«Першапачаткова ідэя ўзнікла, калі наш выкладчык прапанаваў паўдзельнічаць нам у конкурсе star-up'аў у Маскве. Мы падаліся туды з праектам па вытворчасці вёдзер для раздзельнага збору смецця, калі адна ёмкасць дзеліцца на чатыры секцыі для розных відаў адходаў. І мы атрымалі вельмі харошыя водгукі, але як сацыяльны праект, т.я. камерцыйна гэта, на жаль, незапатрабавана ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Па-першае, няма ўмоў для такога працэсу; па-другое, людзі не ведаюць як правільна сартыраваць», – кажа Надзея Рынкевіч.
Каманда «Чыстай справы» вырашыла не спыняцца на гэтым, а папросту каардынальным чынам змяніць канцэпт і заняцца асветай грамадзян, пачаўшы з дзяцей, якія, як губка ўбіраюць у сябе новае і цікавае.
«З дзецьмі прасцей за ўсё працаваць, тым больш, што свае веды яны будуць з задавальненнем укараняць дома», – дадае Надзея.
Мінская беларускамоўная гімназія № 23 стала адной з чарговых кропак «эксперыменту», дзе з вучнямі восьмага класу правялі інтэрактыўна-тэматычны занятак і дасканала разабралі праблемы, якія ўзнікаюць пры вялікай колькасці смецця на планеце, расказалі пра віды адходаў і правілы іх сартыроўкі.
«Адходы – гэта праблема, з якой кожны з нас сутыкаецца амаль штодня, – пачала «ўрок» Наталля Парэчына з установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў». – Прычынамі з'яўлення смецця могуць быць розныя абставіны: рэчы ламаюцца, становяцца непатрэбнымі ці надакучаюць. Усё гэта патрапляе на палігоны цвёрдых бытавых адходаў».
І мае гэта праблема дваякі характар. Пад уздзеяннем знешніх фактараў адходы на палігонах распадаюцца, выдзяляючы ў наваколле шкодныя рэчывы, якія пагражаюць як экалогіі, так і здароўю людзей. Акрамя гэтага змяншаецца колькасць рэсурсаў планеты, якія задзейнічаны ў працэсе вытворчасці тых ці іншых тавараў. Таму так важна сартыраваць адходы, якія могуць стаць асновай для кругавароту рэчаў і іх другаснага выкарыстання.
Як нельга лепш у такой сітуацыі працуе правіла трох «R» – Reduce-Reuse-Recycle, якое дазваляе найбольш ашчадна спажываць прадукты вытворчасці і жыць на Зямлі, бо грунтуецца на падыходах, калі людзі скарачаюць выкарыстанне аднаразовых рэчаў, аддаючы перавагу тым, што прыдатны для шматразовага прымянення, а таксама перапрацоўваюць рэсурсы для другаснага іх выкарыстання.
«Калі мы кажам, што штосьці карысна для планеты, заўсёды варта памятаць, што гэта ў першую чаргу карысна для нас саміх. Бо Зямля жыла без людзей і будзе працягваць жыць без іх..., – зазначае Наталля. – Забруджваючы наваколле, чалавецтва наносіць у першую чаргу шкоду сабе і свайму здароўю».
Не дарма сёння самай распаўсюджаннай хваробай, якая непасрэдна звязана з чысцінёй навакольнага асяроддзя – з'яўляецца алергія, ад якой пакутуюць тысячы людзей на планеце.
Таму элементарныя веды пра сартыроўку смецця змогуць стаць ключавымі ў пытанні існавання чалавека на планеце. Напрыклад, варта памятаць, што ўпакоўку тэтра пак нельга аднесці ні аднаго віду другаснай сыравіны, бо ў яе састаў уваходзяць і папера, і метал, і поліэтылен. У нашай краіне толькі пачынаюць збіраць такога кшталту ўпакоўку і адпраўляць на перапрацоўку, якая з'яўляецца вельмі працаёмкім працэсам. Мукулатуру лепш выносіць у кантэйнеры ў сухое надвор'е, каб захаваць яе прыдатнасць для перапрацоўкі, а неспраўную электронную і бытавую тэхніку здаваць на спецыяльныя прадпрыемствы, як і такі шкодны від адходаў – элементы сілкавання ці папросту кажучы батарэйкі.
Яшчэ адзін спосаб скарачэння адходаў і захавання рэсурсаў, які прапанавалі школьнікам на занятках, – гэта змяншэнне сваіх спажывецкіх звычак, а менавіта не набываць сабе новыя гаджэты пры кожным магчымым выпадку ці дзяліцца непатрэбнай, але працоўнай тэхнікай з тымі, каму яна яшчэ можа паслужыць. І такі падыход можна прымяняць да большасці звыклых нам рэчаў.
Забаўным і наглядным для вучняў аказалася практыкаванне па падліку таго, што ёсць у іх дома з бытавой тэхнікі ці электрапрыбораў, і куды пры неабходнасці ўсё гэта можна здаць.
«Гэтыя лісты – пасланне да вашых бацькоў, абмяркуйце з імі наколькі шмат абсталявання ёсць у вашай сям'і, падзяліцеся інфармацыяй па пунктах збору буйнагабарытнай тэхнікі», – параіла Наталля.
Сапраўдным адкрыццём для дзяцей сталі цікавыя звесткі пра смецце з усяго свету, якія прымушаюць задумацца пра маштабы існуючай праблемы і незвычайныя шляхі вырашэння, як напрыклад, тое, што чалавек ужо сёння ператварыў Сусветны акіян у пластыкавы «суп», калі ў вадзе знаходзіцца больш смецця, чым планктону ці бакі для смецця на вуліцах Нью-Ёрку, якія служаць яшчэ і кропкамі для wi-fi.
Не засталіся школьнікі і без прыемных падарункаў і сюрпрызаў, так для прымянення атрыманых ведаў на практыцы яны атрымалі вёдры для сартыроўкі смецця ў сваім класным кабінеце, а ў школьнасй сталовай хутка з'явіцца спецыяльны кантэйнер для збору ўпакоўкі тэтра пак. Акрамя гэтага кожнаму ўдзельніку падарылі цікавыя і яркія кнігі для замацавання сваіх навыкаў і экалагічную гульню на клас.
Што ж тычыцца самаго праекту, па папярэдняй дамоўленасці і наводцы кампаніі «Remondis» каманда правядзе шэраг падобных заняткаў у школах і гімназіях Ленінскага раёну сталіцы. Пасля чаго наступным крокам стане справаздача, якую плануюць даслаць у Міністэрства адукацыі дзеля таго, каб запусціць працэс уключэння ў школьную праграму падобных інфармацыйна-асветніцкіх заняткаў.
«Мы плануем супрацоўнічаць з рухам «Мэта 99», каб разам з імі пры падтрымцы Міністэрства распрацаваць праграму для школьнага прадмету, кшталту Асновы бяспекі жыццядзейнасці, толькі накіраваны ён будзе на наладжванне сістэмы сартыроўкі і перапрацоўкі адходаў у Беларусі. Гэта наша праграма максімум», – падзялілася Надзея.
Аднак, ужо сёння ўсе неабыякавыя да праблемы смецця могуць падтрымаць праект «Чыстая справа» на платформе talaka.by, аддаўшы яму свой голас і перавагу.