10.08.2026 / 15:08

Зварот "мой галубок" гучыць пяшчотна – што не замінае гараджанам лічыць галубоў надакучлівымі і бяссэнсоўнымі суседзямі. Як атрымалася, што за некалькі стагоддзяў людзі адмовіліся ад сваіх вечных спадарожнікаў?

 

 

Для галубоў будавалі каменныя вежы

Галубоў у гарадах недалюбліваюць і часам завуць "крылатымі пацукамі" ў знак іх бяссэнсоўнага, ледзьве не паразітычнага існавання. Але раней пра іх складалі народныя песні пра любоў і будавалі для іх каменныя вежы.

Прычым галубятні былі звычайнымі не толькі ў Беларусі. Вось так гэта выглядала ў Іране, і вышыня падобных вежаў складала 10–20 метраў, да сёння іх захавалася аж некалькі соцень.

Фота: галубятня ў Іране
Галубятня ў Іране. Фота: victortravelblog.com

 

Многія з іх захаваліся да сёння, напрыклад, у Францыі: круглыя каменныя вежы з сотнямі гнездавых ніш.

Да Французскай рэвалюцыі права на ўтрыманне вялікіх галубятняў было звязанае з феадальнымі прывілеямі, а самі яны маглі быць прыкметай дастатку і статусу ўладальніка.

У гаспадарцы ж галубоў разводзілі дзеля мяса і выкарыстоўвалі іх памёт як угнаенне, а асобных птушак навучалі пераносіць паведамленні.

Фота: галубятня ў Францыі
Галубятня ў Францыі. Фота: Couchaux Denis

 

Знайсці такія фота з Беларусі складаней. Але вось, напрыклад, рэшткі каменнай галубятні 1811 года ў Клецкім раёне.

рэшткі галубятні ў сядзібна-паркавым комплексе "Галынка", Клецкі раён
Рэшткі галубятні ў сядзібна-паркавым комплексе "Галынка", Клецкі раён, 2023 год. Фота: heritage.gov.by

 

Традыцыя разводзіць галубоў у магнацкіх і шляхецкіх сядзібах пачынаецца ад XVI ст. і звязана з паштовымі патрэбамі, а таксама для ўпрыгожання ландшафту, як піша Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне ў Беларусі.

 

Чалавек вывеў устойлівую птушку – і яму не спадабалася

Як атрымалася, што птушка, якой людзі будавалі вежы, ператварылася ў "крылатага пацука"? Ёсць сведчанні, што першымі на іх пачалі паляваць неандэртальцы – здабывалі скальных, тады яшчэ дзікіх галубоў і смажылі на агні.

Але даследчыкі Стэла Капочча, Калі Бойл і Тэд Дарнэл у артыкуле для Journal of Urban Ecology тлумачаць, што статус птушкі – заканамерны вынік 5–10 000 гадоў эвалюцыі побач з чалавекам.

Калі раней галубы былі карыснымі ў гаспадарцы, то зараз часы змяніліся, а разам з гэтым – і месца голуба ў жыцці чалавека. Некаторыя эколагі іх лічаць наўпрост маркерам дэградацыі прыроднага багацця відаў, а гараджане раздражняюцца праз колькасць галубінага памёту.

Выраз "крылатыя пацукі" (rats of the sky) якраз і перадае гэтае новае стаўленне: голуба пачалі ўспрымаць як праблемную гарадскую жывёлу, па аналогіі з пацукамі.

Але тыя ж якасці, за якія галубоў цяпер не любяць, цаніліся чалавекам падчас стагоддзяў прыручэння. Птушак адбіралі менавіта паводле высокай плоднасці, колькасці мяса і прывязанасці да тэрыторыі (для паштовай працы).

 

Ідэальная гарадская жывёла

Аднак тысячагоддзі жыцця побач з чалавекам і селекцыі змянілі голуба настолькі, што сёння ён – ідэальны жыхар мегаполісаў.

Даследчыкі ў Journal of Urban Ecology прапануюць разглядаць іх як гарадскі ключавы від (urban keystone species). Як зернеядныя птушкі яны дапамагаюць раслінам рассяляцца, забяспечваючы біялагічную сувязь паміж рознымі паркамі, скверамі і пустырамі.

Акрамя таго, галубы самі добрая ежа, праўда, не для людзей. У розных гарадах свету яны складаюць ад 32% да 80,9% рацыёну драпежных птушак – без іх існаванне многіх відаў сокалаў і ястрабаў у гарадах было б іншым. У артыкуле згадваецца толькі Варшава, але асобна выйшла іншае даследаванне па Белавежскай пушчы.

 

Мясцовыя ястрабы-цецеравятнікі рэгулярна лётаюць за здабычай у горад на дыстанцыю да 20 кіламетраў, каб папаляваць на шызых галубоў у горадзе. Для такіх пушчанскіх ястрабаў галубы складаюць больш за траціну рацыёну.

Таксама галубы могуць быць індыкатарам стану навакольнага асяроддзя, пішуць даследчыкі ў Journal of Urban Ecology. Напрыклад, у Нідэрландах у гарадскіх галубоў вымяралі ўзровень цяжкіх металаў у іх арганізме ў залежнасці ад раёна.

 

Калі знікнуць людзі – ці знікнуць галубы?

Аднак голуб – гэта не толькі датчык забруджвання ці ежа для драпежнікаў, але і люстэрка самай нашай прысутнасці.

Пандэмія COVID-19 нечакана дала навукоўцам магчымасць праверыць, наколькі гарадскія галубы залежаць ад чалавека. У Сінгапуры падчас лакдаўну, калі людзі перасталі наведваць рэстараны і карміць птушак, колькасць галубоў у месцах кармлення прыкметна скарацілася.

Самі птушкі сталі больш часу праводзіць у пошуках натуральнай ежы. Атрымалася амаль натуральная эксперыментальная сітуацыя: людзей у горадзе стала менш – і разам з імі знікла частка звыклай для галубоў ежы.

Падабаецца, што мы робім? Падтрымай "Зялёны партал" на Patreon. Гэта бяспечна для тых, хто па-за межамі Беларусі, і важна для працы нашай каманды.

Падтрымаць

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость