10.12.2014 / 21:12

18 снежня грамадская кампанія "У абарону беларускіх балот" запрашае на кінапрагляд дакументальнага фільма ў Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

Дакументальны фільм "Подых балот" распавядае пра лёс балот, што трапілі ў "чорны" спіс, прызначаных для асушэння, і яго жыхароў, якія падзяліліся сваімі гісторыямі жыцця на балоце.

Фільм знаёміць гледача з незвычайным прыродным асяроддзем балот, якія захоўваюць для нас ваду, змякчаюць клімат, з'яўляюцца прытулкам не толькі для мноства відаў птушак і жывёл, але і старадаўніх легенд. Разам з тым, у фільме закранаецца праблема змены экасістэмы балот, звязаная з працэсам торфаздабычы. Гледачы змогуць пачуць апавяданні мясцовых жыхароў пра тое, як памяняўся іх звыклы лад жыцця і родныя мясціны праз асушэнне тарфянікаў.

"Нашай задачай было прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей да праблемы асушэння балот. Таму ў 2014 годзе было вырашана зняць фільм. Мы шмат часу правялі ў экспедыцыях, у зносінах з мясцовымі жыхарамі і хацелі перадаць іх бачанне, гісторыі іх жыццяў, праведзеных на балоце", – распавядае каманда грамадскай кампаніі "У абарону беларускіх балот".

У стварэнні фільма прымалі ўдзел 12 чалавек: рэжысёр Ігар Чышчэня, аператары Наталля Каварская і Аляксандр Пацееў, гукааператар Віктар Кісцень, куратары здымачнага працэсу – каманда грамадскай кампаніі "У абарону беларускіх балот". Музычным суправаджэннем да фільма сталі адмыслова складзеныя кампазіцыі ад гурта "Нагуаль".

У снежні і студзені запланаваны паказы фільма, а таксама выставы ў некаторых гарадах Беларусі і вёсках, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад балот, што асушаюцца. За раскладам сачыце на сайце кампаніі або ў групах сацыяльных сетак Facebook і Вконтакте.

Акрамя гэтага ў межах кінапрагляду ўсім гледачам прадастаўлена ўнікальная магчымасць убачыць працы мастакоў выставы "Багна" – фэсту творчых практык і крытычных ведаў, які праходзіў сёлета ў жніўні на балоце "Морачна", што патрапіла ў спіс для асушэння. Куратар праекта – мастак Bazinato.

Творы выставы ўключаюць інсталяцыі і аўдыё-візуальныя эксперыменты, з дапамогай святла і малюнка, ўлічваючы прынцыпы "нулявога ўплыву". Мэтай выставы было звярнуць увагу на праблему асушэння балот і торфаздабычы ў нашай краіне, а таксама пазнаёміць усіх жадаючых з тэмай яднання чалавека і прыроды.

"З дапамогай разнастайных творчых практык мы імкнуліся данесці філасофію асэнсаванага і беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя і спадзяемся, што ў выніку праекта, мы здолелі пазнаёміць вас з унікальнай прыродай балота "Морачна" і цікавымі людзьмі, якія займаюцца рознымі творчымі і экалагічнымі практыкамі", – каментуе каардынатар кампаніі Вольга Каскевіч.

Трэйлер фільма.

Прэм'ера адбудзецца 18 снежня а 19:00 у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр-т Незалежнасці, 47).

Уваход вольны!

 

По материалам пресс-релиза

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость