11.12.2020 / 09:12

Комплекс арэнднага жытла “Магістр” трапіў у спіс мінскіх “гета” (раёнаў з узмоцненым патруляваннем) пад нумарам 6.2. На днях аднаго з мясцовых жыхароў забралі на ноч у РАУС і прысудзілі штраф за бел-чырвона-белыя фіранкі.

Магістране распавялі Зялёнаму парталу, ці знялі пасля гэтага сцягі, што плануюць рабіць на Новы год і з настальгіяй узгадалі жнівень.

“Магістр” знаходзіцца недалёка ад станцыі метро “Барысаўскі тракт”. У жылым комлексе дзевяць дамоў, амаль ва ўсіх – арэндныя кватэры. Тут жывуць пераважна супрацоўнікі ўстаноў, падначаленых міністэрствам культуры і адукацыі, а таксама работнікі Акадэміі Навук.

 

Пра апошнія падзеі

Грошы на штраф за фіранкі, прысуджаны 9 снежня, сабралі ўсім мікрараёнам. Больш ніхто ў “Магістры” пасля таго рэйда не пацярпеў. Міліцыі збольшага проста не адчынялі дзверы.

Аднак, ацаніўшы абстаноўку і перспектыву заночыць у РАУС-е, шмат жыхароў прынялі рашэнне зняць сцягі з вокнаў. Але “гета 6.2” у спакоі не пакінулі.

Пачалося кропкавае адлучэнне электрычнасці. Па якім прынцыпе яно адбывалася і хто яго рабіў, магістране не разумеюць. Абясточвалі і кватэры, дзе былі запазычанні па камунальных плацяжах (пры гэтым электрычнасць была аплочана, у жытле прапісаны ў тым ліку непоўнагадовыя дзеці), і кватэры, якія пазык па камуналцы не мелі, але мелі жыхароў, якіх раней затрымлівалі на акцыях пратэсту.

Электрыкі ці не прадстаўляліся, ці казалі, што яны з ЖЭС-а. Адначасова і ЖЭС, і Энергазбыт адмаўлялі свой удзел у гэтых адлучэннях. Тады адзін з пацярпелых магістран напісаў заяву ў міліцыю. На наступны дзень электрычнасць у яго кватэры з’явілася.

Агулам жыхары “Магістра” распавядаюць, што з увядзеннем рэжыму ўзмоцненага патрулявання стала, канечне, цяжэй: “Ідзеш увечары дамоў – і не ведаеш, ці дойдзеш. Думаеш, а ці няма ў заплечніку чагосьці такога, што непажадана, каб знайшлі падчас затрымання”.

Пасля змены фармату маршаў на дваровыя ў мікрараёне не было ніводнага затрымання.

Нам пашанцавала, – жартуюць магістране. – Вакол вялікія раёны, Уручча і “Маяк”, дык на нас сіл не хапае. Мы, праўда, і гуляем нядоўга: прайшліся хвілін 10 з нашым вялікім бчб-сцягам – і па дамах. Мо папросту не паспяваюць прыехаць. Але ўражанняў – на цэлы тыдзень! Асабліва дзецям радасць”.

Цяпер у “Магістры” ідзе акцыя “Вышлі паштоўку палітвязню”. Мясцовыя дызайнеры зрабілі выявы з лагатыпам мікрараёна. За іх можна пакінуць ахвяраванне, якое пойдзе на дапамогу рэпрэсаваным, і адначасова падтрымаць зняволеных лістом.

 

Пра тое, як усё пачыналася

Да жніўня жыхары раёна кантактавалі ў “мамскім” Viber-чаце, дзе абмяркоўвалі пераважна побытавыя пытанні. Калі там з’яўляліся паведамленні пра палітыку, шмат хто абураўся, таму ахвочыя да абмеркавання актуальнай павесткі ў краіне стварылі іншыя чаты, спачатку ў Viber, а потым і ў Telegram. Менавіта там жыхары перазнаёміліся, потым пабачыліся на выбарчым участку, сталі дапамагаць суседзям, затрыманым на жнівеньскіх акцыях, і планаваць раённыя актыўнасці.

Адразу дамовіліся: мы людзі культурныя, значыць, будзем ладзіць культурніцкія імпрэзы. Спачатку проста выносілі на вуліцу праектар і паказвалі дзецям мульцікі. Потым акторы розных тэатраў, якія жылі ў “Магістры”, сыгралі для суседзяў спектакль “Гэта мы” па кнізе Андруся Горвата “Радзіва Прудок”.

Калі па ўсім Мінску пачаліся дваровыя канцэрты, магістране таксама сталі запрашаць музыкаў. Запрашалі і гледачоў, пераважна з суседніх раёнаў, і самі хадзілі ў госці да Новай Баравой, Маяка і Уручча. Было шмат імпрэз і для дзяцей, і для дарослых.

Яшчэ да ўвядзення “рэжыму гета” на мерапрыемствах у “Магістры” з’яўляліся і ціхары, і міліцыя, проста глядзелі, што робіцца. Сімволікі і лозунгаў не было, таму “праверкі” праходзілі спакойна.

Але цяпер па-іншаму, нас праўдзіва патрулююць”, – адзначаюць магістране.

З надыходам халадоў спрабавалі перанесці актыўнасці пад страху, але зразумелі, што прыватныя кватэры для гэтага па шэрагу прычын не падыходзяць, а грамадскага памяшкання, дзе можна было б ладзіць імпрэзы, у “Магістры” няма.

Як і іншыя беларусы, магістране спрабавалі мяняць прастору свайго мікрараёна: вывешвалі бчб-сцягі, фарбавалі ў адпаведны колер лавы, зрабілі мемарыял Рамана Бандарэнкі, потым мурал, пасля загада пра ўзмоцненае патруляванне расставілі ў “Магістры” таблічкі з надпісамі, як у гета часоў Другой сусветнай.

Па словах жыхароў, супрацоўнікі мясцовага ЖЭСа “змагаліся” з народным дызайнам, але даволі ленавата, без энтузіязму. Падазраюць, што мемарыял Бандарэнку канчаткова знішчылі не яны, а хтосьці з суседзяў-“ябацек”.

 

Пра планы на будучыню

Культурніцкія імпрэзы магістране пакуль што спынілі, але дваровыя маршы працягваюцца, хоць яны і нядоўгія па часе. Жыхары “Магістра” збіраюцца ўсе разам адзначыць Новы год.

Пакуль што звярнуліся ў ЖЭС па кансультацыю, як легальна паставіць ёлку ў двары, накідаюць ідэі для кірмашу і дзіцячых актыўнасцяў. Жыццё працягваецца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость