць замежных гасцей нееўрапейскім водарам.

 Мэр таксама растлумачыў, што сваю лепту ў так званае псаванне паветра ўносяць і буйныя гандлёвыя сеткі, якія маюць уласную вытворчасць (кулінарыю, паўфабрыкаты і г.д.). Цяпер уведзены жорсткія абмежаванні, абмяркоўваецца магчымасць будаўніцтва прадпрыемствамі ўласных ачышчальных сістэм.

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнэт-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость