10.11.2018 / 12:11

9 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень антыядзерных акцый. Свята з'явілася ў адказ на падзеі Чарнобыльскай трагедыі і заклікана нагадваць пра небяспеку "мірнага" атама і катастрафічныя наступствы для чалавецтва ў спробе падпарадкаваць яго сабе.

Для Беларусі дзень антыядзерных акцый мае асаблівае значэнне, з улікам тых катастрафічных наступстваў, што прынёс з сабой Чарнобыль. Ды й планы кіраўніцтва дзяржавы ў "саюзе" з расійскай атамнай карпарацыяй Расатам запусціць першую беларускую атамную станцыю усё больш актуалізуюць гэту дату.

Ад самага пачатку, як стала вядома пра намер будаваць БелАЭС пад Астраўцом, прадстаўнікі "зялёных" арганізацый і ініцыятыў пачалі выступаць з рэзкай крытыкай узвядзення такога  аб'екта на тэрыторыі нашай краіны. Аднак нягледзячы на экспертную падтрымку, аналіз сітуацыі і спробы замацаваць эфект яркімі акцыямі пратэсту, беларускі антыядзерны рух не мае шырокай падтрымкі сярод людзей.

"На пытанне чаму антыядзерных актывістаў так мала ў Беларусі і чаму практычна яны не маюць падтрымкі, цяжка вылучыць нейкую адну прычыну. Хутчэй існуе шэраг фактараў, збег якіх дае такі эфект. Так, тэма ядзернай энергетыкі і будаўніцтва АЭС успрымаецца як не самая актуальная. Найбольш болючымі для грамадства з'яўляюцца: эканамічны стан, заробкі, палітычная сітуацыя, свабода СМІ, праслед актывістаў. Нават даводзілася чуць, што дэкрэт аб туніядстве мае больш значэння. Гэта магчыма патлумачыць доўгатэрміновымі перспектывамі атамнай станцыі, якія ўспрымаюцца як штосьці статычнае, што не мае ўплыву цяпер", — тлумачыць Анастасія Дарафеева, старшыня Беларускай партыі "Зялёныя".

Сярод іншага нельга забываць пра масіраваную прапаганду і лабіраванне атамнай энергетыкі зацікаўленымі карпарацыямі, што вельмі хутка падхопліваюць нашыя прадзяржаўныя сродкі інфармацыі. Пры ўсім, як адзначае Анастасія, пераказванне некаторых міфаў пра АЭС і аднаўляльныя крыніцы энергетыкі гучаць нават з вуснаў прадстаўнікоў прасунутых супольнасцяў. Што сведчыць пра адсутнасць разумення ў грамастве неабходнасці выступаць супраць будаўніцтва станцыі.

"Часцяком даводзіцца чуць, так бы мовіць, «бесперспектыўную» пазіцыю. Маўляў, змагайся-не змагайся, усё роўна нічога не зменіцца, дык і навошта ў гэта ўключацца. Такое меркаванне-змірэнне з сітуацыяй", — кажа яна.

У цэлым жа, падкрэслівае суразмоўца, у Беларусі любы рух не мае шырокай грамадскай падтрымкі. Аднак антыядзерны сапраўды з'яўляецца, бадай, самым "абяскроўленым", асабліва ў апошнія гады.

І ўсё ж нягледзячы на неўстойлівае становішча антыядзернага руху, "зялёныя" праводзяць тэматычныя круглыя сталы і сустрэчы з экспертным пулам, а таксама ладзяць разнастайныя акцыі і перфомансы.

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

"Трэба разумець, што адна, дзве ці тры акцыі самі па сабе магуць не даць ніякага эфекта. І, за рэдкім выключэннем, ад адзінкавага перфоманса нельга чакаць фундаментальных змяненняў у грамадстве ці ўплыву на канкрэтны праект. Як правіла, акцыі робяць альбо з сімвалічным сэнсам, альбо як частку вялікай кампаніі. Таму што ні адна акцыя не здольна спыніць атамную станцыю, а правільна зарганізаваная кампанія — чаму б і не", — падкрэслівае Уладзімір Слівяк, сустаршыня экалагічнай групы "Экаабарона!".

Нягледзячы на параўнальна нешматлікую колькасць пратэстных антыядзерных выступленняў у Беларусі і ў Расіі, у досведзе Уладзіміра ёсць мінімум тры паспяховыя капаніі. Адну з першых ён выдзяляе супраціў увозу радыёактыўных адходаў у Расію з Заходняй Еўропы 2005 — 2009 гадоў. І дзве кампаніі супраць будаўніцтва атамных станцый: Балтыйскай АЭС у Калінінградскай вобласці і АЭС ў Паўднёвай Афрыцы, на якую замахнуўся Расатам.

 

"Ва ўсіх трох кампаніях мы дасягнулі поспеху. У адным выпадку атрымалася спыніць ужо ажыццўляемую дзейнасць, у астатніх двух — будаўніцтва станцый, ва ўсякім выпадку на сённяшні момант.

Для кампаній праводзілася шмат разнастайных акцый, як для ўціску на фінансавыя інстытуты, што падтрымлівалі праекты, так і для распаўсюджання новай інфармацыі сярод насельніцтва. Прычым браліся за розныя фарматы: блакады, касцюміраваныя акцыі, транспаранты, расцяжкі на будынках і іншае", — прыгадвае расійскі эксперт.

Анастасія Дарафеева прыгадвае акцыі, якія, на яе думку, мелі найбольшы рэзананс у сродках масавай інфармацыі, хаця і не былі паспяховымі ў глабальным сэсне. Адна з іх адбылася ў Мінску ў 2012 годзе, калі падчас візіту расійскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзьведзева актывісты і актывісткі антыядзернага руху абодвух краін намерваліся перадаць зварот супраць падпісання кантракта з Расатамам. Аднак удзельнікі акцыі былі затрыманы: Ірына Сухій, прадстаўніца грамадскага аб'яднання "Экадом", была пакараная штрафам, Таццяна Новікава, каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі, атрымала 5 сутак арышту, расійскі актывіст і фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі акрамя арышту атрымаў забарону на ўезд у Беларусь на 10 год.

"Эфект ад, падавалася б, мірнай і простай акцыі быў вельмі ўзрушлівым. Улада паказал дурасць сваіх дзеянняў, а з іншага боку, стала зразумела наколькі моцныя і сур'ёзныя намеры ў расійскага атамнага лобі.

Яшчэ адну сумесную акцыю змаглі правесці годам раней ля будынка Расатама ў Маскве. Няхай яна таксама не была масавай, але важна было паказаць салідарнасць і падтрымку беларускіх актывістаў і актывістак расійскімі калегамі", — прыгадвае Анастасія.

Таму, кіраўніца партыі "Зялёныя" упэўнена, што акцыі патрэбны і чым іх будзе болей, тым лепш. Яны павінна стаць адказам на прыняцце рашэняў, каб зрушыць з мёртвай кропкі пазіцыю "усе маўчаць — ніхто не супраць", трэба старацца паказваць прысутнасць іншага меркавання. У той жа момант, не варта ўпірацца толькі ў пратэсты як адзіны фармат. Анастасія мяркуе, што ў акцый павінны з'явіцца дадатковы да "супраць чаго мы" кампанент "чаго мы хочам, у чым бачым альтэрнатыву". Акцыі павінны грунтавацца на пазіцыі "крытыкуеш — прапануй".

"Датычна БелАЭС, як мне падаецца, варта арганізоўваць выступы і рабіць гэта як мага часцей. Няхай сабе актывістам не ўдасцца спыніць рэалізацыю гэтага праекта, але запуск станцыі зусім не азначае канец барацьбы.  У час работы АЭС можа здарыцца ўсялякае, што дась магчымасць казаць пра яе небяспеку і неабходнасць закрыцця. Актывісты павінны быць гатовымі і мець як мага больш прыхільнікаў у сваіх шэрагах. Калі ж спыніцца зараз, то ніякай надзеі не застанецца", — падтрымлівае словы беларускай каляжанкі Уладзімір Слівяк.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость