10.09.2020 / 10:09

На мапу “нашых” страўняў дадалася мінская Shawarma Express на Ленінградскай, 2. Там робяць бел-чырвона-белую шаурму і даюць зніжку за белыя стужкі. Апошнія тыдні па выходных вакол установы гуртуецца АМАП і амаль няма наведвальнікаў.

Страўня апынулася на мяжы закрыцця праз адсутнасць прыбытку. Сябры шаурменнай папрасілі мінчукоў падтрымаць яе замовамі. Ранкам 9 верасня наплыў ахвочых быў такі вялікі, што скончылася мяса.

Большую частку прыбытку, з 70%, мы атрымлівалі па суботах і нядзелях, – распавядае ўладальніца страўні Shawarma Express Настасся Цяйранава. – А цяпер што ні выходны – у нас з аднаго боку ачапленне АМАП, з другога боку… Яны проста ўвальваюцца і “расквартароўваюцца” як у сябе дома, зрабілі ў нас проста дармовую прыбіральню. Да шаурменнай банальна не даходзяць людзі, не могуць даехаць пастаўшчыкі, бо ўсё перакрыта. Прыбытак упаў проста крытычна. Зусім зачыніцца ў выходныя мы не можам, бо калі хаця б пару чалавек зойдзе – хоць нешта заробім.

Ачапленне АМАП ля Shawarma Express
Ачапленне АМАП ля Shawarma Express

Мы заўсёды дапамагалі людзям, пакуль была такая магчымасць: падтрымлівалі валанцёраў на Гурскага, пералічваючы коцікам грошы, вазілі шаурму на Ахрэсціна, медыкам падчас каронавірусу. Спачатку задарма, потым па сабекошце, бо і самі моцна пацярпелі ад вірусу.

Кусь за Беларусь
Кусь за Беларусь

Арэнда ў нас дарагая, але арэндадаўца наш чалавек і пайшоў насустрач. Наш повар добраахвотна адмовіўся ад паловы заробку. Нам вельмі цяжка, мы разумеем, што калі мы зараз не аб’яднаемся – будзе бяда. Мая сяброўка ўчора (8 верасня – рэд.) зрабіла абвестку ў чатах, што нам трэба дапамога. Я проста расплакалася.

І вось сёння (9 верасня – рэд.) прыязджаю на працу – а ў нас столькі людзей, колькі было толькі калі мы задарма раздавалі пратэстоўцам квас і каву. Мы звычайна ранкам робім шаурму з учорашняй “шышкі” мяса, паралельна смажачы новую (гэта займае прыкладна гадзіну).

Сёння ў нас было столькі замоў на дастаўку шаурмы, што наведвальнікам, якія да нас прыходзілі ранкам, проста не засталося мяса: вельмі хутка з’елі ўчорашнюю “шышку”, а новая не паспела дасмажыцца.

Тых, хто прыходзіў, мы частавалі задарма квасам ці кавай, бо не змаглі накарміць. Я вельмі кранутая такім водгукам. Мне ўвесь час пішуць словы падтрымкі, каля 100 паведамленняў прыйшло ад незнаёмых людзей.

Бел-чырвона-белую шаурму мы робім, наносячы на лаваш харчовы фарбавальнік. Быў выпадак, калі мы такую замову зрабілі для выканкама, не разабраўшыся. Ну як, мы ж думалі, што нас 97%, усе любяць бчб-шаурму. Прыходзіць кур’ер і кажа: “Вы што?! Я ж у выканкам вязу!” Але перарабляць замову было б доўга і дорага.

Пасля гэтага нам пайшлі тэлефанаванні з пагрозамі. Маўляў, вам што, працаваць надакучыла? Нейкі правакатар спрабаваў разбіць нам вітрыну, кінуўшы бутэльку з крыкам: “Што вам, с*кі, не падабаецца ў гэтай краіне?” Добра, што ён не дакінуў. Бутэльку мы знайшлі, запакавалі ў пакет, на ёй адбіткі пальцаў. Ёсць відэа, шмат сведак, мы звярнуліся ў міліцыю, але справу так і не распачалі.

Я з сям’і патомных апазіцыянераў, таму бел-чырвона-белая шаурма – адлюстраванне маёй грамадзянскай пазіцыі. Мой дзядуля, Казімір Равяка, быў прафесарам на гістарычным факультэце БДУ. Ён ненавідзеў рэжым дыктатара, кожны раз, бачачы яго па тэлевізары, проста пляваўся і выходзіў з пакоя. І мае бацькі, і я з сястрой раслі, усведамляючы, што з гэтым рэжымам трэба нешта рабіць. Я не магу маўчаць, застацца раўнадушнай.

Шаурма – наш асноўны асартымент. Да таго ж, наш выраб “Д’ябла” – самая вострая шаурма ў Беларусі, з тайскім перцам. Знаходзяцца аматары-экстрэмалы. Такога ні ў каго няма. Плануем рабіць яшчэ кесадзілью (тарцілья з начынкай, важыць менш за шаурму – рэд.). Ну, і напоі прапануем: каву, квас. Перад кампаніяй “Кока-кола” ў нас вялікая запазычанасць, таму колу пакуль не прадаем.

Аграмадны дзякуй усім, хто нас падтрымаў! Мы не чакалі. Чэргі былі да вечару, прыйшлі сотні людзей. Чакалі па паўтары–дзве гадзіны, пакідалі тэлефоны, каб забраць замову пазней. Зараз людзі вельмі аб’ядналіся: калі каму трэба дапамога, то за яго ўстае проста ўся краіна!

Автор:
Фотограф:
З архіва гераіні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость