Экалагічнае будаўніцтва ставіць мэтай зніжэнне спажывання энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў на працягу ўсяго жыццёвага цыклу будынка пры захаванні яго якасці і камфорту. Калі казаць увогуле, то зялёнае будўніцтва прызванае паменшыць уплыў ад яго на навакольнае асяроддзе і здароўе людзей. У блізкім да экабудаўніцтва паняцці натуральнага будаўніцтва падразумяваецца таксама выкарыстанне натуральных мясцовых матэрыялаў.
На думку карэспандэнта «Новага часу», у Беларусі экабудаўніцтва прадстаўлена ў лепшым выпадку старымі і знаёмымі тэхналогіямі (напрыклад, драўляныя дамы, зрубы па стандартных праектах, «каркасныя дамы», дамы з клеенага бруса).
У горшым выпадку прыстаўка бія- аказваецца звычайным маркетынгавым ходам. На мінскай выставе «Будпрагрэс–2016» сапраўднай экатэхналогіяй можна было назваць прадукцыю толькі адной з такіх кампаній, якая распрацавала сонечныя калектары.
А між тым, існуе шмат спосабаў пабудаваць жыллё экалагічна. І з іх можна выбраць тыя, якія падыходзяць да нашага клімату і бюджэту.
1. Дамы з саломы пакрысе перастаюць быць для беларусаў экзотыкай. Сама ж тэхналогія іх будўніцтва налічвае тысячагоддзі. А будаўнічы матэрыял, 10 тон якога хопіць на сярэдні дом, можна набыць у сельгаспрадпрыемстваў досыць танна. Першымі у Беларусі дамы з малоы пачаў будаваць эколаг Яўген Шырокаў у 90-х гадах. Першы яго дом каштаваў $25.000, пры гэтым на ацяпленне яго патрабавалася ў некалькі разоў менш энергіі, у параўнанні з цагляным домам.
Саламяныя дамы могуць будавацца з каркасам і без. Пры бескаркасным будаўніцтве дом збіраецца з саламяных блока, як з цаглінак. Але паўстае пытанне аконных перамычак, перакрыццяў, кроквеннай сістэмы.
Каркасная тэхналогія прадугледжвае зборку драўлянага каркаса, у які набіваюцца саламяныя блокі і атынкоўваюцца глінай у некалькі пластоў. Сабекошт такога дома пад ключ $100–$300 за квадратны метр.
2. Больш дарагая ($500 за квадратны метр), але і больш простая тэхналогія – будаўніцтва з літоўскіх саламяных панэляў. А калі выкарыстаць беларускі экакуб, то выйдзе на $100–150 танней.
3. Будаўніцтва дамоў з гліны з дадаткамі цэлюлозных матэрыялаў — ад саломы да драўніны. Прыклад — праект «Глінабіт» кампаніі «GlinKo». У Беларусі такі экадом з гліны і дрэва можна ўбачыць у Лельчыцах. Ацяпляць такі дом танней, чым цагляны, у 4–5 разоў, а кошт 1 квадратнага метра — у 3–4 разы меншы.
4. Будаўніцтва дома з дроў і гліны – яшчэ адна тэхналогія экабудаўніцтва. Сутнасць яе ў тым, што на гліняны раствор (гліна з дадаткам саломы) кладуцца драўняныя калодачкі або дровы. Іх даўжыня вызначае таўшчыню сцен. Гліна змацоўвае дровы ў трывалую сцяну. Драўніна там захоўваецца выдатна. У штатце Вісконсін ёсць такі дом, збудаваны ў 1880-х гадах. Драўніна ў ім як новая. Адметнасць дома – здольнасць захоўваць цяпло ў мароз, а прахалоду – у гарачыню. Эканоміць такі дом і матэрыялы: сцяна вельмі ўстойлівая, таму падмурак дастаткова залажыць на 1 метр. Вагнеўстойлівасць таксама ўражвае. Паводле аднаго экперымента, такі дом згарэў толькі праз тры дні пасля таго, як яго падпалілі.
Падсумуем бюжэтнасць экалагічнага будаўніцтва: на другасным рынку кошт квадратнага метра катэджа пад Мінскам у сярэднім складзе каля $700. Будаўніцтва цаглянага катэджа пад ключ стане каля $400 за метр. А экадом з мясцовых натуральных матэрыялаў (гліна, салома, драўняная дранка, палены, трыснёг) будзе каштаваць каля $200–300 (з камунікацыямі і аздабленнем).
Паводле інфармацыі «Новы Час»